Настаўніка сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка Хоцімск Аляксандра Макаравіча Мяшкова ведаюць не толькі ў сваім раёне, але і ва ўсёй Магілёўскай вобласці. Справа ў тым, што ён — адзін з нямногіх майстроў Беларусі, які пераняў і захаваў сакрэты старадаўняга бондарскага рамяства. Бочкі, кадушкі, вёдры і іншае драўлянае начынне — усё пад сілу народнаму ўмельцу.
Калі знаёмішся з такім чалавекам, заўсёды здзіўляешся, наколькі ён цікавы і рознабаковы. Так, у Аляксандра Макаравіча сышлося ўсё: і залатыя рукі, і любоў да дакладных навук — ва ўстанове адукацыі ён выкладае фізіку, матэматыку і тэхнічную працу. А на факультатыўных занятках вучыць бандарнаму рамяству старшакласнікаў. Больш за тое, з гэтага навучальнага года пад яго патранажам вучні 10 класа спасцігаюць азы прафесіі сталяра.
“Каб чамусьці навучыцца, самае галоўнае — жаданне: калі яно ў чалавека ёсць, то ён абавязкова знойдзе спосабы і сілы рэалізаваць задуманае, — упэўнены суразмоўнік. — Тым больш фізічная праца і ў наш час не губляе актуальнасці: без элементарных рамонтных работ у штодзённым жыцці не абысціся. Можна, вядома, выклікаць майстра і чакаць, пакуль ён прыйдзе, але ж зрабіць нешта самому — значна хутчэй і прыемней. Тым больш калі табе калісьці гэта паказвалі, калі рукі нешта падобнае ўжо рабілі, чалавек усё ўспомніць, паправіць і змайструе”.
Аляксандр Макаравіч захапіўся бандарным рамяством каля сямі гадоў назад. У засваенні гэтага майстэрства яму дапамагло знаёмства з найстарэйшым у Хоцімскім раёне бондара Уладзімірам Корневым, які ў свой час прывёз сакрэты майстэрства з Германіі. На працягу месяца педагог працаваў побач з умельцам у адной майстэрні: пераймаў вопыт, спасцігаў усе тонкасці прафесіі.
Практыкаваўся ён на старадаўняй сталітровай бочцы, якая дасталася ў спадчыну ад бацькоў. Зрабіў яе меншай па памерах, замяніў падгніўшыя дошчачкі — і выйшла на здзіўленне добра, быццам новая. Дапамагла ў працы і адукацыя матэматыка: каб да міліметра разлічыць правільны памер вырабу і неабходную для яго колькасць клёпак, без формулы даўжыні акружнасці не абышлося. Разлікі для настаўніка не складаныя, але пры вырабе бочкі важныя.
Аляксандр Мяшкоў вучыўся ў роўнай меры як тэхнічным прамудрасцям, так і ўменню адчуваць дрэва, вывучаў усе ўласцівасці матэрыялу, з якім працаваў. Бо, як яно часта бывае, асновы рамяства ведаюць многія, але ў аднаго атрымліваецца прыгожы і якасны выраб, а ў другога — нязграбны. Пасля школы народнага майстра Аляксандр Макаравіч распрацаваў свае прыёмы і прыстасаванні для бондарскага хобі: дзесьці ўбачыў у інтэрнэце, дзесьці дадумаў і дарабіў сам. Але сакрэты прафесіі, якія ў свой час адкрыў яму стары ўмелец, ад іншых майстроў ён больш ніколі не чуў.
“На жаль, Уладзімір Корнеў пайшоў з жыцця на 82-м годзе, — кажа Аляксандр Макаравіч. — Гэта цуд, што ён паспеў перадаць мне свае веды і ўменні. Вельмі шкада, калі сакрэты рамяства сыходзяць разам з майстрам, а ў патрэбны час не знаходзіцца побач чалавека, які б мог працягнуць пачатую справу, праявіць да яе цікавасць. Канечне, сёння бондар — гэта забытая і вельмі рэдкая прафесія. На ўсю Магілёўшчыну, акрамя мяне, ведаю толькі яшчэ аднаго ў Глускім раёне. Усё ўжо даўно робіцца аўтаматызавана і ў прамысловых маштабах. Так, сучасныя дрэваапрацоўчыя станкі спрашчаюць вытворчасць бочак, але тым і каштоўней ручная праца, якая робіць кожны выраб непаўторным, захоўвае цяпло рук майстра”.
На стварэнне адной бочкі — ад неабчасанага чурбака да якаснага вырабу — у педагога ідзе каля тыдня. Аднак трэба яшчэ ўлічваць і час нарыхтоўкі драўніны, якая павінна сушыцца ў натуральных умовах не менш за два гады. Калі паспяшацца, якаснай рэчы не атрымаецца — бочка рассохнецца, і прыйдзецца ўсё перарабляць. А рэпутацыя і аўтарытэт майстра дарагога варты — іх лёгка не заробіш, а згубіць можна вельмі хутка.
“Пры вырабе бочкі таксама асабліва не паспяшаешся, — кажа Аляксандр Макаравіч. — Мізэрная памылка — і праца будзе выбракавана. Дастаткова ўсяго невялікай адтуліны памерам больш за міліметр — і выраб будзе ўжо непрыдатны для эксплуатацыі, бо не выканае свайго прамога прызначэння — утрымліваць вадкасць. Трэба, каб бочка была ідэальнай, толькі тады яна будзе трымаць ваду ці напіткі, якія ў ёй будуць захоўвацца. Інакш ніяк. Дарэчы, дыхтоўны выраб пры добрым доглядзе можа праслужыць і больш за 100 гадоў!».
Вялікую ўвагу пры вырабе драўлянага посуду майстар удзяляе выбару драўніны, бо для пэўнага віду прадуктаў павінен быць свой асаблівы матэрыял. Напрыклад, для захоўвання і квашання капусты больш за ўсё падыходзіць асіна і алешына, малако наліваюць у посуд з кедравай драўніны, для мёду неабходна ліпа, каньяк “даспявае” толькі ў дубовых бочках з абпалам. Акрамя таго, што прадукты ў драўляным посудзе доўга захоўваюцца, яны яшчэ набываюць непаўторны смак і водар. А натуральныя прыродныя кампаненты, дубільныя рэчывы, прадухіляюць з’яўленне грыбка і размнажэнне гніласных бактэрый. Больш за тое, цеста ў дубовай кадушцы і падыходзіць значна лепш, а мочаныя яблыкі выдатна захоўваюцца да новага ўраджаю.
Дубовыя бочкі ўласнага вырабу сталі для Аляксандра Макаравіча незаменнай дапамогай у гаспадарцы: у педагога свой дом з вялікім садам і агародам. Драўляныя вырабы дапамагаюць захоўваць ураджай і яго сям’і, і суседзям. Бывае, што да бондара за новым вырабам прыязджаюць і расіяне — Хоцімск размешчаны якраз на мяжы з краінай-суседкай.
“Скажу ўпэўнена, хто закажа адну бочку, праз некаторы час абавязкова вернецца і за другой, і за трэцяй, — адзначае Аляксандр Мяшкоў. — Гэта ў першую чаргу людзі, якія клапоцяцца пра сваё здароўе і пра экалагічна чыстае харчаванне. Некаторыя набываюць мае вырабы ў якасці сувеніра або падарунка. Напрыклад, неяк у Хоцімск з канцэртнай праграмай прыязджаў народны ансамбль “Сябры”. І вось наш раённы выканаўчы камітэт прэзентаваў выканаўцам бочку маёй работы — атрымалася арыгінальна і нестандартна”.
Па словах Аляксандра Макаравіча, спатрэбілася яго захапленне і ў школе. На факультатыўных занятках дзеці з цікавасцю пераймаюць вопыт хоцімскага бондара. І нават пад яго кіраўніцтвам напісалі навукова-даследчую работу аб развіцці бандарнага майстэрства на тэрыторыі раёна, дзякуючы якой даведаліся, што раней на Хоцімшчыне бондар быў у кожнай вёсцы. І нядзіўна: халадзільнікаў не было, а прадукты харчавання неабходна было дзесьці захоўваць. У асноўным людзі захоўвалі ўсё шляхам засолкі або квашання — тое ж самае мяса зашмальцоўвалі ў кублах — посудзе, які таксама вырабляў бондар. Быў попыт — была і прапанова, а сакрэты майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне — як правіла, ад бацькі сыну альбо ад дзеда ўнуку.
Калі гаварыць пра пераемнасць пакаленняў у сям’і Аляксандра Макаравіча Мяшкова, то ў іх перадаваліся сакрэты педагагічнага майстэрства. Так, з сістэмай адукацыі сваю прафесійную дзейнасць першай звязала яго маці — яна шмат гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру. Настаўнікам рускай мовы і літаратуры стала старэйшая сястра Аляксандра Мяшкова, а яго дачка — настаўніцай хіміі і біялогіі. Атрымліваецца, што ў дынастыі Мяшковых ужо 3 пакаленні педагогаў.
“Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, вырашальнае слова было за маёй мамай. Яна мне раіла стаць настаўнікам, бо ў савецкі час педагогаў шанавалі і паважалі, — успамінае Аляксандр Макаравіч. — Адвучыўшыся ў Магілёўскім дзяржаўным інстытуце імя А.А.Куляшова (сёння — універсітэт) і вярнуўшыся па размеркаванні ў родны Хоцімскі раён, я ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Доўгі час працаваў у школе-інтэрнаце для сірот, якія тады дзейнічалі ў кожным раённым цэнтры. Пасля расфарміравання гэтых устаноў перайшоў працаваць у гарадскую сярэднюю школу. Мой педагагічны стаж на сёння налічвае амаль 27 гадоў”.
Па словах педагога, працаваць з дзецьмі яму камфортна. Магчыма, раней падлеткі былі больш уседлівымі і паслухмянымі, але сёння цікавей заваёўваць іх увагу. “Высокія тэхналогіі, безумоўна, адыгрываюць у развіцці сучаснага пакалення велізарную ролю: школьнікі больш ведаюць, больш бачаць і становяцца больш свабоднымі. Мабыць, сёння педагогу трэба крыху больш намаганняў, каб захапіць іх сваім прадметам і, вядома ж, прывучыць да творчасці — таго, што можна зрабіць сваімі рукамі”, — упэўнены Аляксандр Макаравіч.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.