Асалода для душы

Да іх можна ставіцца па-рознаму, аднак абыякавымі яны не пакінуць нікога. “Таямніцы Гарохавага каралеўства”, “Прагулка па Марыінскай”, “Тараканішча”, “Кін-дза-дзаяц”, “Вясенняя партыя,“Сябар Зай” — гэта толькі некаторыя работы майстра вытворчага навучання па прафесіі аператар камп’ютарнай графікі, выкладчыцы спецыяльных вучэбных прадметаў і кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Дэкаратар” Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання Ларысы Аляксандраўны Мацюшэнкавай, якія мы ўбачылі падчас прэс-туру па Брэсцкай вобласці. Пра тое, як прыйшло захапленне лялькамі, што натхняе на новыя работы і як сваё майстэрства перадаць выхаванцам, Л.А.МАЦЮШЭНКАВА падзялілася з нашымі чытачамі.

— У 2014 годзе, падчас наведвання Цэнтральнага дома мастака ў Маскве, сярод шматлікіх залаў я зайшла ў невялікае памяшканне, на дзвярах якога вісела шыльда “Галерэя аўтарскіх лялек “Вахтановъ”. Ад захаплення ў мяне перахапіла дыханне. Вакол стаялі аўтарскія лялькі, выкананыя ў розных тэхніках. Я проста закахалася ў гэты від мастацтва. Пагутарыўшы з супрацоўнікам галерэі, даведалася пра майстроў, чые работы былі выстаўлены. На маё здзіўленне, гэта аказаліся звычайныя людзі, якія, як і я, не могуць жыць без творчасці. Гледзячы на тыя работы, разумела, што таксама вельмі хачу ства­раць вырабы і выстаўляцца ў галерэях. На сёння магу з упэўненасцю ска­заць, што мая мара спраўдзілася. Я пастаянна ўдзельнічаю ў выставах як у нашай краіне, так і за мяжой, наведваю розныя майстар-класы і практыкую розныя тэхнікі.

Першая мая работа “Таямніцы Гарохавага каралеўства” заўсёды прадстаўляе мае выставы. Гэта мілая бабулька-каралева, якая ўвечары, перад сном, седзячы ў піжаме на банкетцы, любуецца гарошынай, якую калісьці ёй падклалі пад пярыны.

— У аўтарскай лялькі ёсць нямала напрамкаў: фарфоравыя, тэкстыльныя, шарнірныя, валеныя і інш. Што бліжэй за ўсё вам?

— Больш за ўсё мне падабаецца ства­раць статычныя лялькі з  пластыку, які самазацвер­дзявае. У іх я прапрацоўваю кожную дэталь задуманага вобраза. Такія лялькі як карціны: з імі не гуляюць, а вызначаюць для іх месца ў доме і любуюцца.

Працуючы ў розных тэхніках, развіваеш свае навыкі і ўменні, бярэш на ўзбраенне розныя прыёмы. Тэкстыльныя лялькі для выстаў-кірмашоў, зімой хочацца валіць (шэрсць вельмі жыватворны матэрыял). Запечаны пластык таксама мае свае плюсы. З ім значна хутчэй ствараецца работа. Вельмі люблю работы ў змешаных тэхніках, калі, напрыклад, спалучаеш пластык і шэр сць. (Майстры з Украіны на выставе неяк пажартавалі, спытаўшы мяне, што я ўжывала перад стварэннем гэтых валеных кузурак.)

— А ў вас ёсць любімая лялька?

— Самая любімая лялька — гэта “Мой Шэрлак”. Яна прысвечана знакамітаму акцёру Васілю Ліванаву. Цудоўны фільм “Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана” пакарыў маё сэрца з самага дзяцінства. Работа была створана ў 2015 годзе.

— Як прыходзяць ідэі стварэння лялек? Што вас натхняе на новыя шэдэўры?

— Для ідэі трэба няшмат: проста азірнуцца вакол, убачыць прыгожы захад сонца або таямнічы туман. Важна паставіць сабе задачу: які  туман, як можна перадаць яго ў сваёй рабоце, якія матэрыялы і фарбы для роспісу трэба падабраць, каб правільна перадаць вобраз. Дарэчы, лялька з такой назвай ужо жыве ў Англіі.

Часта арганізатары прапануюць тэму выставы, і тады пачынаеш прадумваць канцэпцыю свайго выставачнага стэнда. Бывае, натхняешся чужымі работамі, карцінамі і з цябе проста рвецца вонкі энергія, ты пачынаеш ствараць эскізы і маленькія замалёўкі, каб не забыць свае думкі ў тую хвіліну.

Работа над новай лялькай  — гэта заўсёды канцэнтрацыя ўсіх душэўных сіл. Ніколі не бяруся за справу ў дрэнным настроі, доўга прадумваю ўсе этапы стварэння лялькі і абавязкова складаю план работы. Мне так зручней. Дызайнер, канструктар, скульптар, мастак, цырульнік, ма­дэльер — асновы ўсіх гэтых прафесій прымяняю ў творчым працэсе. Самы цікавы занятак — роспіс твару, а дакладней, вачэй. Калі лялька пачынае глядзець — гэта як чараўніцтва. Яна ажывае. У кожнай работы — свае эмоцыі.

— Ці праўда, што лялька сама знаходзіць свайго знатака?

— Я згодна з тым, што лялька сама знаходзіць свайго знатака. Зусім нядаўна я зрабіла 3 лялек да конкурсу “Гісторыя моды”, дзе ўмовай было стварыць вобраз перыяду 1900—1960 гадоў. І я стварыла вобраз дамы ва ўборы 20-х гадоў. Нават не думала, што прадам гэтую работу, але знайшоўся калекцыянер, які ацаніў менавіта яе.

— Ці дзеліцеся вы вопытам стварэння лялек са сваімі выхаванцамі?

— У ліцэі займаецца шмат таленавітых навучэнцаў. Заўсёды вельмі прыемна ба­чыць іх шчаслівыя твары і чуць захопленыя воклічы, што яны нешта зрабілі самі. Прыемна, калі навучэнцы з гонарам нясуць свае работы дадому, а затым дзеляцца ўражаннямі пра эмоцыі сваіх блізкіх.

Назва аб’яднання па інтарэсах “Дэкаратар” таксама не проста так прыдумана. Дэкаратар — гэта чалавек, які можа ўзяць брусочак дрэва, абрэзак тканіны або прыродны матэрыял і стварыць з яго мілы сувенір. Так арганізавана работа майго аб’яднання па інтарэсах. Я імкнуся, каб да кожнага свята навучэнцы рабілі падарункі для родных і блізкіх. Да Новага года мы выраблялі ватныя ёлачныя цацкі. Так нарадзілася ідэя стварэння работы “На малой родине моей кружит у елки карусель” на штогадовы Рэспубліканскі конкурс “ТэхнаЁлка-2019”. Работа была ўзнагароджана дыпломамі І ступені спачатку на абласным этапе конкурсу, а затым і на рэспубліканскім.

— Над чым вы працуеце цяпер?

— На сёння рыхтуюся да выставы лялек у Нясвіжы, мантаж якой адбудзецца 4 ліпеня.

— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і натхнення!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.