Сансеўера

Шматгадовая вечназялёная бессцябловая расліна, або сансеўера, адносіцца да сямейства спаржавыя. Гэты род аб’ядноўвае каля 60 відаў, якія ў прыродных умовах можна сустрэць у сухіх і камяністых абласцях субтрапічных і трапічных паясоў Мадагаскара, Інданезіі, Афрыкі, Паўднёвай Фларыды і Індыі. Гэтая расліна, якую вырошчваюць у дамашніх умовах, вызначаецца непатрабавальнасцю, і таму даволі распаўсюджаная. У народзе яе яшчэ называюць “змяіная скура”, ці “шчупаковы хвост”, ці “цешчын язык”. Сансеўеру практычна немагчыма загубіць. Нават калі вы да яе не будзеце падыходзіць паўмесяца, яна не засохне і гэтак жа працягне радаваць вас сваім яркім лісцем. Расліна таксама папулярная ў дызайнераў, якія не толькі ўпрыгожваюць ёй інтэр’еры, але і прымяняюць для стварэння кветкавых кампазіцый.

Асвятленне

Сансеўера любіць яркае асвятленне, але гэта зусім не азначае, што яе можна выставіць пад пякучыя прамяні сонца. Наадварот, яны могуць сур’ёзна нашкодзіць расліне, пакінуўшы на лістах моцны апёк. Пажадана, каб асвятленне было рассеяным. Пры яго недахопе лісце хутка страціць дэкаратыўнасць, а палосы ўвогуле могуць знікнуць. Расліна набывае раўнамерна зялёны колер і выглядае ўжо не настолькі эфектна. У зімовы час, калі светлавы дзень кароткі і вы заўважаеце, што сансеўеры не хапае святла, выкарыстоўвайце дадатковую падсветку люмінесцэнтнымі лямпамі дзённага святла.

  • Калі вы не хочаце, каб кветка расла пад нахілам, рэгулярна яе паварочвайце.

Тэмпература паветра

Догляд сансеўеры прадугледжвае і выкананне тэмпературнага рэжыму. Аптымальная тэмпература для гэтай расліны +14—16°С. Хаця яна вытрымае і даволі адчувальнае пахаладанне — да +5°С, а вось больш нізкая тэмпература для расліны можа стаць згубнай. Асаблівай увагі заслугоўвае зімовы до­гляд сансеўеры. Сачыце за тым, каб лісты расліны не дакраналіся да халоднага шкла і яна не знаходзілася на скразняку і пад патокам марознага зімовага паветра. У час праветрывання памяшкання пера­стаўце вазон з падаконніка.

Паліў

Пры доглядзе сансеўеры павінен быць рэгулярны, але ўмераны паліў. Не імкніцеся “напаіць” расліну на запас: яна здольна збіраць вільгаць у лістах, але залішняе пераўвільгатненне можа справакаваць загніванне каранёў. Працяглыя засухі не згубяць расліну, але значна сапсуюць яе знешні выгляд, таму старайцеся пазбягаць крайнасцей, палівайце сансеўеру такім чынам, каб грунт паспяваў прасыхаць і ў час чарговага паліву раўнамерна насычаўся вадой. Важна ведаць, што шчодрасць паліву шмат у чым залежыць ад асвятлення і тэмпературы паветра ў пакоі: чым менш цяпла і святла, тым радзей трэба паліваць расліну. Каб пазбегнуць пераўвільгатнення грунту, зрабіце добры дрэнаж. Стандартнага дрэнажнага пласта бу­дзе недастаткова. У глебу, дзе расце сансеўера, дрэнаж дабаўляюць па ўсім аб’ёме, а не толькі на дно ёмістасці. Каб дабіцца такога выніку, у грунт дадаюць буйны рачны пясок — каля 30% ад агульнай масы.

Вільготнасць паветра

Гэты паказчык для сансеўеры не мае істотнага значэння, бо яна ўраджэнка сухіх саваннаў. Але калі на лістах сабраўся пыл, не перашко­дзіць апырскванне адстоенай вадой пакаёвай тэмпературы ці проста праціранне вільготнай сурвэткай.

Падкормка

Калі ваша расліна стаіць у цёплым, ярка асветленым памяшканні, то ёй спатрэбіцца штомесячная падкормка ў актыўны перыяд. Сансеўеры падыходзяць угнаенні для кактусаў, бо яна з’яўляецца сукулентам. У склад падкормкі павінны ўваходзіць фосфар і кальцый, а вось з азотам трымайцеся меры. На думку вопытных кветкаводаў, лепш уносіць палову порцыі ўгнаення, рэкамендаванай вытворцам. Калі ж ваша сансеўера расце ў цені, падкормкі можна ўносіць мінімальнымі порцыямі або адмовіцца ад іх зусім: лішак угнаенняў можа выклікаць гніенне, знікненне палосак, дэфармацыю лістоў.

Перасадка

Перасадка маладой расліны право­дзіцца штогод, пазней — не часцей за адзін раз у тры гады. У дамашняй сансеўеры цудоўна развіта каранёвая сі­стэма, таму падбірайце вазон з такім разлікам, што карані хутка разрастуцца і пачнуць разбураць ёмістасць. Вазон для гэтай расліны павінен быць не вельмі глыбокім, але шырокім. Не менш важна і яго трываласць: аддавайце перавагу таўстасценным ёмі­стасцям з гліны. Для перасадкі вам спатрэбіцца глебавая сумесь, якая складаецца з чатырох частак ліставога грунту, адной часткі дзярновага і адной часткі пяску. Можна дабавіць перагной ці торф.

  • Для гатункаў з дэкаратыўнымі каляровымі палосамі дазіроўку (асабліва азотазмя­шчальных угнаенняў) змянша­юць у тры разы, інакш з-за лішку выпрацоўкі хларафілу лісты зробяцца аднатонна зялёнымі.

Размнажэнне

Існуе два спосабы: дзяленнем карэнішча ці лістом. Якому спосабу вы ні аддалі б перавагу, неабходна ведаць, што размнажэнне праводзіцца вясной ці летам — у актыўны перыяд.

Размнажэнне сансеўеры адбываецца наступным чынам. Здаровы ліст разразаюць упоперак на кавалкі па пяць сантыметраў. Потым адзін са зрэзаў кожнага кавалка апрацоўваюць стымулятарам росту каранёў. Менавіта гэты зрэз і заглыбляюць у тарфяна-пясочную сумесь ці ў вільготны пясок. Заглыбляць пасынкі ліста неабходна на 1—2 см, а вось накрываць іх шклом ці плёнкай не варта: высокая вільготнасць можа выклікаць гніенне. Асвятленне павінна быць яркім, але рассеяным, тэмпературу трэба вы­трымліваць у межах ад +20 да +25°С. Першыя парасткі з’явяцца праз паўтара-два месяцы.

Размнажэнне сансеўеры стракаталістых гатункаў праводзіцца толькі дзяленнем карэні­шча, бо з ліставых пасынкаў вырастаюць расліны з аднароднай афарбоўкай, без узораў. Карэні­шчы раз­дзяляюць завостраным прадэзынфіцыраваным нажом. Дзяліць неабходна так, каб на кожным фрагменце застаўся пункт росту, а таксама ліставая разетка. Зрэзы апрацоўваюць актываваным вугалем (тоўчаным) і садзяць у асобныя вазоны, напоўненыя субстратам з вялікай колькасцю пяску. Паліў першыя часы зво­дзяць да мінімуму.

Хваробы і магчымыя праблемы пры вырошчванні

1. Вянуць лісты. Хутчэй за ўсё, прычына ў недастатковым паліве. Калі пры гэтым яны яшчэ і жаўцеюць, размякчаюцца, прычына супрацьлеглая: захворванне выклікае гніль, якая з’яўляецца з-за празмернай вільготнасці ці пападання вільгаці ў разетку. Гнілыя часткі расліны выдаляюць і апра­цоўваюць расліну супраць­грыбковым сродкам. Потым сансеўеру неабходна перасадзіць у новую пясчаную глебу, перад гэтым крыху падсушыўшы.

  • Стракатасць лісця сансеўеры перадаецца толькі дзяленнем куста, пасынкі дадуць зялёны ліст.

2. Лісты становяцца мяккімі, але іх колер не мяняецца. Гэта азначае, што вашай кветцы холадна. Выдаліце па­шкоджаныя часткі і прысыпце зрэзы вугалем. Вазон перастаўце ў больш цёплае месца.

3. Сансеўера перастае расці. Звярніце ўвагу на асвятленне: ёй яўна не хапае святла. Перастаўце расліну на паўднёвае ці ўсхо­дняе акно. Часам на лістах з’яўляюцца белыя або карычневыя сухія плямы. Яны гавораць пра дзве магчымыя прычыны: або не хапае святла, або расліна атрымала сонечны апёк. Акрамя таго, такія плямы могуць сведчыць пра пераўвільгатненне грунту ці заражэнне грыбковай інфекцыяй. У любым выпадку пашкоджаныя лісты неабходна выдаліць, а расліну пераставіць у іншае месца.

4. Сохнуць лісты. Часцей за ўсё гэта адбываецца з-за механічнага пашко­джання. Частку, якая высахла, акуратна зрэжце, пакінуўшы тонкую палоску.

5. Ад шчытовак, павуцінных кляшчоў, мучністых чарвяцоў, якія праяўляюцца рознымі прыметамі (дэфармацыяй лістоў, з’яўленнем кропелек нектару, лісты становяцца больш дробнымі і быццам папяровымі), існуе мноства эфектыўных прэпаратаў, што даюць цудоўныя вынікі. Напрыклад “Фітаверм”. Яго разво­дзяць у вадзе, згодна з інструкцыяй, і апыр­скваюць расліну. Для барацьбы з трыпсамі, якія праяўляюць сябе ў выглядзе светлых плям на лістах і мноствам лічынак з супрацьлеглага боку, давядзецца некалькі разоў апрацаваць расліну інсектыцыдамі.

6. Жоўтыя лісты. Хутчэй за ўсё, прычына ў недахопе асвятлення ці маленькім памеры вазона.

7. Лісты скручваюцца. Магчыма, вы працяглы час забываеце паліваць расліну.

8. Сансеўера можа набываць бледны жоўты колер, а на лістах пры гэтым з’яўляюцца белыя плямы. Усё гэта сімптомы заражэння павуцінным кляшчом. Каб пазбавіцца яго, неабходна пастаянна праціраць лісты вільготнай губкай ці апрацоўваць спецыяльным інсектыцыдам. У якасці прафілактыкі трэба рэгулярна ўвільгатняць паветра.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.