Мне ніяк не спіцца, пакуль на кухні мая піца

Хачу падзяліцца рэцэптам прыгатавання ў духоўцы выдатнай піцы з каўбасой. Цеста атрымліваецца вельмі смачным, лёгка фармуецца. З гэтай колькасці цеста я выпякаю дзве піцы з тонкай асновай. З начынкай можна эксперыментаваць і падбіраць яе на свой густ (грыбы, рыба, агародніна).

Ах, якая ж яна апетытная, гэтая піца “Смачная”!

Інгрэдыенты:

• для цеста: мука — 350 г; дрожджы сухія — 7 г; цукар — 1 ч.л.; соль — 1 ч.л. (без горкі); вада цёплая — 240 мл; алей сланечнікавы — 50 мл;

• для начынкі: каўбаса (вяндліна) — 400 г; паляўнічыя каўбаскі — 2 шт.; сыр (мой любімы “Паўночны”) — 250—300 г; смятана — 2—3 ст.л.; таматная паста — 2—3 ст.л.

Для прыгатавання цеста для піцы змешваю прасеяную муку з соллю, цукрам і дражджамі, уліваю цёплую ваду, перамешваю. Потым дабаўляю сланечнікавы алей і вымешваю цеста да аднароднасці. Яно павінна атрымацца мяккім, але ў той жа час не ліпнуць да рук. Выкладваю цеста ў міску, накрываю ручніком і стаўлю ў цёплае месца на 40 хвілін.

За гэты час цеста павінна павялічыцца ў два разы.

У якасці начынкі для піцы выкарыстоўваю два віды каўбасы, сыр “Паўночны”, смятану і пасту. Сыр націраю на тарцы, каўбасу наразаю. Цеста, якое ўжо падышло, абмінаю, дзялю на дзве часткі. Раскачваю кожную частку цеста на стале, прысыпаю мукой, надаю яму круглую форму, выкладваю на пергамент. Зверху намазваю смятанай і таматнай пастай, выкладваю падрыхтаваную каўбасу, шчодра пасыпаю сырам.

Стаўлю ў загадзя разагрэтую да 180°С духоўку на 25—30 хвілін. “Смачную” піцу з каўбасой вымаю з духоўкі, падаю на стол гарачай, разрэзаўшы на кавалачкі.

Піца на лавашы “Моладзь ацэніць”

Піца на лавашы ў духоўцы — просты і смачны варыянт піцы ў дамашніх умовах.

Гэты рэцэпт мае дзве перавагі: па-першае, гатуецца хутка, па-другое, піца атрымліваецца незвычайна храбусткая і смачная.

Я разумею, што піца вельмі гучная назва для гэтай стравы, але хачу вас запэўніць, што яна будзе нашмат цікавейшай за тую, што прадаецца ў замарожаным выглядзе ў супермаркетах пад аналагічнай назвай.

Інгрэдыенты могуць быць разнастайныя, на ваш густ. Гэта могуць быць запасы з вашага халадзільніка.

Інгрэдыенты: гатовы армянскі тонкі лаваш — 1 упакоўка; 200 г каўбасы; 250—300 г сыру; памідоры — 2 штукі; на ваш густ — цыбуліна, маянэз, кетчуп.

Каўбасу і памідоры наразаю кружочкамі, дробна — цыбуліну, націраю на тарцы сыр і дзялю сырную масу на тры роўныя часткі. На змазаную алеем бляху кладу ліст лаваша, змазваю кетчупам і пасыпаю сырам. Затым другі ліст зноў пасыпаю сырам, трэці змазваю кетчупам, маянэзам (па жаданні). Затым кладу начынку: цыбулю, каўбасу, памідоры — і пасыпаю сырам. Выпякаю ў разагрэтай духоўцы пры 180°С
20—30 хвілін.

Калі ўжо мы закранулі тэму лаваша, паспрабуйце чыпсы з лаваша “Усё вельмі проста!”.

Інгрэдыенты: гатовы армянскі тонкі лаваш — 1 упакоўка; 1 пучок кропу; 2 зубчыкі часнаку; 4 ст.л. аліўкавага алею; перац, соль.

Дробна наразаю кроп, часнок прапускаю праз прэс, салю, перчу, дабаўляю аліўкавы алей, змешваю. Намазваю лаваш прыгатаванай сумессю, вострым нажом наразаю на кавалачкі (памер — па вашым жаданні). Награваю духоўку да 180°С, выкладваю кавалачкі лаваша на сухую бляху і стаўлю ў нагрэтую духоўку на 5—7 хвілін, перыядычна кантралюючы. Гатовыя чыпсы высыпаю ў вялікую талерку. Смачна есці!

Хрумсцікі з лаваша “Як жа гэта нам падабаецца!”

Нам спатрэбіцца: гатовы армянскі тонкі лаваш — 1 упакоўка; 3 ст.л. алею; 1 ч.л. прыправы (салодкая папрыка, соль, часнок).

Лаваш нарэзаць адвольна, заправіць, абсмажыць да залацістай скарыначкі на алеі, даць сцячы. Для салодкага варыянта замест часночнай прыправы гатовыя хрумсцікі можна пасыпаць цукровай пудрай.

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.