Пятрушку яшчэ не позна пасеяць на расаду

Пасля доўгай зімы вельмі хочацца зеляніны. І не толькі на дрэвах, але і ў сваім агародзе на градках. Сёння мы пагаворым пра такую распаўсюджаную і любімую многімі культуру, як пятрушка.

Кожны дачнік ведае, якую пятрушку яму выбраць: ліставую або каранёвую. Кожны дачнік або агароднік ведае і тое, калі сеяць пятрушку ў адкрыты грунт. Аднак спосаб вырошчвання пятрушкі праз расаду ня­многія сёння практыкуюць, хоць гэта самы ранні варыянт атрымання такой зеляніны на сваім агародзе. У красавіку яшчэ не позна пасеяць насенне пятрушкі на расаду. Прычым праз расаду можна вырошчваць не толькі ліставую пятрушку, але і каранёвую.

Такім чынам, калі мы вырашылі вырасціць пятрушку праз расаду, трэба прытрымлівацца наступных правіл. Насенне дасць добрыя і дружныя ўсходы, калі яго папярэдне замачыць у летняй вадзе на 3—4 дні. Лепш за ўсё сеяць пятрушку на адлегласці 1 см паміж насеннем і 3 см паміж радкамі. А ўжо ў маі можна будзе высадзіць пятрушку на градку, папярэдне заліўшы вадой да кашкападобнага стану, па адной расліне ў кожную лунку праз 5—7 см. Да гэтага моманту наша расада будзе мець даволі буйныя лісткі, якія трэба будзе крыху прарэдзіць.

У нас, як правіла, добра прыжываюцца ўсе высаджаныя расліны: і ліставыя, і каранёвыя гатункі. Пятрушка, пасеяная вясной звычайным спосабам, па сваёй ураджайнасці не дагоніць атрыманую намі з расады.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.