У наш час жанчыны і дзяўчаты ўсё часцей звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў сферы прыгажосці для надання твару і целу зачаравання той самай магіі натуральнасці: ты толькі прачнулася, а ўжо прыгожая і свежая. Да такіх працэдур належыць працэс нарошчвання веек. Аднак перад наведваннем майстра варта даведацца, каму проціпаказаны гэтыя працэдуры, а таксама азнаёміцца з шэрагам абмежаванняў і магчымымі непрыемнымі наступствамі працэсу.
Самае галоўнае, на што варта звярнуць увагу, гэта наяўнасць алергіі. У склад клею ўваходзіць даволі моцны алерген цыянаакрылат, рэакцыя на які можа выявіцца і праз некалькі працэдур пасля пачатку нарошчвання. Праяўляецца алергія па-рознаму, найбольш частыя сімптомы: пачырваненне павекаў, сверб, утварэнне гною, прыпухласць верхніх/ніжніх павекаў, чырвань рагавіцы. Пачуццё палення падчас працэдуры пры шчыльна закрытым павеку можа сведчыць пра рэакцыю слізістай на клей, а таму магчымы далейшыя негатыўныя праяўленні. Адчуўшы гэта, варта неадкладна звярнуцца да майстра, які рабіў вам паслугу, з просьбай зняць вейкі (выдаліць з дапамогай растваральнага сродку клей і штучны матэрыял). Калі алергія не прайшла адразу пасля выдалення крыніцы алергіі, варта наведаць урача. Хоць, будзем справядлівыя, у большасці выпадкаў пасля зняцця матэрыялу далейшага лячэння не патрабуецца.
Ёсць яшчэ адзін выпадак, які прымусіць вас звярнуцца да ўрача, — гэта пачырваненне рагавіцы на працягу да трох і больш дзён пасля нарошчвання, і ён сведчыць аб апёку рагавіцы. Гэта можа быць пры няшчыльным змыканні павек у працэсе нарошчвання, калі пары клею трапляюць на рагавіцу і выклікаюць апёк. Няма неабходнасці знімаць прыклееныя вейкі, але ўрача наведаць варта абавязкова, і ў далейшым паспрабуйце выбіраць больш дасведчанага майстра.
Да іншых супрацьпаказанняў да нарошчвання веек адносяцца:
• бранхіяльная астма,
• эпілепсія,
• псарыяз,
• дэмадэкоз,
• захворванні вачэй (кан’юктывіт, блефарыт),
• ВІЧ, гепатыт В, С, Д,
• анкалагічныя захворванні,
• цукровы дыябет,
• хвароба (ВРВІ, грып, ВРЗ),
• псіхічная неўраўнаважанасць,
• нядаўна перанесеная пластычная аперацыя на павеках,
• актыўнае выпадзенне веек.
Знізіць тэрмін нашэння нарошчаных веек могуць такія фактары, як менструацыя (1—5 дзён), прыём гарманальных прэпаратаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, а таксама цяжарнасць ці лактацыя.
Марыя КАСТЭНКА,
урач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.