Калі хтосьці лічыць сон страчаным для жыцця часам, то ён памыляецца. Сон стварае саму магчымасць жыць з пункту гледжання фізіялогіі. Сон сам з’яўляецца жыццём цікавым, напоўненым сюрпрызамі, аналітычнай работай такой якасці і ўзроўню, якія немагчымы пры няспанні. Сон можа стаць неабходнай падказкай, імпульсам для правільных дзеянняў, нават прадказаць будучыню. Невыпадкова апісанне сноў герояў — адзін з любімых прыёмаў пісьменнікаў і сцэнарыстаў для развіцця сюжэтаў мастацкіх твораў. Памятаеце фільм “Два жыцці” з удзелам цудоўнай актрысы Дэмі Мур, дзе яе гераіня засынае дамашняй гаспадыняй, а прачынаецца бізнес-лэдзі? І наадварот: засынаючы бізнес-лэдзі, прачынаецца маці шматлікай сям’і. Змаглі б мы спрагназаваць, якія пачуцці зазнае гераіня фільма ў сувязі з фантастычнай сітуацыяй?
Кожнаму з нас хацелася б засынаць салодка, уставаць з пасцелі свежым, адпачыўшым і шчаслівым. Для гэтага рэкамендуецца ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў спаць 7—8 гадзін кожную ноч. Нават калі сучасныя рытмы жыцця падбіваюць нас да скарачэння якасці ці часу сну, не варта здавацца без бою. І перамагаць у гэтым баі варта, адваёўваючы гадзіны і нават мінуты для здаровага сну. Сродкі, здабытыя адсутнасцю ці нават толькі скарачэннем сну, могуць пайсці выключна на аднаўленне здароўя ці ўвогуле не спатрэбяцца. Сон — гэта вельмі сур’ёзны рэсурс чалавека для захавння здароўя і жыцця ўвогуле.
Практыкаванне “4-7-8”. Выкарыстанне гэтага простага спосабу дапаможа зняць напружанне і падрыхтавацца да добрага сну. Упэўніцеся, што вы сядзіце зручна, што ваша пастава не абмяжоўвае здольнасць свабодна і глыбока дыхаць. Прыцісніце кончык языка да паднябення адразу за пярэднімі зубамі і пакіньце яго ў гэтым становішчы да заканчэння практыкавання. Цалкам выдыхніце, выпусціўшы максімум паветра з лёгкіх. Павольна ўдыхніце носам на лік 4. Спыніцеся, затрымайце дыханне, павольна лічачы да 7. Павольна выдыхніце ротам, лічачы да 8. Паўтарыце тры разы.
Нам хочацца не толькі хутка засынаць і прачынацца бадзёрымі, але і ведаць больш аб працэсе сну. Мы гаварылі, што сон можа быць падказкай ці інсайтам (азарэннем). Многія вучоныя ўзялі ў сне ідэі, якія дазволілі ім зрабіць знакамітыя адкрыцці. Гэта не значыць, што кожны можа адкрыць закон прыцягнення ці перыядычную сістэму хімічных элементаў. Аднак кожнаму чалавеку важны асабістыя адкрыцці, зробленыя дзякуючы сну. Няхай нават яны не паўплываюць глабальна на навакольны свет. Каб злавіць інсайт са сну, трэба як мінімум яго запомніць.
Як запомніць сон? Неабходна паставіць перад сабой мэту запомніць. Калі вы прачынаецеся, не спяшайцеся ўставаць, паляжыце, пракручваючы ў памяці ўспаміны пра сон, потым запішыце яго. Магчыма, першы час успомніць свой сон будзе цяжка, але практыка паказвае, што з кожным разам будзе ўсё лягчэй і лягчэй.
Новае пытанне, якое, як правіла, больш за ўсё цікавіць людзей: як расшыфраваць сон? Сон — своеасаблівы рэбус, які рэдка мае відавочнае значэнне. Ключ да разгадкі сну — у падзеях, якія адбыліся напярэдадні днём, і думках, звязаных з гэтымі падзеямі. Калі вы пакуль не гатовы рызыкаваць пазнаваць штосьці новае для сябе ці пра сябе менавіта зараз, то не фарсіруйце падзеі аналізавання сноў. Скарыстайцеся соннікамі (З.Фрэйда, напрыклад), якія дадуць прамежкавы вынік, нейтральны ці вясёлы, рэалістычны ці не вельмі, туманны ці яркі, каб падахвоціць у вас усё ж уласныя індывідуальныя ісціны. Пачніце з тыповых сноў.
Сон — гэта вынік барацьбы трох складнікаў нашай псіхікі: свядомага, несвядомага і той яе часткі, якая ўвасабляе сумленне, ідэалы і сацыяльныя нормы.
А што ж цікавага варта ведаць пра сны? Усе бачаць сны. Нават тыя, хто думае, што не бачыць. Сны запамінаюць толькі разумныя людзі. Гэтае заключэнне зроблена пасля даследавання больш за 2000 тысяч чалавек. Нічога незвычайнага ў гэтым няма, таму што адной з фізіялагічных функцый сну з’яўляецца ўпарадкаванне інфармацыі, якую чалавек атрымаў за мінулы дзень. На працягу 5 мінут пасля абуджэння забываецца 50% сну. На працягу 10 мінут — 90%. Магчыма, часам гэта становіцца прычынай дэжавю. Паводле Платона, сны зараджаюцца ў органах, размешчаных у жываце. Ён лічыў, што печань — гэта біялагічная крыніца большасці сноў. Людзі, якія выраслі на чорна-белым тэлебачанні, бачаць у асноўным чорна-белыя сны. Большасць з нас бачыць сны кожныя 90 мін, а самыя доўгія сны (30—45 мінут) здараюцца раніцамі.
Кашмары — гэта нармальна. Іх бачаць усе людзі ва ўсіх культурах. Больш за ўсё кашмараў мы бачым у дзяцінстве. “Совам” кашмары сняцца часцей, чым “жаваранкам”. З узростам іх колькасць змяншаецца. Э.Хоўі (1819—1867) сказаў, што вынаходства ім швейнай машынкі было звязана з кашмарным сном, у якім ён быў атакаваны канібаламі, узброенымі коп’ямі ў форме швейнай іголкі, якую ён пазней і прыдумаў. Нават слабае святло ад лічбаў электроннага гадзінніка можа прагнаць наш сон. Справа ў тым, што святло адключае механізм, які адказвае за засынанне, з-за гэтага ўзровень гармону сну рэзка змяншаецца за некалькі мінут. Калі бачыш сон, цела паралізуе. Гэта засцерагальная мера, каб чалавек не нашкодзіў сабе і іншым. Калі засцерагальнік злятае, узнікае самнамбулізм і іншыя расстройствы.
Нельга храпці і бачыць пры гэтым сон. Людзі храпуць толькі ў час павольнай фазы сну, у час гэтай фазы сны не сняцца. Жывёлы таксама бачаць сны. Існуе адна фобія, і яна непасрэдна адносіцца да нашай тэмы — самніфобія. Людзі, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, баяцца заснуць. Дзеці, якім менш за 3 гады, не здольны ўбачыць сябе ў сне.
Нават статыстыка можа прапанаваць нам цікавыя факты пра сон. Іспанцы спяць на 40 мінут менш, чым астатняя Еўропа, а французы — соні. 9 гадзін у суткі яны трацяць на сон. Якімі б ні былі цікавымі факты пра сон і сны, звернем увагу на цудоўную функцыю сну як на рэпетыцыю, якая забяспечвае наша выжыванне. У сне мы трэніруемся пазбягаць небяспек (магчыма, менавіта для гэтага існуюць сны з пагражальным зместам), напрыклад, пераплываем раку ці ўцякаем ад небяспечнай жывёлы. Мышцы, як мы ўжо згадвалі, амаль абезрухоўлены, уся рэпетыцыя адбываецца на ўзроўні мозга. Так мы завучваем спосабы ратавання свайго жыцця ў сне, каб скарыстацца імі ў рэальным жыцці, калі спатрэбіцца.
Практыкаванне-эксперымент “Важнае пытанне”. Перад сном задайце шчыра важнае для вас пытанне. Напрыклад, што абываецца ў маім жыцці зараз? Як я да гэтага стаўлюся? Чаго я хачу на самай справе? Задайце гэтыя пытанні сабе ў сон, каб у сне знайшліся адказы. Калі адразу не атрымаецца, паўтарыце спробы некалькі разоў. Задаючы ўпарта такія пытанні пра сябе, праз некаторы час вы атрымаеце водгук у сне. Можна весці дзённік сваіх сноў, запісваць, не ўстаючы з пасцелі. Скарыстайцеся тэхнікай запомніць сон: прачнуўшыся, уголас паўтарыце свой сон ці ключавыя фразы са сну. Сны можна кантраляваць і накіроўваць. Папрактыкуйцеся і можаце арганізаваць сабе сны-серыялы: вяртацца да таго месца, на якім сон перапыніўся ў мінулую ноч.
Вывучыце, як спалі вялікія людзі, якія асаблівасці сну ў іх былі, як яны ставіліся да сну. Пазычце іх знаходкі ці парадуйцеся, што ў вас няма такіх праблем. Так, Уінстану Чэрчылю для нармальнага адпачынку дастаткова было ўсяго 2 гадзіны сну. Кожны дзень ён перад сном у 5 гадзін вечара піў віскі. Прэм’ер-міністр заўсёды гаварыў, што гэтая сіеста ў спалучэнні з кароткім сном дапамагала яму зрабіць у 2 разы больш работы. Чарльз Дыкенс засынаў выключна тварам на поўнач, бо толькі так ён мог зрабіць сваю творчасць яшчэ больш дасканалай. У пісьменніка заўсёды з сабой быў навігацыйны компас. Маргарэт Тэтчэр спала не больш за 5 гадзін у дзень. Яна лічыла, што лепш паспаць 1,5 гадзіны, але выйсці ў свет з прыстойнай дагледжанай прычоскай.
Камфортна прачынацца таксама важна для нас, як і класціся спаць. З апошніх знаходак, якія аблягчаюць прасыпанне ці проста арыгінальна яго ажыццяўляюць: японцам удалося стварыць будзільнік, які ў неабходны час пахне кветкай. Па версіі даследчыкаў, пах, які ўзмацняецца, можа разбудзіць нават сярод ночы. Як сведчаць цікавыя факты, званок звычайнага будзільніка на пэўным этапе сну забяспечыць чалавеку адчуванне разбітасці і недасыпання, нават калі сон доўжыўся 10 гадзін. У Чылі два вынаходнікі змаглі сканструяваць будзільнік-падушку для тых людей, якія не чуюць. Такі будзільнік пра пачатак рабочага дня паведамляе вібрацыяй падушкі.
Як вы ставіцеся да неабходнасці спаць?!
Колькі б мы ні ведалі аб агульных заканамернасцях сну, аб працэсе бачання сну іншых, наша дасведчанасць будзе няпоўнай без індывідуальных назіранняў, без усведамлення ўласных асаблівасцей у час сну і падзеях, якія яго акружаюць. Прапануем тэст, які наблізіць нас да разумення, як мы спім, да дэталізацыі індывіуальнага працэсу. Адказвайце на пытанні, не думаючы доўга над выбарам адказу. З прадстаўленых дзесяці сцвярджэнняў у кожным выберыце адзін з трох варыянтаў, які, на ваш погляд, найбольш дакладны:
1. Сны…
а) сыходзяць на світанні;
б) робяць жыццё саладзейшым;
в) прыходзяць з будучыні.
2. Ноч — гэта час, калі…
а) могуць адбыцца ўсялякія нечаканасці;
б) можна добра павесяліцца;
в) людзі баяцца выходзіць на вуліцу.
3. Песімістычныя думкі перад сном звычайна прыходзяць…
а) на пусты страўнік;
б) ад неспакою ў душы;
в) з-за стомленасці.
4. Няхай лепш вакол мяне будзе пустэча, чым неабходнасць…
а) правядзення часу, які не пакідае эмоцый;
б) адчуваць сябе марыянеткай;
в) правядзення часу без дасягнення.
5. Калі б людзі маглі бачыць будучыню, то…
а) яны б лепш працавалі і больш адпачывалі;
б) яны сталі б шчаслівейшымі;
в) яны б пазбавіліся ўяўлення.
6. Калі ў вашым акружэнні з’яўляецца добры чалавек, то вы думаеце, што…
а) ён такім нарадзіўся;
б) мяне гэта не тычыцца;
в) пастараюся быць хоць у чым-небудзь лепшым за яго.
7. Людзі, якія многа спяць…
а) прачынаюцца разбітымі;
б) марнуюць шмат часу;
в) атрымліваюць асалоду ад жыцця па-сапраўднаму.
8. Доўгія ночы прыносяць…
а) многа цудоўных эмоцый;
б) бясконцыя праблемы;
в) дні пасля іх цудоўныя.
9. Той нам сябар, хто…
а) у стане дапамагчы хаця б часам;
б) сам ведае, што такое аказацца ў адзіноце;
в) не ігнаруе нашы праблемы, прыходзіць на дапамогу.
10. Калі адпачываеш у сне, то…
а) сіла напаўняе;
б) што спаў, што не спаў, сіл столькі ж;
в) сіла не пакідае цела.
Як падлічыць балы:
Пытанне 1: А-1, Б-3, В-2.
Пытанне 2: А-2, Б-3, В-1.
Пытанне 3: А-2, Б-3, В-1.
Пытанне 4: А-2, Б-1, В- 3.
Пытанне 5: А-2, Б-3, В-1.
Пытанне 6: А-1, Б-2, В-3.
Пытанне 7: А-1, Б-2, В-3.
Пытанне 8: А-2, Б-1, В-3.
Пытанне 9: А-2, Б-1, В-3.
Пытанне 10: А-3, Б-1, В-2.
Калі вы набралі менш за 13 балаў, то не цэніце сон, не ўмееце атрымліваць задавальненне ад сну. Сон для вас — вымушаная неабходнасць. Вы засынаеце толькі ад велізарнай стомленасці. Паляпшэнне вашых адносін са сном магло б надаць вам больш упэўненасці ў сабе, мужнасці і сілы.
14—17 балаў: вы разумееце, што сон — задавальненне, але не атрымліваеце яго ў поўным аб’ёме. Вам цяжка заснуць: сон для вас толькі вымушаны адпачынак. Паспрабуйце ўявіць, што ён прыносіць задавальненне, тады, магчыма, зможаце атрымаць больш ад працэсу сну.
18—22 балы: прырода сама залажыла ў вас уменне добра засынаць. Вы цэніце сон, але для вас сон — штосутачная павіннасць. Часам усё ж вам удаецца атрымліваць ад яго задавальненне.
23—26 балаў: вы атрымліваеце вялікае задавальненне ад працэсу і выніку сну, таму што лічыце, што ў гэты час адбываецца не толькі фізіялагічны працэс, але і псіхалагічны. Магчыма, нават ваш сон прынясе карысць іншым людзям, бо стане для вас крыніцай натхнення. Захоўваце гэты дар, шануйце, бо ён ёсць не ва ўсіх.
Больш за 27 балаў: вы цудоўна спіце і адчуваеце сябе пасля прасыпання, дзе б ні знаходзіліся. Вам не патрэбны будзільнік, каб устаць своечасова. Сон даецца вам лёгка. Дзённая дзейнасць лёгка мяняецца цудоўным сном. Вы можаце навучыць іншых правільна засынаць і правільна ставіцца да сну. Вы маглі б зрабіць адкрыццё ў сне.
Вядучая рубрыка Святлана РАДЗЬКОВА.