Майстры шашак

З чарговымі дыпломамі вярнуліся з чэмпіянату Гродзенскай вобласці па шашках-64 навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Юныя шашысты” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна.

І гэта не адзіная перамога юных спартсменаў у гэтым навучальным годзе. Яны заваявалі 10 дыпломаў міжнароднага ўзроўню, 5 — абласнога і 5 дыпломаў на гарадскіх спаборніцтвах.

— У кожнага дзіцяці ёсць свае спартыўныя задаткі, — запэўнівае майстар спорту па шашках, педагог дадатковай адукацыі цэнтра “Спектр”, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юныя шашысты” Аляксандр Аляксандравіч Маркін. — Галоўнае — знайсці іх і раскрыць. Для гэтага не трэба перабіраць усе гурт­кі. Дастаткова пачаць з аднаго кірунку, а пасля года навучання ўжо зразумела, якія якасці ў дзіцяці пераважаюць: хуткасць, цягавітасць або інтэлект. І браць у саюзнікі бацькоў дзяцей.

Майстэрства педагога выяўляецца і ва ўменні зацікавіць бацькоў правядзеннем разам з дзецьмі вольнага часу. Дзецям неабходна заахвочванне і адабрэнне, інакш эфектыўнае навучанне проста немагчыма. Ім таксама падабаецца вучыць бацькоў правільнаму, на іх погляд, “шашачнаму ходу” (калі яшчэ ім прадаставіцца такая магчымасць?), праводзіць са сваякамі (а часам у працэс уключаюцца не толькі мамы і таты, але і бабулі, дзядулі) час у актыўных зносінах.

Сумесны адпачынак дапамагае павысіць узровень выхаваўчага патэнцыялу сям’і, спрыяе пераходу на больш высокі ўзровень развіцця сямейных адносін.

Аляксандр Аляксандравіч натхняе сваіх вучняў асабістым прыкладам, калі ўдзельнічае разам з імі ў спартыўных шашачных турнірах рознай накіраванасці, паказваючы, якіх вышынь можна дасягнуць дзякуючы працавітасці і актыўнаму ладу жыцця. 23 з 67 вучняў аб’яднання — неаднаразовыя чэмпіёны і прызёры міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў, ёсць і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы. Іх імёны ўнесены ў віртуальную галерэю поспеху ЦТДіМ “Спектр” Гродна.

Наталля ТАРАШЧЫК,
загадчыца аддзела фізкультурна-спартыўнага профілю ЦТДіМ “Спектр” Гродна.