Карысная смаката

Піша вам ваш пастаянны аўтар і чытач. Гэтым разам я вырашыла падзяліцца рэцэптамі смачных страў у рубрыцы “Дамашняя энцыклапедыя”. Зараз большая частка нашага настаўніцтва знаходзіцца ў летнім адпачынку. Чаму б не парадаваць свае сем’і карыснымі і смачнымі салодкімі прысмакамі? 

Тварожны пірог з карыцай

Нядаўна я прыгатавала яго разам з дзецьмі. Асаблівая карысць гэтага пірага ў тым, што ў ім утрымліваюцца натуральныя хатнія малочныя прадукты. З дапамогай такога смачнага пірага лёгка накарміць тварагом маленькіх дзяцей, якія звычайна яго не любяць. Зразумела, можна замяніць прадукты з хатняга каровінага ці казінага малака купленымі ў магазіне.

Інгрэдыенты: 500 г тварагу, 200 г сметанковага масла, 200 г цукру, 3 яйкі, 100 г смятаны 15—20% тлустасці, 400 г пшанічнай мукі, молатая карыца на смак, алей.

Гатаванне

Давесці сметанковае масла да хатняй тэмпературы. У місцы расцерці 100 г цукру і масла. Пасля дабавіць муку і 1/2 чайнай лыжкі карыцы. Гатовая сумесь павінна ператварыцца ў крошку.

 У асобным посудзе ўзбіць тварог, 100 г цукру, яйкі і смятану. Можна міксерам, а можна абысціся і без яго. Пасля таго, як сумесь стане аднастайнай, дабавіць у яе 1/2 чайнай лыжкі карыцы. Усё добра змяшаць. Гэта будзе начынка нашага пірага.

На дно формы (я выкарыстоўваю шкляную вогнетрывалую) палажыць паперу для выпякання, злёгку змазаць яе алеем і высыпаць палову цеста. Зверху выліць тварожную масу, затым астатнюю частку цеста.

Выпякаць 45—50 мінут да гатоўнасці пры сярэдняй магутнасці духоўкі. Падаваць пірог трэба з халодным або гарачым малаком ці вяршкамі.

Дамашнія труфелі ў какосавай стружцы

Інгрэдыенты: 200 г дзіцячай малочнай сумесі для немаўлят (я купляю “Белакт Імуніс 3+”), 100 г сметанковага масла, 50 г малака, 4 ст. лыжкі какавы, 50 г цукру, чарніцы для начынкі, какосавая стружка для пасыпкі.

Гатаванне

У невялікай каструльцы распусціць сметанковае масла. Затым дабавіць цукар і малако. (Мая парада: калі пад рукой не будзе малака, можна згатаваць дзіцячую сумесь па інструкцыі і выкарыстаць яе.) Давесці да кіпення, памешваючы, каб цукар поўнасцю растварыўся.

Зняць каструльку з пліты і паступова дабаўляць у яе 200 г дзіцячай сумесі, пастаянна перамешваючы. Усыпаць какаву. Масу, якая атрымалася, ска­чаць у шар і пакінуць на 30 мінут у халадзільніку. Потым ад камяка цеста трэба адшчыпнуць невялікія кавалачкі, сфармаваць шарыкі, а ў сярэдзіну кожнага пакласці чарніцы. Укачаць у какосавую стружку. Пакінуць у халадзільніку на гадзіну.

Падаваць з кавай або чаем.

Пірог з пясочнага цеста з чарніцамі

Інгрэдыенты: 200 г сметанковага масла, 3 яйкі, 150 г цукру, 300 г мукі.

Для начынкі: 300—400 г чарніц.

Для сметанкова­арэхавай сумесі: 50 г замарожанага сметанковага масла, 125 г цукру, 50 г мукі, 100 г ачышчаных грэцкіх арэхаў.

Гатаванне

Муку прасеяць. Сметанковае масла ўзбіць з цукрам. Затым паступова дабавіць у сумесь па адным яйку, добра перамешваючы. Усыпаць муку, перамяшаць.

На вогнетрывалую форму пакласці ліст для запякання, змазаць яго алеем. Гатовае цеста вылажыць лыжкай. На яго — чарніцы. Пірог пасы­паць сметанкова­арэхавай сумессю (для яе прыгатавання замарожанае мас­ла націраецца на тарцы, дабаўляецца мука, цукар і здробленыя арэхі).

Выпякаць пірог 40—50 мінут да румянай скарыначкі.

Падаваць гарачым.

Смачна есці!

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.