Цікава, што хаваецца пад арыгінальнай назвай тапіярый? Тапіярыі — гэта мастацтва фігурнай стрыжкі розных раслін, кустоў, дрэў. Тапіярый — гэта сад з мастацка падстрыжанымі раслінамі, сфарміраванымі зялёнымі скульптурамі.
Тапіярыі ў Еўропе з’явіліся дзякуючы ўплыву рымлян, у XVI стагоддзі. Былі папулярныя на працягу 200 гадоў. Само слова “topiary” паходзіць ад грэчаскага “topos” — месца. У лацінскай жа мове яно ўжо гучыць як “topiaries”, што абазначае “прыналежнасць да тапіярнага мастацтва”.
Росквіт тапіярнага мастацтва прыпадае на эпоху Рэнесансу, калі раслінная “архітэктура” пераважала над садовым кветкаводствам. Сады ў гэтым стылі былі напоўнены жывёламі, волатамі, монстрамі, паруснымі лодкамі, каланадамі, радавымі гербамі і надпісамі, а загарадзі, выстрыжаныя з кустоў і дрэў, выконвалі ролю фону або галерэі. Асаблівай папулярнасцю расліны незвычайнай формы карысталіся ў Францыі. Шэдэўрам таго часу быў палацава-паркавы ансамбль у Версалі.
У XVIII стагоддзі новая мода на сады ў ландшафтным стылі выцесніла тапіярыі. Залаты век тапіярнага мастацтва прайшоў. Аднак цікавасць да творчасці ў стылі тапіярый зноў расце, нягледзячы на тое, што яно патрабуе немалога цярпення і часу. Стрыжаныя расліны становяцца ўсё больш актуальнымі, з поспехам выкарыстоўваюцца ў стварэнні сучасных садова-паркавых кампазіцый, бо сад з акуратна стрыжанымі раслінамі заўсёды выглядае дагледжана і элегантна і з’яўляецца прадметам гонару для свайго гаспадара.
Адраджэнне мастацтва тапіярыя — гэта настальгія па мінулым ці чарговы віток моды? У кожнага свой адказ на гэтае пытанне. На парозе зіма, ці магчымы тапіярый у такую пару года? Так. Ствараць у гэтым стылі можна круглы год. Сучасная тапіярная творчасць не абмяжоўваецца толькі работай з раслінамі. Арыгінальныя маленькія дрэўцы, для вырабу якіх выкарыстоўваюцца натуральныя матэрыялы, таксама з’яўляюцца тапіярыямі.
Зараз тапіярыі часцей за ўсё — прадукты рукадзелля ў выглядзе фігурных дрэў, якія выкарыстоўваюцца ў дэкарыраванні інтэр’ера. Тапіярый — гэта і кампазіцыя на ножцы, выкананая з самых розных матэрыялаў: паперы, сурвэтак, тканін, фурнітуры, зярнят кавы, шкарлупінак арэхаў, пёраў, ракавінак, жывых і засушаных кветак і лісця, стужак, каменьчыкаў, пяску, часцей за ўсё ў форме шара або конуса. Тапіярый яшчэ называюць “Еўрапейскім дрэвам” і “Дрэвам шчасця”. Гэта звычайнае ўпрыгажэнне інтэр’ера ў еўрапейскай фларыстыцы. Вельмі добры варыянт для тых, хто не любіць пакаёвыя расліны. Арыгінальныя кампазіцыі ў стылі тапіярый заўсёды звяртаюць на сябе ўвагу. Яркасць і арыгінальнасць дасягаецца за кошт не толькі формы, але і выкарыстання ў кампазіцыі мноства спалучэнняў колераў і прымянення матэрыялаў рознай фактуры, выгнутага стволіка. Тапіярыі не з’яўляюцца мініяцюрнай копіяй якіх-небудзь канкрэтных дрэў. Гэты дэкаратыўны выраб не сапернічае з прыродай. Толькі ад фантазіі стваральніка залежыць, якую форму будзе мець крона яго ўласнага дрэўца.
Аматараў стварэння тапіярыя можна сустрэць і ў Беларусі. Ганна Якаўлеўна Ціваненка, педагог ясляў-сада № 203 Мінска, любіць “вырошчваць” дрэўцы ў стылі тапіярый. Пачалося ўсё так: “Захацелася ствараць нешта прыгожае сваімі рукамі. Вырашыла, што шыццё, вязанне, маляванне не для мяне. Аднойчы выпадкова трапіла на сайт, дзе былі паказаны вырабы — тапіярыі. Спадабалася. Адразу ж паспрабавала зрабіць. Атрымалася”.
Ганна працягвае аповед: “У сяброўкі Юліі якраз быў дзень нараджэння. Ведала, што ёй спадабаецца такі самаробны незвычайны падарунак. Так і атрымалася. Юлія раіла працягнуць удалы вопыт, рабіць новыя дрэвы”. Ганне Якаўлеўне больш за ўсё падабаецца ствараць вырабы з зярнят кавы. “І хоць муж Ігар часам жартам наракае, што дома не выпіць кавы, бо ўся ў мастацтве тапіярыя выкарыстана, усё роўна станоўча ставіцца да майго хобі. Падарыў на 8 Сакавіка клеючы пісталет. А гэта вельмі важны інструмент для прыхільнікаў тапіярнай справы”, — усміхаецца суразмоўца. У Ганны быў выпадак, калі выпадкова прыціснутыя адзін да аднаго пальцы ў суперклеі склеіліся. Прыйшлося папрацаваць, каб указальны і вялікі зноў атрымалі свабоду.
Ганне Якаўлеўне падабаецца, што дрэвы, створаныя ў стылі тапіярый, заўсёды розныя, не атрымліваецца зрабіць два аднолькавыя. Прыемна і пацешна, што можна выкарыстоўваць вельмі розныя падручныя матэрыялы. Нават каву, што засталася на донцы кубачка, можна высушыць і выкарыстоўваць для абклейвання падстаўкі дрэва. Стружка ад завострывання алоўкаў таксама пойдзе ў справу ўпрыгожвання дрэўца, дэкор ад зламаных заколачак дачок, пацеркі, банцікі, пёры, высушаныя шышкі — усё спатрэбіцца, варта толькі абудзіць фантазію.
Пытаюся ў Ганны пра сакрэты поспеху, пра крыніцы натхнення. Адказвае, што сакрэт поспеху — гэта практыка. Галоўнае — рабіць спробы ствараць зноў і зноў. Калі нешта не атрымліваецца, Ганна Якаўлеўна раіць адкласці выраб. Няхай пройдзе час; адпачыўшы, творца набудзе свежы погляд і цярпенне. Тады ўсё атрымаецца, прынясе задавальненне працэс і вынік. Натхняе Ганну калега па рабоце Ала Іванаўна Лазарава — чалавек творчы. Мама Вера Пятроўна ганарыцца вырабамі дачкі, дапамагае збіраць галінкі для ствалоў тапіярыя. Натхняе і тое, што Ганна чуе ад дачок Лізы і Машы, якія з гонарам паказваюць сваім сяброўкам рукатворныя дрэўцы: “Гэта мама сама зрабіла!”.
Хутка Новы год, і тапіярый выдатна ўпрыгожыць дом або стане жаданым радасным падарункам для сяброў.
— Які выраб вы планавалі зрабіць да свята? Магчыма, і нашы чытачы з задавальненнем уключаць у свае творчыя планы тое ж.
— Мару і зраблю навагодні тапіярый з шышак. Далучайцеся. Для гэтага трэба падабраць ёмістасць, у якую вы ўставіце дрэва. Падыдзе ўсё: ад вазачкі да папяровай шкляначкі, слоічкі з-пад ёгурту, маянэзу і г.д. Трэба будзе напоўніць ёмістасць пяском або гіпсам для ўстойлівасці кампазіцыі. Знайдзіце галінку, палачку неабходнага памеру і таўшчыні (залежыць ад вашай задумы) — гэта будзе ствол. Затым фарміруем аснову ў выглядзе шара або конуса. Круглую аснову можна зрабіць з газеты, сурвэтак (проста скачайце шарык, можна ўмацаваць намотваннем нітак), конусападобную лепш з паралону. Аснову можна зрабіць і з тэніснага шарыка, затым пакрыць яго тэкстурай (сурвэткі плюс клей ПВА). Дайце аснове высахнуць. Пафарбуйце.
Зрабіце ў аснове адтуліну для ствала. Злучыце аснову са ствалом. Ствол устаўце ў ёмістасць. Замацуйце. А цяпер упрыгожвайце на свой густ. Ёмістасць, у якой знаходзіцца дрэва, можна абклейваць паперай, штучным сенам, фарбаваць, абмотваць тасьмой, вяроўкай, як і ствол. Круглую або конусападобную аснову ўпрыгожваем папярэдне высушанымі хваёвымі шышкамі, у прасветы паміж шышкамі дадаём пацеркі, банцікі, кветачкі. Папырскайце аснову аэразольнымі фарбамі.
Белы, блакітны, чырвоны — гэта колеры Новага года. Няхай прыгожае вясёлае дрэўца прыцягвае да сябе погляды на свяце. Даглядаць тапіярый проста. Перыядычна выдаляйце з дрэўца пыл. Скарыстайцеся фенам (халодным струменем). Каб дрэва шчасця доўга цешыла вас сваёй прыгажосцю, не стаўце яго пад прамыя сонечныя прамяні. У залежнасці ад памеру і знешняга выгляду дрэўца пастаўце яго прама на падлозе, на адкрытай паліцы, каміне, журнальным століку або прыложкавай тумбачцы.
Дарагія чытачы, жадаем вам прыемнай творчай падрыхтоўкі да Новага года ў стылі тапіярый!
Святлана РАДЗЬКОВА.