Адным з найважнейшых свят для веруючых беларусаў з’яўляецца Вялікдзень. Несумненна, важны атрыбут на святочным стале ў гэты дзень — велікодны куліч. Гэта выпечка заўсёды павінна быць смачнай, духмянай і прыгожай. Прапаную вам рэцэпт арыгінальных і смачных кулічоў “Крафіны” з далікатным здобным мякішам і хрусткай скарыначкай.
Цікавую форму кулічам надае асаблівы від зборкі цеста, з прычыны чаго яны атрымліваюцца такімі хвалістымі і прыгожымі. У якасці праслойкі і пасыпкі можна выкарыстоўваць сухафрукты (разынкі, курагу, чарніцы, журавіны), арэхі, цукровую пудру. Начынкамі таксама могуць служыць карамель, клубнічны, малочны крэм або арэхавае масла.
Гэтая выпечка толькі на першы погляд складаная, а на самай справе кулічы гатуюцца лёгка і проста. Як кажуць многія майстры кулінарыі, трэба “замешваць цеста на кулічы з добрым настроем і добрымі думкамі, у цёплым месцы без скразнякоў”.
Упэўнены, вам абавязкова спадабаецца гэтае смачнае здобнае цеста з традыцыйным дабаўленнем сухафруктаў.
Формы для запякання (аднаразовыя з паперы) я выкарыстаў наступных памераў: дыяметр — 11,
9 і 7 см; вышыня “вырасла” да 12 см.
Нам спатрэбіцца:
Мука — 500 г
Дрожджы свежыя — 20 г (ці сухіх 7 г)
Малако — 150 мл
Цукар — 100 г
Соль — 1/4 чайнай лыжкі
Яйка — 1 шт., жаўток яечны — 2 шт.
Масла сметанковае — 40 г (растопленае)
Масла сметанковае — 100 г (для змазвання)
Журавіны альбо вішня (вяленыя) — 80 г
Разынкі — 80 г
Цукаты з гарбуза — 80 г
Цукаты з лімона — 80 г
Ванільны цукар — 20 г
З гэтых прадуктаў павінна атрымацца чатыры кулічы — кожны каля 280 г.
Падрыхтуйце неабходныя прадукты. Муку абавязкова прасейце. Дрожджы і 1 ч. л. цукру развядзіце ў цёплым малацэ, пастаўце ў цёплае месца да ўзняцця пеннай шапачкі. Сметанковае масла (40 г) растапіце. Яйкі, жаўткі, цукар і ванільны цукар узбіце ў светлую пышную пену.
Муку прасейце ў міску, зрабіце заглыбленне. Уліце туды дрожджы з малаком, яечную сумесь, дадайце соль, змяшайце. Дабаўце растопленае сметанковае масла, замясіце цеста. Яно спачатку будзе ліпкім, але муку не дадавайце. Вымешваць цеста трэба не менш за 10 мінут, пакуль яно не перастане ліпнуць да рук.
Міску змажце размякчаным сметанковым маслам, змясціце туды цеста, крыху змажце яго маслам зверху, накрыйце харчовай плёнкай і пастаўце ў цёплае месца без скразнякоў на 1—1,5 гадзіны.
Вяленыя вішні і разынкі (паасобку) заліце кіпенем на 10 мінут, адкіньце на сіта і прасушыце папяровым ручніком. Цукаты парэжце на маленькія кавалачкі.
Цеста праз 1,5 гадзіны павялічыцца ўдвая. Падзяліце яго на 4 роўныя часткі, арыентуючыся на памеры форм для запякання. Акругліце цеста, накрыйце яго харчовай плёнкай і пакіньце “адпачыць” на 10 мінут.
Прысыпце рабочую паверхню і цеста мукой. Раскачайце цеста ў вельмі тонкі прамавугольны пласт — яно павінна прасвечваецца, але не рвацца. Змажце размякчаным сметанковым маслам. Адзін пласт цеста пасыпце вяленай вішняй, другі — гарбузовымі цукатамі, трэці — лімоннымі цукатамі і чацвёрты — разынкамі. Загарніце кожны пласт у шчыльны рулет, накрыйце харчовай плёнкай і пастаўце ў цёплае месца на 15 мінут.
Кожны рулет разрэжце вострым нажом пасярэдзіне ўдоўж, адступіўшы пару сантыметраў ад пачатку. Закруціце спіраллю адну палову рулета да яго пачатку. Другую палову закруціце спіраллю, падымаючы і ўкладваючы над першай (разрэзаны бок рулета заўсёды павінен быць зверху).
Акуратна змясціце куліч у форму для запякання, накрыйце зверху харчовай плёнкай і пастаўце ў цёплае месца на 30 мінут для падымання.
Разагрэйце духоўку да 200°C, выпякайце кулічы на працягу 10 мінут. Затым знізьце тэмпературу да 180°C. Формачкі накрыйце зверху фольгай на 10 мінут, потым акуратна зніміце яе і працягвайце выпякаць яшчэ 15 мінут. Цалкам астудзіце кулічы і ўжо гатовыя пасыпце цукровай пудрай.
Атрымліваюцца прыгожыя карункавыя велікодныя кулічы “Крафіны” са слаістым пышным мякішам у разломе і хрусткай скарыначкай зверху.
Прыемных вам клопатаў на кухні! І светлага Вялікадня!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.