Брошка ў стылі боха

Боха — гэта змешванне некалькіх стылістычных напрамкаў у модзе, такіх як хіпі, кантры, фальклор, сафары, этнічныя матывы і вінтаж. Боха называюць багемным стылем (цыганскім). “Спалучай і змешвай”— так гучыць галоўнае правіла боха. У выніку атрымліваюцца рэчы, якія, на першы погляд, не спалучаюцца адна з адной.

Асаблівае месца ў багемным стылі займаюць аксесуары. Тут не працуе правіла залатой сярэдзіны або ўмеранасці. Усё якраз наадварот: чым больш, тым лепш. Для стварэння ўпрыгажэнняў у стылі боха спатрэбіцца тое, што ў прамым сэнсе слова адпраўляецца ў скрынку для смецця: лён, абрэзкі карункаў, канвы, розныя тасёмкі, абрыўкі джынсу, старыя пацеркі.

Для стварэння брошкі нам спатрэбіцца:

палоска натуральнай баваўнянай тканіны — 75 см;

аздобная стужка;

падкладка пад мацаванне;

мацаванне для брошкі. (Малюнак 1.)

Паслядоўнасць дзеянняў

З асноўнай тканіны робім закручаны жгут на ўсю даўжыню палоскі. (Малюнак 2.)

Пачынаючы з канца жгута, скручваем яго па крузе ў спіраль, замацоўваючы іголкамі з наканечнікамі. (Малюнак 3.)

Ручным швом замацоўваем скручаны жгут наскрозь уздоўж спіралі па ўсім перыметры, пакуль не пераканаемся, што замацавана надзейна. (Малюнкі 4,5.)

Далей па краі прышываем аздобную стужку. (Малюнак 6.)

На ніжні бок прыклейваем падкладку для эстэтычнасці і мацавання брошкі. (Малюнак 7.)

Прыклейваем мацаванне для брошкі. (Малюнак 8.)

Пры жаданні можна дэкарыраваць брошку пацеркамі, каменьчыкамі. (Малюнак 9.)

Эльвіра ПЕРАДНЯ,
кіраўнік узорнай студыі юнага мадэльера “Жамчужына”;
Наталля СТЭЛЬМАХ,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска Магілёўскай вобласці.