“У плане этыкету мы ўсё яшчэ ў блакітным акіяне…”

З гэтай з’явай мы сутыкаемся пастаянна, можна сказаць, нават штодзённа: і калі знаёмімся з дзяўчатамі (хлопцамі) на вуліцы, і калі едзем у камандзіроўку ў адным купэ з нейкім чалавекам, і калі ідзём з калегай па лесвіцы ў свой офіс… Але ці ведаем пра тое, што, калі едзеш у купэ з нейкім чалавекам, трэба спаць, павярнуўшыся да яго тварам, а не спінай? Ці звяртаем увагу на тое, што мужчына, падымаючыся па лесвіцы ў свой офіс, павінен ісці паперад жанчыны-калегі, а не наадварот? Гэта ўсё, тым не менш, пытанні нашай культуры і этыкету. І мы пра іх часта нават не задумваемся, хаця ад іх у многім залежыць наша жыццё: наш настрой, наша ўспрыманне свету, наша гатоўнасць рабіць нешта лепшае ў гэтым свеце…

Знаёмцеся: Аксана Зарэцкая. Сёння яе часта можна ўбачыць на блакітных экранах у прайм-таймавых тэлешоу, куды яе запрашаюць у якасці эксперта па пытаннях этыкету, яна з поспехам вядзе ў Instagram на гэтую ж тэму блог, на які падпісана больш за 30 тысяч чалавек па ўсім свеце, актыўна супрацоўнічае з друкаванымі СМІ і папулярнымі парталамі, дае інтэрв’ю, дзеліцца прафесійнымі каментарыямі і лайфхакамі… Але яшчэ год назад, прынамсі, мы тут, у Беларусі, пра яе амаль нічога не ведалі, што і нядзіўна: яна знаходзілася далёка ад радзімы, у Швейцарыі, жыла ў Жэневе каля 7 гадоў у статусе жонкі дыпламата, а, вярнуўшыся ў Мінск крыху больш за год назад, заснавала на сёння адзіную свайго кшталту ў Беларусі школу этыкету і культуры Аксаны Зарэцкай. Што канкрэтна ўяўляе сабой гэтая інстытуцыя? Чым займаецца? Як, у якім статусе і дзеля каго працуе? Якое найбольш карэктнае тлумачэнне паняцця этыкету і як карэлюецца яно, напрыклад, з такімі паняццямі, як этыка і культура?  Ці належна папулярызуюцца нормы этыкету ў нашай краіне сёння? Пераважна якімі інстытутамі — сям’ёй, школай, грамадскасцю? І ці ёсць у гэтым сэнсе пазітыўныя зрухі ў параўнанні з папярэднімі часамі? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да культурнага эксперта і спецыяліста па этыкеце Аксаны ЗАРЭЦКАЙ.

— Спадарыня Аксана, ці правільна я вас прадстаўляю нашым чытачам, называючы  культурным экспертам і спецыялістам па этыкеце? І наогул, ці вялікае значэнне мае для вас прафесійная самаідэнтыфікацыя? Не бянтэжыцеся, калі, напрыклад, вас блыта­юць з некім іншым у прафесійным сэнсе?

— У прынцыпе правільна. Я назвала б сябе так: культурны эксперт, трэнер па бізнес-камунікацыях. Што тычыцца блытаніны, пра якую вы кажаце, то, насамрэч, такія выпадкі здараліся: аднойчы мяне чамусьці назвалі стылістам, яшчэ неяк — дызайнерам, што было дзіўна. Вуаля. Напэўна, гэта быў проста непрафесіяналізм з боку тых, хто мяне так спрабаваў назваць.

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях да гэтай тэмы — культуры, этыкету, бізнес-камунікацый, нарэшце, вашай школы культуры і этыкету… І ведаеце, калі забегчы наперад, мне бачыцца ў вашай гі­сторыі пэўны парадокс: вышэйзгаданымі пытаннямі вы захапіліся, наколькі разумею, там, у культурнай Еўропе, дзе з гэтым, напэўна, праблем крыху менш, чым у нас, а ўжо рэалізоўваць свае ідэі на практыцы вырашылі тут, у нашай краіне… Ці ўсё-такі тут і няма ніякага парадоксу — у кантэксце даўняй традыцыі пераймання перадавога еўрапейскага вопыту ў самых розных сферах?

— Крыху дзіўнавата вы тут закруцілі… Але давайце пачнём з таго, што па сваёй першапачатковай вышэйшай адукацыі, атрыманай на факультэце філасофскіх і сацыяльных навук БДУ, я культуролаг і магістр педагогікі, і мая дзей­насць яшчэ ў Беларусі была звязана з культурай зносін, культурай наогул і выкладаннем гэтай культуры ў розных установах вышэйшай адукацыі Мінска. Потым, ужо ў Швейцарыі, я сур’ёзна занялася пытаннямі этыкету, пратакола, камунікацый, бо з гэтым шчыльна была звязана мая дзейнасць як сябра беларускай місіі пры ААН і пры іншых міжнародных арганізацыях. Але ў Швейцарыі я не адкрыла школу этыкету і культуры, таму што знаходзілася там у дыпламатычным статусе, а гэта не працоўная віза. Фармальна памяняць дакументы можна, але дзеля гэтага трэба прайсці складаныя бюракратычныя працэдуры. Я сарыентавалася на дабрачыннай асветніцкай дзейнасці, супрацоўнічала з мясцовым абшчынным, ці, інакш кажучы, квартальным домам, дзе мы ладзілі мерапрыемствы для падлеткаў, жыхароў квартала. Акрамя гэтага, удзельнічала ў жыцці дыпламатычнай місіі Беларусі, ладзіла культурныя мерапрыемствы ў маштабах усяго горада: праводзіла экскурсіі, чытала лекцыі па мастацтве, культуры і этыкеце на англійскай, французскай і рускай мовах, супрацоўнічала з мастацкімі галерэямі, кіравала культурным кніжным клубам, у рамках дзейнасці якога ажыццяўляла праграму культурных прагулак па незвычайных мясцінах Жэневы “Цікавы кожны дзень у Жэневе”… Усё гэта дазваляла мне развівацца і атрымліваць багаты культурны вопыт, хоць я і не мела ніякіх даходаў. Калі ж вярнулася ў Беларусь, адразу адкрыла сваю школу, у якой выконваю функцыі дырэктара і асноўнага спікера.

— Наколькі разумею, вы зарэгістраваліся ў нас у якасці ІП?

— Так. Хаця, напрыклад, пра дырэктара індывідуальнага прадпрыемства лепш гаварыць, калі ёсць пастаянны афіцыйны штат. У маім жа выпадку правільней было б гаварыць менавіта пра каманду, а не пра штат.

— А што наконт нейкай пастаяннай лакацыі?

— Сёння мець офіс — гэта, бадай, тое ж самае, што мець на руцэ гадзіннік. Па вялікім рахунку, даволі камплементарная рэч. Уся камунікацыя праходзіць праз інтэрнэт: агульныя платформы, чаты, віртуальныя дошкі з заданнямі і пытаннямі, раскладам заняткаў і г.д. Калі ўзнікае неабходнасць непасрэдна сустрэцца з нашымі кліентамі (а гэта, як правіла, прадстаўнікі карпаратываў, буйных кампаній, але таксама і індывідуальныя заказчыкі), мы сустракаемся ці ў нейкім каворкінгу (я актыўна супрацоўнічаю, напрыклад, з “Альфа-Бізнес-Хабам”), ці ў нейкай кавярні, ці на пляцоўцы заказчыка — варыянтаў шмат.

— З якімі канкрэтнымі запытамі прыходзяць да вас кліенты?

— Гэта і мастацтва зносін, і пабудова сеткі дзелавых кантактаў, і апасродкаваныя зносіны ўнутры кампаніі і па-за яе межамі, і кіраванне рэпутацыяй, і, скажам так, наогул навучанне этыкету, у тым ліку сталоваму, сямейнаму, дзелавому пратаколу, мастацтву small talk, нюансам дрэс-коду, арганізацыі мерапрыемстваў, прыёмаў замежных дэлегацый.

— Наколькі вам удалося рэалізаваць ідэі сваёй школы этыкету і культуры ў нашай краіне? З якімі асноўнымі цяжкасцямі сутыкнуліся?

— Гэта, хутчэй, былі не цяжкасці, а акалічнасці. Я вярталася ў Беларусь з дзвюма ідэямі. Першая — выкладаць этыкет і пратакол, а другая — з улікам таго, што я з’яўляюся экспертам у сучасным мастацтве, развівацца менавіта ў гэтым кірунку, магчыма, выдаваць нейкае культуралагічнае інтэрнэт-выданне, звязанае з сучасным мастацтвам і класічнай музыкай, рэалізацыяй сучаснага мастацтва праз тэатр і сімфанічную форму. Але, паколькі я звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі рэалізацыя маёй другой ідэі была б дастаткова праблематычнай з пункту погляду фінансавых перспектыў, вырашыла спыніцца на пратаколе і этыкеце. Гэта таксама мая сфера інтарэсаў, але пры гэтым яна прыносіць прыбытак.

— Спадарыня Аксана, цяпер давайце ўсё-такі разбяромся, што такое этыкет і з якой галіной чалавечага досведу ён найбольш звязаны: культурай, выхаваннем, адукацыяй, сацыяльнымі зносінамі? Не сакрэт, што, гаворачы на побытавым узроўні пра этыкет, людзі найперш згадваюць добрыя манеры, галантных мужчын, высакародных дзяўчат…

— Этыкет — гэта правілы паводзін у грамадстве. А грамадствы бываюць розныя, і разглядаць тое ці іншае грамад­ства можна таксама па-рознаму. Ёсць грамадства французскае, кітайскае, беларускае… У асобна ўзятым грамадстве ёсць сябры, сваякі, дзелавыя партнёры і г.д. Бывае грамад­ства арыстакратаў, багатых людзей, а бывае грамадства люмпенаў і грамадства маргіналаў… І ўсюды ёсць свае правілы этыкету, нейкага ўніверсальнага корпуса тут не існуе. А таму этыкет, хутчэй, карэлюецца з культурай, бо культура, як і этыкет, таксама негамагенная. Дарэчы, хацела б заўважыць, што, напэўна, яшчэ не было ніводнага інтэрв’ю, каб у мяне не запыталіся: “А што такое этыкет?” У той час цяжка ўявіць, каб сёння запыталіся, напрыклад, у маркетолага: “А што такое маркетынг?” Натуральна, усе палічаць, што гэта недарэчнае пытанне. А пра этыкет мяне ўсё яшчэ пытаюцца, у тым ліку і вы. Значыць, гэтая ніша яшчэ мяккая, належна не даследаваная, прынамсі, у нас. Мы ў плане вывучэння этыкету знахо­дзімся ўсё яшчэ ў блакітным акіяне, як называюць такія сітуацыі маркетолагі.

— Які сегмент галіны этыкету вы лічыце найбольш праблематычным у нашай краіне сёння: этыкет у гендарных адносінах, этыкет у сям’і, этыкет у карпаратыўных ці бізнес-колах, этыкет у сферах культуры і адукацыі, урэшце, этыкет у тым, што тычыцца адзення, паводзін у тэатрах, музеях, начных клубах, рэстаранах і інш.?

— Я сказала б, што наша ключавая праблема ў плане этыкету ляжыць у зносінах чалавека з іншым чалавекам, у парушэнні меж асабістага іншага чалавека. А ўжо з гэтага ўзні­каюць памылкі ўсюды: спробы самасцвердзіцца за кошт падаўлення навакольных людзей, неразуменне меж іншага чалавека, якому, магчыма, проста нязручна кантактаваць з вамі, неразуменне таго, што межы іншага чалавека не абмяжоўваюцца яго целам і што ў гэтыя межы ўваходзяць, апрача цела, яго рэчы, думкі, словы, яго жыццёвая пазіцыя… Просты, але яркі прыклад. Уявіце, што вы гутарыце з футбольным балельшчыкам, які гаворыць, што балее за БАТЭ, а вы яму ў адказ выпальваеце, маўляў, ды што там твой БАТЭ, хлопчыкі для біцця, трэба заўзець за “Дынама-Брэст”, гэта сёння самы круты ў Беларусі клуб. Гэта прыклад, як мы абясцэньваем пазіцыю іншага чалавека замест таго, каб пагадзіцца, што ён мае на яе права. І гэта наша сістэмная памылка, з якой даводзіцца вельмі доўга і цяжка змагацца. Той, кажучы камп’ютарнай мовай, баг (ад англ. bug, памылка, глюк, збой. — М.Ч.), які пранікае ва ўсе сферы зносін. І адсюль вырастае крытыка, маўляў, я самы разумны, а астатнія — дурні, нічога не веда­юць і не разумеюць. Адсюль выцякае безапеляцыйнасць многіх заяў, калі чалавек замест таго, каб проста сказаць, што ён мае іншае меркаванне, уступае ў адкрытую канфрантацыю. З усім гэтым трэба працаваць у першую чаргу.

— І рознага кшталту месенджары, чаты ў сацыяльных сетках у гэтым сэнсе, напэўна, асабліва падліваюць у агонь масла…

— Так. Але інтэрнэт — гэта іншая сфера зносін. Якраз нядаўна я брала інтэрв’ю ў Льва Мановіча, прафесара Вышэйшай школы Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка, аднаго з найбольш аўтарытэтных сёння міжнародных экспертаў па новых медыя і Big Data, і ён вельмі цікава расказваў пра тую трансфармацыю, якая адбываецца цяпер у інтэрнэт-супольнасці і ўвогуле віртуальнай прасторы. Тут назіраюцца два феномены. З аднаго боку, людзі знімаюць маскі, бо спрацоўвае эфект ананімнасці: я пішу ў сябе дома і ніхто мяне не бачыць. А з другога боку, людзі ствараюць штучныя вобразы. І гэтыя дзве тэндэнцыі сёння жорстка адна з адной змагаюцца. Я падзяляю камунікацыю на апасродкаваную і непасрэдную, і на нашых занятках мы аналізуем абодва гэтыя вельмі адрозныя адзін ад аднаго тыпы ўзаемадзеяння, але праблема ўсё адно застаецца адна — тая, якую я акрэсліла вышэй.

— Як вы лічыце, магчыма, адна з галоўных прычын праблематычнасці з этыкетнасцю нашага грамад­ства ў тым, што тут не дапрацоўвае наша сістэма адукацыі? Шчыра кажучы, напярэдадні нашай з вамі гутаркі спецыяльна запытаў у сваёй дачкі, якая сёлета перайшла ў 11 клас, калі і што ёй гаварылі пра этыкет у гімназіі за 10 гадоў вучобы. І яна не змагла ўспом­ніць.

— Сапраўднае выхаванне, я лічу, нараджаецца ў сям’і. Але як яно прыйдзе ў сям’ю? Трэба тры пакаленні, каб выхаваць чалавека новага тыпу. Што тычыцца сістэмы адукацыі, то гэтая праблема не вырашыцца з увядзеннем прадмета этыкету ў школьную праграму. Яна вырашыцца ў нас, можа, гэтак гадоў праз 50, прычым пры ўмове вельмі сур’ёзнай і комплекснай работы ў гэтым кірунку. Над гэтым павінна працаваць сістэма адукацыі, стандарты этыкету павінны зада­ваць першыя асобы краіны, СМІ. Толькі тады нешта зменіцца. Гэта сістэмная гісторыя. І я паўтаруся, што ключавой пакуль у нас застаецца праблема асобы — паважаеш ты межы іншай асобы і свае межы або не? У швейцарскай школе, дзе вучылася мая дачка, на стэндзе ля ўвахода вісела інфармацыя, што ўсе дзеці маюць права на тры павагі: павагу да цела, павагу да рэчаў і павагу да духу. І ніхто не мае права іх абразіць. Нам да гэтага трэба яшчэ дарасці. Як і да таго ўзроў­ню нашай калектыўнай самасвядомасці, калі мы нарэшце пазбавімся рабскага мыслення, пазіцыі, якая мяне проста шакіруе: мая хата з краю. Ніколі і нідзе не будзе парадку, калі за гэтым не будуць сачыць самі людзі. Не органы кіравання, не паліцыя, не міліцыя… Гэта павінны рабіць самі людзі! І добры ўжо той знак, які я заўважыла ў Беларусі пасля доўгай адсутнасці ў краіне, што нашы людзі ўсё-такі пачалі размаўляць, кантактаваць адно з адным. З’яўленне такой вялікай колькасці тых жа кавярняў у Мінску — сведчанне таго, што людзі пачалі выходзіць з дому, прабіваць шкарлупіну. А, выходзячы з дому на вуліцу, яны выходзяць быццам у інтэрнэт, у адкрытую прастору — абавязкова сустракаюць там нешта і некага. І гэта здорава.

Мікола ЧЭМЕР.

Не сакрэт, што жыццё ў любой установе адукацыі, няхай гэта будзе ўніверсітэт, прафесійны ліцэй, гімназія ці нават дзіцячы садок, поўнае самых розных, нярэдка канфліктных і непрадказальных сітуацый у адносінах “настаўнік — навучэнец”, “выхавальнік — дзіця”, “настаўнік — бацькі” і інш. І тое, наколькі паспяхова або няўдала вырашаюцца гэтыя сітуацыі, вядома ж, не ў апошнюю чаргу залежыць ад этыкетнасці суб’ектаў гэтых адносін. У канцы нашай гутаркі з Аксанай Зарэцкай мы папрасілі яе пракаменціраваць з пункту гле­джання этыкету некалькі ўмоўных і абагульненых праблемных сітуацый, якія могуць узнік­нуць у адукацыйным асяроддзі, і падзяліцца якімі-небудзь лайфхакамі, здольнымі дапамагчы абодвум бакам канфлікту.

Сітуацыя першая.
Арганізаваны культпаход школьнікаў  у суправаджэнні настаўніка ў музей (галерэю, тэатр, кіно)


— Падчас культпаходу здараецца непрыемнасць. Дзеці занадта шумяць, пачынаюць дурэць, “падказваць” нешта з месца ў зале артыстам падчас спектакля, часам паводзяць сябе нават вельмі непрыстойна (напрыклад, пры выглядзе аголеных скульптурных фігур у музеі ці галерэі). Як варта было настаўніку падрыхтаваць дзяцей да такіх паходаў? Што яму рабіць ужо цяпер?

— Уменне паводзіць сябе ў грамадстве выпрацоўваецца не за адзін урок і не пасля разавых тлумачэнняў настаўніка. Гэта доўгі і паслядоўны працэс, які пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве, з сям’і, калі дзіця знаёмяць з культурай, рэгулярна ходзяць з ім у музей, тэатр, разам глядзяць гістарычныя, мастацкія і дакументальныя фільмы. Роля настаўніка ў гэтай сітуацыі заключаецца ў нагадванні аб правілах этыкету, у тым, каб натхняць дзяцей на пры­трымліванне гэтых правіл, на заражэнне іх ідэаламі мастацтва і прыгажосці. Разумна напярэдадні паходу ў музей ці тэатр расказаць дзецям, што іх там чакае. І ў плане выканання правіл паводзін, і, вядома, па змесце. Гіперактыўнасць (крыкі, жарты, высмейванне, актыўныя паводзіны) — гэта часта наступства жадання зняць псіхалагічны блок, сарамлівасць. Дзеці, магчыма, проста збянтэжаны выявамі аголеных фігур. І яны не разумеюць, як на іх рэагаваць, а паказаць сваю слабасць, асабліва ў падлеткавым узросце, баяцца. Таму яны часта агрэ­сіўна сябе паводзяць, калі трапляюць у не зразумелую для сябе сітуацыю.

Што рабіць, калі настаўнік выпраўляецца з непадрыхтаванымі дзецьмі ў музей ці тэатр? Тут рэкамендацыі будуць як педагагічнага плана (я магістр педагогікі і магу іх сабе дазволіць), так і з пункту погляду норм этыкету.

1. Правядзіце папярэднія заняткі з дзецьмі, на іх раскажыце пра правілы паводзін у музеі або тэатры. Разыграйце некалькі сітуацый, каб тэарэтычны матэрыял інтэрыязаваўся ў практыку.

2. Раскажыце дзецям гісторыю экспазіцыі або спектакля, захапіце іх эмоцыямі, каб за тымі сцэнамі і вобразамі, якія яны ўбачаць, у іх уяўленні ўжо быў пэўны культурны кантэкст. Тады тое, што бу­дзе адбывацца ў тэатральнай зале ці галерэі, будзе карэлявацца з іх вопытам, стане для іх больш зразумелым.

3. Прыдумайце заданні, якія дзеці павінны бу­дуць выканаць у індывідуальным (у тэатры) або ў групавым фармаце (у музеі). Вырашаючы гэты квест, дзеці прасцей засвояць новую інфармацыю і правядуць дзве-тры гадзіны ў гульні, што аблег­чыць жыццё і настаўніку, і ім. Напрыклад, яны мо­гуць нешта лічыць, шукаць нейкія прадметы або малюнкі. Раздайце ім загадзя анкеты, якія ім трэба будзе запоўніць. Яны будуць значна больш уважліва слу­хаць экскурсавода.

4. Калі дзіця сябе дрэнна паводзіць, то вельмі хутка да яго, калі гэта адразу ж не спыніць, падцягнуцца іншыя. Калі негатыўныя паводзіны застаюцца па-за ўвагай, гэта расцэньваецца як маўклівае адабрэнне. Як варта спыняць непрымальныя ў культурнай установе паводзіны? Не крычыце, не дэманструйце злосць. Падыдзіце да падлетка і, пераканаўшыся, што ён глядзіць вам у вочы, цвёрда папрасіце яго паводзіць сябе спакайней, таму што ў іншых удзельнікаў экскурсіі псуецца настрой ад яго шуму. Застаньцеся некаторы час побач з ім, каб пераканацца, што ён пачуў вашы словы.

Сітуацыя другая.
Прасунутыя і аўтсайдары


— У кожным класе ёсць больш здольныя і менш здольныя дзеці. Ці трэба і ці можна хваліць (ушчуваць) настаўніку вучняў пры ўсіх у класе, параўноўваць іх, маўляў, Ваня, ты паглядзі на Олю, яна ж чамусьці змагла вывучыць, а чаму ты не змог, і г.д.? Як паводзіць сябе настаўніку, калі не пахваліць, здаецца, проста немагчыма — настолькі бліскучы адказ, і калі не ўшчуць, здаецца, таксама немагчыма — настолькі бесталкова адказвае вучань? Якія словы знайсці?

— Ёсць старое добрае правіла, якое будзе актуальным заў­сёды — лаюць сам-насам, хваляць пры ўсіх. Пахвала яшчэ нікому не шкодзіла. Толькі, мабыць, не варта ставіць вучня ў прыклад астатнім. Гэта дрэнна адаб’ецца і на яго рэпутацыі, і дакладна не абудзіць жадання “быць як Вася”. Калі вучань адказвае бесталкова, то, у першую чаргу, трэба тлумачыць яму, што ў яго адказе не так. Але не высмейваць, не абясцэньваць і не прыніжаць. Можна спытаць, ці патрэбна яму дапамога, сам-насам высветліць, у чым праблема. Параўноўваць дзяцей адно з адным — гэта заўсёды дрэнны тон і антыпедагагічна. Калі ёсць неабходнасць абмеркаваць адказ вучня, размова павінна ісці толькі пра тое, што рабіў ці не рабіў гэты вучань.

Сітуацыя трэцяя.
Званок (меседж у сетках) настаўніку

— Групы ці суполкі бацькоў вучняў аднаго класа, якія ствараюцца ў розных сацыяльных сетках, — з’ява сёння вельмі распаўсюджаная і карысная. Але часам у бацькоў узнікаюць сітуацыі, калі ім тэрмінова трэба звязацца з настаўнікам, прычым так, каб пра факт іх размовы і тым больш пра яе змест ніхто больш не даведаўся. У які час (напрыклад, да якой гадзіны вечара) карэктна тэлефанаваць настаўніку і ці карэктна наогул? Ці карэктна пісаць настаўніку ў “личку”? Можа, варта спачатку напісаць паведамленне, а потым зрабіць званок? Ці трэба настаўніку выбудоўваць нейкі канкрэтны часавы калідор для асабістых зносін з бацькамі?

— Ёсць агульныя правілы тэлефоннага і лічбавага этыкету. Паведамленні ў месенджарах і тэлефонныя званкі паміж людзьмі, якія знаходзяцца ў дзелавых адносінах (а бацькі і настаўнікі знаходзяцца ў дзелавых адносінах), дапушчальныя толькі ў працоўны час. Гэта значыць з 9 раніцы да 6 вечара або да 9-й вечара з дазволу настаўніка. Сёння лічыцца дрэнным тонам тэлефанаваць без папераджальнага пытання ў месенджары. Такім чынам, спачатку трэба паслаць паведамленнне з пытаннем, калі будзе зручна стэлефанавацца, і акрэсліць тэмы размовы, а потым, атрымаўшы адказ, ужо набіраць.