Даволі цікавым атрымалася пасяджэнне творчай групы выхавальнікаў дашкольных устаноў Ганцавіччыны, прысвечанае творчаму развіццю дашкольнікаў сродкамі народнай цацкі. Мерапрыемства, арганізаванае на базе Любашаўскага ясляў-сада — пачатковай школы, праводзілася з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па развіцці творчых і пазнавальных здольнасцей выхаванцаў.
Дырэктар установы С.І.Рылка расказала пра асноўныя напрамкі работы і дасягненні педкалектыву. Выхавальніца Т.І.Ненадавец прэзентавала напрацоўкі па фарміраванні ў дзяцей навыкаў і ўменняў вырабу беларускай народнай цацкі і правяла майстар-клас па вырабе беларускай народнай лялькі. Таццяна Іосіфаўна з дзяцінства займаецца творчасцю. Спачатку стварала простыя вырабы з паперы. Разам з мамай ткала, вышывала, вязала пруткамі. Затым захапілася маляваннем у розных тэхніках. Сёння займаецца рукадзеллем: бісерапляценнем, дэкупажам, выцінанкай і інш.
Для работы з дзецьмі педагог вырабіла лэпбукі (развіццёвыя кнігі) з тканіны і фетру “Ферма”, “Мора”, “Дом”, “Агарод на падаконніку” і інш., а таксама настольныя гульні па бяспецы жыццядзейнасці. З цацкай “Развивай-ка” выступіла на раённым конкурсе сярод выхавальнікаў “Цацка сваімі рукамі”, дзе заняла 1-е месца. Гульня “Развивай-ка” і іншыя развіццёвыя кнігі прэзентавала на абласной канферэнцыі “Гульнявая культура сучаснага дзяцінства”. Сёння Таццяна Іосіфаўна захапілася народнай лялькай. Работа яе выхаванкі Ксеніі Занько “Лялькі з бабулінага куфра” атрымала дыплом ІІ ступені па выніках раённага конкурсу даследчых работ дашкольнікаў “Я — даследчык”. Сёлета педагог удзельнічала ў абласным фестывалі “Размаўляем па-беларуску”, дзе правяла майстар-клас па вырабе лялькі -“закруткі”.
Работы Т.І.Ненадавец неаднаразова выстаўляліся ў раённай дзіцячай бібліятэцы і раённым Доме рамёстваў. Таццяна Іосіфаўна вырабляе не толькі народныя, але і інтэр’ерныя лялькі. Актыўна ўдзельнічае ў канферэнцыях, святочных мерапрыемствах і выставах з майстар-класамі.
У рамках пасяджэння творчай групы Т.І.Ненадавец аформіла выставу абрэзкавых абрадавых, абярэгавых і гульнявых лялек са сваёй калекцыі. У сваю чаргу члены творчай групы прэзентавалі беларускія народныя цацкі са сваіх устаноў, падзяліліся вопытам іх выкарыстання ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Педагогі азнаёміліся з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі далучэння выхаванцаў да народнай культуры, развіцця іх творчых здольнасцей.
Святлана БАГРОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Ганцавіч, кіраўнік творчай групы.