Набліжаецца красавік, а значыць, і свята Вялікдзень, а перад ім — Вербніца. Зусім хутка беларусы пойдуць у касцёлы і цэрквы, каб асвяціць рознакаляровыя вербачкі. Менавіта вярба ў яшчэ халодныя вясновыя дні выпускае першыя зялёныя лісточкі, а вербныя коцікі лічацца прадвеснікамі непазбежнага прыходу цяпла.
У кожнай мясцовасці галінкі вярбы ўпрыгожваюць па-рознаму. Выкарыстоўваюцца папяровыя кветкі, нітачкі, стужкі, розныя травы. Асабліва папулярны жытнія і аўсяныя каласкі. У гэтым годзе пераняць старадаўнюю традыцыю можна было ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Навучэнцы гуртка па саломапляценні, запрасіўшы на майстар-клас сваіх бацькоў, прадэманстравалі ідэі на тэму перадвелікоднага крэатыву. У спрытных руках вучняў і кіраўніка гуртка Валянціны Вільеўны Віннічак галінкі вярбы вельмі хутка “абрасталі” дэкаратыўнымі ўпрыгажэннямі, а са сцяблінак пшаніцы атрымліваліся прыгожыя завітушкі.
Захоўвалі гурткоўцы і традыцыйны спосаб вырабу: на трох галінках белай вярбы ствараецца кампазіцыя з сухавеек, каласоў, хатніх і садовых кветак вышынёй каля паўметра. Матэрыял для вербачак кіраўнік гуртка нарыхтоўвае яшчэ ўлетку, а потым дзеліцца з вучнямі. Збірае авёс, жыта, каласкі проса, садовыя кветкі, таксама нарыхтоўвае і сушаныя пялёсткі кукурузы, якімі абкручваюцца пачаткі. Згодна з даўнімі традыцыямі, упрыгожваць вярбу трэба толькі з пазітыўнымі думкамі, укладваючы сваю веру ў яе. Можна і жаданні загадваць. Галоўнае — верыць, тады ўсё атрымаецца і збудзецца.
Вольга СЦЕФАНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці.
Фота аўтара.