Разбіла мне сэрца дыцэнтра

У гады майго дзяцінства гэтая арыгінальная кветка так і называлася — “разбітае сэрца”. Расла яна амаль на кожным падвор’і і разрасталася так хутка, што яе нават высялялі за плот. Асабліва яе ніяк не даглядалі, расла сама па сабе.

А потым на даволі працяглы перыяд гэтая кветка была забыта.

Зараз дыцэнтра, так яна называецца па-навуковаму, перажывае другое нараджэнне. Выведзена шмат новых гібрыдаў, і расліну можна падабраць як для вялікага кветніка, так і для мініяцюрнай клумбы.

Дыцэнтра — гэта кветка пяшчотна-зялёнага колеру з шызаватым разным лісцем і вельмі арыгінальнымі суквеццямі. Яны нагадваюць невялікія прыплюснутыя кулончыкі-сэрцайкі, якія сабраны ў дужкападобныя панікаючыя кісці. Суквецці ўзвышаюцца над разным перыстым лісцем. Ніжняя частка ружовай кветкі злёгку прыадкрытая, з яе бачна белая кропелька з жоўтымі тычынкамі, падобная на слязу. Кветкі маюць тонкія чарашкі і пры нават лёгкім подыху ветрыка грацыёзна пагойдваюцца. З-за такіх суквеццяў у народзе дыцэнтру і празвалі “разбітае сэрца”.

У вясковых кветніках расла так званая дыцэнтра велікапышная — расліна даволі ўнушальных памераў вышынёй каля метра. Зараз яе выкарыстоўваюць у якасці саліцёра на клумбе. Абапал можна пасадзіць нарцысы, цюльпаны, прымулы.

Сёння вялікім попытам у кветкаводаў карыстаецца дыцэнтра прыгожая — невялікая, да 40 см у вышыню, раслінка з белымі альбо ружовымі суквеццямі. Такая дыцэнтра расце і на маёй клумбе. Калі ў вас некалькі кусцікаў дыцэнтры прыгожай, можаце выкарыстаць яе ў якасці бардзюра.

Дыцэнтра не патрабуе нейкага асаблівага догляду. У пачатку цвіцення яе можна падкарміць настоем каравяку (1:10), а пасля раз у 2—3 тыдні — поўным мінеральным угнаеннем. Увосень зямлю пад кветкай можна замульчыраваць.

“Разбітае сэрца” не патрабуе частага дзялення. Кветку можна не турбаваць 5—6 гадоў — менавіта такі працяглы перыяд яна не губляе сваіх дэкаратыўных якасцей. Пасля гэтага дыцэнтру трэба падзяліць, інакш тоўстае карэнішча можа загнойвацца, у выніку расліна загіне. Рабіць гэта лепш ранняй вяной, калі кветка толькі пачынае паказвацца на паверхні. Расліны трэба акуратна выкапаць, каля сутак пачакаць, каб карэнне менш ламалася, і падзяліць на патрэбную колькасць дзялёнак. Яны павінны мець 3—4 парасткі. Можна рабіць гэтую працэдуру і ў другой палове жніўня — пачатку верасня. Размнажаецца дыцэнтра і сцябловымі чаранкамі. На пачатку мая наразаюць чаранкі вышынёй 15—20 см і заглыбляюць ў грунт прыкладна на 5 см. Лепш гэта зрабіць у парніку, дзе больш высокая вільготнасць. Можна  вырасціць дыцэнтру з насення, якое высяваецца ў лютым — сакавіку. Усходы трэба чакаць доўга — ад 20 да 30 дзён. Зацвітае такая дыцэнтра на трэці год.

Для таго каб расліна радавала сваёй дэкаратыўнасцю, трэба правільна падабраць для яе месца. Кветка любіць лёгкі паўцень, на сонцы яна мае патрэбу ў шчодрым паліве і хутчэй адцвітае. Адцвілыя суквецці трэба своечасова выдаляць. Глеба пажадана не вельмі цяжкая — гэта тычыцца большасці кветак.

Важнае пытанне — зімоўка. Дыцэнтру можна злёку ўкрыць сцёбламі адцвілых шматгадовых кветак. Яна не вельмі баіцца маразоў, але ў выпадку ўкрыцця зацвіце раней і будзе больш пышнай.

Зацвітае дыцэнтра ў другой палове мая, а пры цёплай вясне — раней. Цвіце каля двух месяцаў. Пасля адцвітання не губляе сваёй дэкаратыўнасці яшчэ працяглы час з-за прыгожага разнога лісця.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.