Здзівіце гасцей і родных неверагодна прыгожымі і смачнымі курынымі рулецікамі. Просты рэцэпт з далікатных курыных грудак ператворыць любы абед ці вячэру ў святочную.
- Рулецікі можна прыгатаваць не толькі з курынага філе, але і з сакавітых кумпячкоў, папярэдне вызваліўшы іх ад костачак.
- Курыныя рулецікі можна падаваць як у халодным, так і ў гарачым выглядзе з гарнірам ці салатам.
- З начынкамі можна эксперыментаваць, надаючы страве новыя цікавыя смакі. Прыгатуйце пачастунак з сырам і грыбамі; сырам і памідорамі; сырам і часнаком; з вяндлінай або беконам; з амлетам і балгарскім перцам — рулецікі атрымліваюцца асабліва мяккімі, а балгарскі перац надае сакавітасць і яркасць страве.
Смачныя і простыя ў прыгатаванні курыныя рулецікі з сырам
Курыныя рулецікі гатую з філе, унутр якога кладу два віды сыру (плаўлены і цвёрды) і сметанковае масла. Укачваю ў паніровачную сумесь ад “Лідкана” “Хрусткая скарыначка” — рэкамендую, яна сапраўды смачная! Да таго ж свая — беларуская!
Працэс гатавання зусім не складаны, а смак вас парадуе.
Інгрэдыенты: філе курынае — 250—300 г; яйкі — 2 шт.; сумесь паніровачная “Хрусткая скарыначка” — 5 ст.л.; сыр плаўлены — 5 кавалачкаў; сыр цвёрды — 5 кавалачкаў; сметанковае масла — 5 кавалачкаў; кроп — пучок; соль, перац чорны — на смак.
Гатуем. Курынае філе старанна вымываю пад халоднай праточнай вадой, затым выкладваю яго на ручнік і добра прасушваю. Адразу наразаю на доўгія кавалачкі, каб зручна было закручваць рулецікі. Кожны акуратна адбіваю. Толькі сачыце за тым, каб філе не парвалася, інакш курыны рулецік з сырам не атрымаецца, начынка выцеча. Бяру адзін кавалачак філе і на яго зверху кладу кавалачкі цвёрдага і плаўленага сыроў. Сметанковае масла дастаю з халадзільніка і рэжу палоскамі таго ж памеру, што і шырыня кавалачкаў філе. Побач з сырам выкладваю палоску сметанковага масла. Акуратна скручваю рулецік з сырам так, каб закрыць усю начынку. Кожны абмакваю ў яйка, а затым акуратна ўкачваю ў паніровачную сумесь. Абсмажваю на разагрэтай патэльні на любым алеі. Гатовыя курыныя рулецікі падаю з рысавай кашай або бульбяным пюрэ.
І, канечне, не будзе лішняй смятанная падліўка. Проста змяшайце 4 ст. л. смятаны; 2 здробненыя зубчыкі часнаку; 1 ст.л. дробна парэзанага кропу і соль.
Курыныя рулецікі з сырам гатовы.
Курыныя рулецікі ў бульбяным “кажушку” гатую з адбіўных.
- Любое мяса, каб яно хутчэй смажылася, лепш падрыхтаваць загадзя. Для гэтага курынае філе дастаткова злёгку адбіць малаточкам, заправіць вашымі любімымі травамі, пасаліць і замарынаваць у алеі. Потым трэба скласці адбіўныя ў міску, накрыць яе і паставіць у халадзільнік на некалькі гадзін.
На гэты раз рэцэпт рулецікаў не зусім звычайны, але вашы госці застануцца заўсёды задаволеныя, а галоўнае — сытыя.
Такія курыныя рулецікі вы можаце падаць з любым гарнірам ці проста з агароднінай, што больш смачна і карысна, бо яны ўжо ідуць у гатовым “кажушку” з бульбы. Я вас зацікавіла? Тады давайце пачнём прыгатаванне вельмі мяккіх, сакавітых курыных рулецікаў.
Курыныя рулецікі ў бульбяным “кажушку”
Інгрэдыенты: курынае філе (грудкі) — 600—800 г.; сыр цвёрды — 150 г; зеляніна (любая) — для начынкі; часнок — 1—2 зубчыкі; алей — 2—3 ст.л.; бульба — 3—4 шт.; яйкі — 2 шт.; крухмал — 3 ст.л.; соль і перац чорны молаты — на смак; мука — для абсыпання, алей — для смажання рулецікаў.
Гатуем. У глыбокую місу надзіраю сырую бульбу на буйной тарцы, дабаўляю сырое яйка, крухмал, соль і перац, змешваю.
Кожны рулецік укачваю ў муку, у гэты ж час стаўлю на пліту разаграваць патэльню з алеем. Затым кожны рулецік абмакваю ў бульбяную масу, імкнучыся, каб на мясе яе затрымалася як мага больш. І адразу ж адпраўляю абсмажвацца. Дзейнічаю хутка і акуратна!
Калі ў вас трохі “злез” бульбяны “кажушок” пры пераварочванні рулецікаў, нічога страшнага, проста далажыце лыжкай яшчэ трохі надзёртай бульбы на гэты бок і зноў прасмажце. Будзе яшчэ смачней.
Абсмажваю ўсе рулецікі, якія змясціліся на адну патэльню, пад накрыўкай трымаю хвілін 5—7 — давожу іх да поўнай гатоўнасці.
Падаваць такія курыныя рулецікі можна з “карысным” гарнірам — любімай свежай агароднінай.
А на развітанне для вас, даражэнькія, рэцэпт — мара мясаедаў! Рэцэпт-бомба!
Свіныя рулецікі “Закачаешся!”
Вельмі гарманічным атрымліваецца спалучэнне пюрэ, грыбоў і свініны. Рулецікі атрымліваюцца сакавітымі, з яркім насычаным смакам, іх не сорамна паставіць на святочны стол ці проста атрымаць асалоду ад рамантычнай вячэры з каханым. Гатаваць лёгка і проста, а атрымліваецца вельмі сытна і смачна.
Інгрэдыенты: свініна (карэйка) — 500 г; грыбы — 200 г; цыбуля — 1 шт.; салёны агурок — 1 шт., сыр “Паўночны” — 100 г; лыжка смятаны; пюрэ бульбяное — 1шклянка; соль і чорны перац — на смак.
Цыбулю і грыбочкі крышу і абсмажваю ў невялікай колькасці алею да гатоўнасці, салёны агурок і сыр наразаю на брусочкі. Гатую начынку для рулецікаў: бульбяное пюрэ змешваю са смажанымі грыбамі і цыбуляй, смятанай, запраўляю соллю і перцам. Мяса наразаю парцыённымі кавалачкамі, добра адбіваю з двух бакоў, салю, перчу. На кожным раскладваю сталовую лыжку начынкі, брусочак салёнага агурка і сыру, скручваю рулецік, абсмажваю на патэльні. Гатовыя рулецікі ўкладваю ў форму і адпраўляю ў разагрэтую да 200°С духоўку. Гатую, пакуль рулецікі не атрымаюць прыгожы залацісты колер. І помніце пра смятанную падліўку!
Каб у працэсе прыгатавання рулецікі са свініны не разваліліся, звязвайце іх трывалымі кулінарнымі ніткамі. Выкладваць у форму або на бляху неабходна швамі ўніз.
Круціце рулецікі замест звычайных адбіўных і цешце сваіх блізкіх смакатой!
З павагай і любоўю — Анатольеўна.
Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.