Карункам Ірландыі і ў Беларусі ўтульна

У жыцці чалавека важна ўсё. Але ёсць на яго старонках асаблівыя прасторы, дзе мы разумеем: гэта тое, без чаго мая жыццёвая гісторыя не мая. Такія асаблівыя старонкі аб сям’і, аб прафесіі, аб хобі. У жыцці нашай гераіні прасторы гэтыя моцна сшыты, пераплецены грунтоўна, узаемапранікнуты. Людміла Уладзіміраўна Дойлід, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крупскай раённай гімназіі, хоць зараз на пенсіі, можа сказаць пра сябе, што застаецца настаўнікам і рэалізоўвае гэтую справу па душы ў найвышэйшай яе іпастасі. Людміла Уладзіміраўна з’яўляецца настаўнікам самой сабе і сваім прыкладам можа многіх натхніць, заразіць цікавасцю не толькі да роднай мовы і літаратуры, але і да, здавалася б, далёкага, але блізкага нам майстэрства стварэння карунак.

Можна сказаць, што кожны з нас займаецца пляценнем карунак, цягне ніткі, звівае ва ўзоры, толькі з нітак не рэальных, а метафарычных, ствараючы непаўторны ўзор уласнага жыцця. Людміла Уладзіміраўна вяжа карункі рэальныя: іх можна ўбачыць і памацаць, нават надзець на сябе ў выглядзе сукенкі, камізэлькі, топа, блузы, пульсэтак, капелюша, каўняра, кардыгана і нават сумкі. Вырабамі Людмілы можна ўпрыго­жыць сябе, надзеўшы калье, і дом, дапоўніўшы яго сурвэткамі.

Наш чытач можа сказаць, што карункі ствараюць многія. Пагодзімся. Але ірландскія карункі ў Беларусі вяжуць толькі некалькі майстроў. Вопытным, сталым майстрам, і не проста майстрам, а ўлюбёным у сваю справу чалавекам, з’яўляецца Людміла Дойлід. Людміла Уладзіміраўна прадэманстравала, з якой хуткасцю працуе. Пальцы, ведаючы справу, часта не ма­юць патрэбы ў зрокавым кантролі. Так, Людміла Дойлід можа рабіць частку работы, не гле­дзячы на яе. Канечне, не толькі ў гэтым унікаль­насць майстра, але і гэта ўжо ўражвае. Майстрам Людмілу робіць яе творчы падыход, любоў да гэтага віду мастацтва, жаданне асвоіць тонкасці — “улезці ў нетры”, як гаворыць сама майстар. А таксама жаданне і здольнасць ствараць уласныя матывы, уменне ўвасобіць у жыццё сваю арыгінальную задуму. У Людмілы Ула­дзіміраўны ёсць сшытачак, у які тут жа, як нарадзіліся, замалёўваюцца эскізы вобразаў, якія ўзніклі на прагулцы, у электрычцы, дома, на выставе. Майстар гатова працаваць колькі хочаш, каб самой дайсці да спосабу ўвасаблення той ці іншай абвязкі. Яна прыдумляе новыя лісткі, кветкі, клоўнзы (завіткі). Асаблівасць стылю Людмілы Ула­дзіміраўны ў тым, што ёй падабаецца паказваць прыга­жосць карунак праз іх геаметрыю, прыгажосць узору без дадатковых сродкаў, такіх як рознакаляровыя ніткі і фактуры. Канечне, час ад часу майстар эксперыментуе і з колерам. Але ідэальныя ірландскія карункі для Людмілы Уладзіміраўны — гэта “марозныя ўзоры на вокнах” з баваўняных нітак.

Разглядаючы вырабы Людмілы Дойлід, сузіраючы ідэальную стыкоўку зубчыкаў, сіметрыю і дакладнасць узору, неймавернае па складанасці злучэнне фрагментаў сетачкай, магчыма, і не да канца разумееш, наколькі гэта цяжка. Каб стала больш зразумела, скарыстаемся тлумачэннямі май­стра. Нават увасобіць ірландскія карункі па ўзоры няпроста. А ўжо стварыць новы матыў, новы фрагмент, злучыўшы гэта звязанай сетачкай, — сапраўдная творчасць і мастацтва, якое даказвае ста­ласць майстэрства. “Калі я стварыла сваю першую работу і ўбачыла яе, то заплакала ад шчасця, што мае рукі змаглі такое зрабіць, — успамінае Людміла Дойлід. — Кожная работа для мяне жывая, такая дарагая, што ўспрымаецца як член сям’і”, — працягвае майстар. І гэта становіцца зразумелым, калі ведаеш, што для стварэння сукенкі сталаму майстру ў стылі ірландскіх карунак без цяжкасцей спатрэбіцца не менш за паўгода. А для камізэль­кі — 2—3 месяцы, каўнер 2—3 тыдні вязаць прый­дзецца. У вырабах з ірландскіх карунак няма швоў, выкарыстоўваецца бурдон — дадатковая трэцяя дапаможная нітка.

У Беларусі мала майстроў, якія працуюць у стылі ірландскіх карунак. Але, па словах Людмілы Дойлід, нядаўна ўзнікла новая хваля цікавасці да гэтай тэхнікі, хаця вучыцца нялёгка, ды і час патрабуецца. “Я, напрыклад, некалькі разоў кідала практыкавацца. Сетачку настолькі цяжка вязаць фізічна, што мышцы то тут, то там пачына­юць балець. Аднак з кожнай спробай прыладжваешся, прыстасоўваешся. Менавіта сетка робіць ірландскія карункі ўнікальнымі. Прыгажосць карунак дапамаг­ла мне пераадолець боль. Трэба адрозніваць гіпюрныя счэпныя карункі ад ірландскіх. Вось якраз сетачка і дапамагае. Хаця ёсць агульнае ў карунак з іншых краін і ірландскіх. Напрыклад, шнур “вусень” з румынскай тэхнікі.

Людміла Уладзіміраўна ведае, што займаецца справай з гісторыяй. Ведае, што асноўная культура Ірландыі бульба, якая загінула ад фітафторы, і голад, у сувязі з гэтым перажыты народам, сталі прычынай масавай іміграцыі ірландцаў у ЗША. Там трэба было выжываць, зарабляць нечым. Крыніцай заробку стала стварэнне карунак. Можна сказаць, што ірландскі метад — гэта экспрэс-карункі. Надзвычайны спосаб ірландцаў дазваляў рабіць іх больш хутка, чым традыцыйныя, і адносна лёгка. Асобна вывязваліся фрагменты (кветкі, пялёсткі, завіткі), а потым аб’ядноўваліся ў карункі сетачкай. Нагадаем, што вывязванне сетачкі і робіць ірландскія карункі ірландскімі. Аднак не ўсе сем’і маглі выканаць заключны этап стварэння карунак і прадавалі майстэрням толькі фрагменты, першакласныя майстры дабаўлялі сетку, завяршаючы работу. Канкурэнцыя ў карункавай справе ў тыя гады была сур’ёзнай, таму суседзі хавалі адно ад аднаго работы, каб сакрэты майстэр­ст­ва заставаліся толькі ўнутры канкрэтнай сям’і.

Любоў да рука­дзелля ў нашай гераіні ад мамы Антаніны Іванаўны, якая вышывала і вязала. Людміла Ула­дзіміраўна таксама вязала, кручком. Нават буйныя формы стварала, напрыклад, світары. Сын Сяргей насіў світары то з зайцам, то з нотамі, то з футбалістам. Людміла ўспомніла вясёлую гісторыю пра ноты на світары: “Я музыкай не займалася, таму ноты капіравала з гатовага малюнка, а дзеці з класа Сяргея, якія ў музычнай школе вучыліся, усё яму падказвалі, што адной ноты на світары не хапае!”. У 80-я гады трапіў у поле зроку Людмілы часопіс “Валагодскія карункі” з фотаздымкамі, але без тлумачэнняў. Жаданне паспрабаваць нарадзілася, але разабрацца самастойна ў тэхналогіі стварэння было цяжка, таму адклала занятак да лепшых часоў. Пазней, асвоіўшы камп’ютар, на прасторах інтэрнэту Людміла Уладзіміраўна знайшла фота­здымак ажурнай кофтачкі, створанай з ірландскіх карунак. Як гавораць пра тое, што спадабалася, — проста ахнула ад захаплення. “Набрала ў пошукавіку “ірландскія карункі” і ў карунках патанула. Так была захоплена, што нават спаць не магла. З 2010 года рэагую на карункі як бык на чыр­вонае, — смяецца майстар. — Працавала ў школе і адначасова была рамеснікам. Думала, што на пенсіі змагу больш часу карункам удзяліць. Так і атрымліваецца”. На пытанне “Ці падабаюцца людзям вашы работы?” Людміла Дойлід адказвае: “Падабаюцца! Мне важна перш за ўсё, што сям’я мая рада, што я гэтым займаюся. Сваякі рады атрымліваць падарункі, зробленыя маімі рукамі. Я і сама нашу свае вырабы. Неяк на выставе ў Мінску была ў сукенцы сваёй работы, іншыя майстры таксама дэманстравалі там вырабы, хтосьці жартам сказаў, што такіх май­строў хочацца “забіць”, каб не было канкурэнцыі. Гледачы з Літвы гаварылі, што вачэй не могуць адвесці ад маіх работ, хтосьці бачыў у іх тургенеўскі стыль, іншым гледачам падабаўся вінтажны падыход. З водзываў запомніўся той, што прыйшоў з-за акіяна: “Нарэшце з’явіўся майстар, які ў стылі ірландскіх карунак змог вырабіць капялюш!”. Майстар удзельнічае ў выставах, каб жыхары нашай краіны знаёміліся з ірландскімі карункамі і ведалі, што ў Беларусі гэтая тэхніка прадстаўлена, каб жадаючыя маглі навучыцца вязаць такія карункі. “А то некаторыя ўдзельнікі выставы думаюць, што я з Масквы, — усміхаецца Людміла, — а я свая, родная, беларуская!”

Людміла Дойлід праводзіць майстар-класы на выставах, у якіх удзельнічае. “Спачатку хвалявалася, як я дарослых людзей буду вучыць, ды яшчэ ў сталіцы. Варта было мне толькі пачаць, а пасля ўжо адчувала сябе як рыба ў ва­дзе”, — расказвае майстар. Выставы, на якіх дэманструюцца работы Людмілы, праходзяць і ў родных Крупках, у Заслаўі, Мядзелі, Мінску і іншых населеных пунктах краіны. Нядаўняя праходзіла 3 ліпеня ў гарадскім парку ў Крупках. Але Людміла Дойлід марыць і пра міжнародную выставу.

Людміла Уладзіміраўна мае зносіны з вучнямі гімназіі, калегамі. У Крупскай гімназіі цудоўная традыцыя падтрымліваць зносіны вучняў і калег з супрацоўнікамі, якія выйшлі на пенсію. Людміла Ула­дзіміраўна расказала, што ініцыятыва дырэктара гімназіі Ірыны Аляксандраўны Шамашовай і калектыву значная і прыемная. З калегамі бачыцца на ўсіх святах: найбліжэйшая сустрэча на Дзень настаўніка. Вучні гімназіі таксама прыходзяць праве­даць і дапамагчы: то яблыкі сабраць, то лісце згрэбці, то снег прыняць, проста пагаварыць і пачаставацца нечым смачненькім.

Дык няхай карункі суправаджаюць нашу гераіню і нашых чытачоў у сне і наяве! А вучыцца быць каруначніцай па-ірландску ніколі не позна!

Вядучая рубрыкі
Святлана РАДЗЬКОВА.