Дэкаратыўны перац Аладзін

Сярод кветкаводаў існуе тайнае дзяленне на тых, хто лічыць за лепшае вырошчваць хатнія расліны, якія трэба рэдка паліваць ці перасаджваць, або расліны, якія абавязкова цвітуць, а ёсць група кветкаводаў­аматараў, якія аддаюць сваю “раслінную” перавагу такім экзэмплярчыкам флоры, якія не толькі прыгожыя, але разам з тым і карысныя ў побыце. Вось і мне выпадкова пашанцавала 3 гады назад стаць шчаслівай уладальніцай 2 малюсенькіх “дзіцянят” дэкаратыўнага перцу Аладзін, які, як аказваецца, не толькі па­свойму прыгожы, але таксама можа быць прыменены гаспадынямі ў кулінарыі.

На дадзены момант існуе вялікая колькасць гатункаў дэкаратыўнага перцу. Ён бывае з чырвонымі пладамі ці з жоўтымі, з прадаўгаватымі струкамі ці з круглымі. Догляд любога з гатункаў зводзіцца да наступнага:

1. Пры выбары глебы для пасадкі аддайце перавагу рыхлым тарфяным глебагрунтам, бо перац любіць часты паліў цёплай вадой (!), а ў цяжкай глебе расліна можа “задыхнуцца”.

2. Не эканомце на аб’ёме вазона. Чым большы вазон (як мінімум на 1,5—2 літры), тым буйнейшая фарміруецца расліна. Асабіста я выбіраю вазон на 2 літры і большы і саджу туды адразу некалькі кусцікаў, такім чынам атрымліваецца прыгожая “жывая агароджа”, якую, дзякуючы багаццю рознакаляровых пярчынак, можна параўнаць з навагодняй ёлкай з агеньчыкамі.

3. Для фарміравання прыгожага і пышнага куста расліну трэба ўшчыпваць, гэта значыць не шкадуйце перац, а перыядычна зразайце верхавіны. Ваша “бязлітаснасць” справакуе ў расліны рост бакавых парасткаў, як вынік — пышны куст і больш пярчынак.

4. Для барацьбы са шкоднікамі сіс­тэматычна (як мінімум 1 раз на месяц) апырсквайце расліну любым растворам ад шкоднікаў, а калі такога ў вас няма, тады звычайны дыхлафос з лёгкасцю справіцца з пастаўленай задачай.

5. Маёй самай першай памылкай, якую я зрабіла пры спробе “пазнаёміцца” з дэкаратыўным перцам, была звычайная кветкаводчая няўважлівасць. Уся справа ў тым, што дагэтуль мне заўсёды даводзілася мець дачыненне да звычайных хатніх раслін, якія расцвілі, пацвілі і адцвілі. На гэтым іх эстэтычнае прызначэнне заканчвалася. З перцам жа трэба дабіцца плоданашэння, якое без апылення немагчымае. Першы месяц я безнадзейна назірала, як адна за адной безвынікова адцвіталі кветачкі, не пакінуўшы пасля сябе “нашчадкаў”. У кватэры няма пчол, якія ў адкрытым грунце выконваюць функцыі апылення. Таму я вырашыла ўзяць на сябе ўсю адказную работу пчол і пачала самастойна (з дапамогай звычайнага пэндзля або падушачкі пальца) апыляць кветкі.

6. На жаль, адной памылкай наша “знаёмства” не скончылася. Прыйшоў час атрымаць уласную расаду. Для гэтага я сарвала чырвоную пярчынку, разрэзала яе папалам, акуратна дастала адтуль насенне, расклала яго на паперу і дала яму прасохнуць адзін тыдзень. Адразу ж хачу папярэдзіць пра неабходнасць вельмі стараннага мыцця рук пасля ўсёй гэтай працэдуры “раскрыцця”, бо перац вельмі востры, і пры пападанні яго соку ў вочы, нос ці рот прыемнага будзе мала. Мая другая памылка была ў вельмі глыбокай пасадцы насення, што прывяло да таго, што свае першыя ўсходы я чакала больш за месяц. Цяпер для пасадкі насення выбіраю звычайную ёмістасць з­пад смятаны, засыпаю яе напалову (!) грунтам, шчодра паліваю гэты грунт і потым хаатычна пасыпаю насенне. Пасля гэтага злёгку прысыпаю насенне зямлёй, але ўжо ні ў якім разе не паліваю засыпаны грунт, а таксама не ўтрамбоўваю яго. Накрываю гэтую ёмістасць цэлафанавым пакетам, ствараючы такім чынам міні­парнік. Як правіла, першыя ўсходы пачынаюць прабівацца ўжо праз тыдзень. Вельмі важна ў гэты час ні ў якім разе не адкрываць цэлафанавы пакет на працягу паўтара­двух тыдняў. У адваротным выпадку неакрэплая расада ад звычайнага халаднаватага павеву хатняга паветра ці кропель кандэнсату на цэлафане можа проста “ўпасці”.

Калі на расадзе з’яўляецца 5­ы лісток, я пачынаю рассаджваць яе па асобных ёмістасцях, дзе яна расце ўжо самастойна каля 2 месяцаў. І толькі потым я смела перасаджваю расліну ў асобны (пастаянны) вазон.

Я па­ранейшаму працягваю перыядычна ўшчыпваць верхавіны ў дарослых раслін. Першапачаткова пярчынкі, якія з’явіліся, маюць жаўтавата­зялёны колер, потым яны паступова мяняюць яго на фіялетавы (але не ўсе пярчынкі так робяць), а чырвоны колер яны набываюць толькі праз 1,5—2 месяцы.

Вось менавіта плады чырвонага перцу можна дабаўляць у ежу, але рабіць гэта трэба вельмі асцярожна, каб не перабраць меру, бо плады дэкаратыўнага перцу вельмі вострыя і пякучыя.

Таццяна МІХНЕВІЧ,
выкладчыца англійскай мовы Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці.
Фота аўтара.