Да правільнай паставы

Прафілактыка парушэнняў апорна-рухальнага апарату (АРА) уяўляецца першачарговай задачай, бо пастава чалавека не толькі ўплывае на прыгажосць фігуры, усё аблічча, але і аказвае прамы ўплыў на здароўе. Пры пагаршэнні паставы парушаецца функцыя дыхання і кровазвароту, запавольваецца дзейнасць печані і кішэчніка, зніжаюцца акісляльныя працэсы, што вядзе да паніжэння фізічнай і разумовай працаздольнасці. Дэфекты паставы часта выклікаюць парушэнні зроку (астыгматызм, блізарукасць) і морфа-функцыянальныя змены ў пазваночніку, якія вядуць да скаліёзаў, кіфозаў і астэахандрозу.

Улічваючы распаўсюджанасць гэтага віду паталогіі сярод дзяцей, рост колькасці парушэнняў ужо сярод дашкольнікаў, наша школа з кастрычніка 2010 года пачала выкарыстоўваць на практыцы перадавы педагагічны вопыт дашкольнай установы № 102 для вырашэння адной з праблем — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Укараненне ў практыку названага кірунку ажыццяўлялася на базе 3 “В” класа, бо ў гэтым класе артапедам была выяўлена найбольшая колькасць дзяцей з парушэннямі АРА. Паколькі ўсе сфарміраваныя дэфекты паставы выправіць немагчыма, галоўнай задачай стала — не даць хваробе развівацца. Вынікі абследавання дзяцей у канцы навучальнага года пацвердзілі эфектыўнасць работы, якая праводзіцца: хвароба не прагрэсіруе. Для правядзення эксперыментальнай работы па папярэджанні і карэкцыі парушэнняў паставы створаны неабходныя ўмовы:

  •  рэгулярна праводзіліся кансультацыі, сходы для бацькоў: “Прафілактыка парушэнняў паставы”, “Значэнне паставы ў жыцці чалавека”, “Бытавыя прычыны дэфармацыі апорна-рухальнага апарату”, “Гульні для паставы і ступні”, “Як павінна быць арганізавана працоўнае месца школьніка дома”; абнаўлялася стэндавая інфармацыя для бацькоў;
  •  з дапамогай бацькоў у класе групе прадоўжанага дня было створана здароўезберагальнае асяроддзе: зроблены слядочкі-масажоры, “вясёлыя блінцы”, дарожкі для прафілактыкі і карэкцыі плоскаступнёвасці, цурачкі, куток паставы, турнік; набыты гімнастычныя палкі і мячы;
  •  выкарыстоўваўся комплекс практыкаванняў, рухавых гульняў, фізкультхвілінак па навучанні дзяцей правільнай паставе і прафілактыцы яе парушэнняў: “Марская зорка”, “Кошка”, “Самалёт”, “Млын”, “Помпа”, “Афіцыянт”, “Нясём ваду каромыслам”, “Балерына”, “МНС спяшаецца на дапамогу”, “Роўная спіна”, “Прыгожая пастава”, “Жураўлікі”, “Мы лепш за ўсіх” і інш.;
  •  сабрана скарбонка наглядна-дыдактычнага і метадычнага матэрыялу па фарміраванні правільнай паставы, відэаматэрыялаў, якія адлюстроўваюць сістэму работы педагагічнага калектыву пачатковай школы па прафілактыцы парушэнняў апорна-рухальнага апарату і ўмацаванні здароўя вучняў.

пастава5 стар(сайт) copyРабота па папярэджанні, карэкцыі і ўмацаванні паставы ў групе прадоўжанага дня штодня пачыналася з “прывітання” турнічка і выканання практыкаванняў каля трэніровачнай сцяны. Падчас спартыўнай гадзіны, фізкультурна-аздараўленчых заняткаў выкарыстоўваліся комплексы практыкаванняў з гімнастычнымі палкамі, эстафеты з мячамі, рухавыя гульні “Прайдзі, не ўпадзі”, “Квач”, “Не выпусці мяшочак”, якія спрыяюць умацаванню мышачнага гарсэта пазваночніка, мышцаў ступні і галёнкі, накіраваны на карэкцыю нязначных адхіленняў у паставе і ступні дзіцяці. Гэтыя віды дзейнасці дазвалялі задаволіць фізіялагічную патрэбу школьнікаў у руху, спрыялі развіццю асноўных рухальных навыкаў і падтрыманню працаздольнасці на працягу дня.
Пасля ціхай гадзіны дзеці, лежачы ў ложку, з задавальненнем выконвалі практыкаванні “Качалачка”, “Колца”, “Кошык”. Пасля праходжання “Дарожкі адчуванняў” з “вясёлымі блінцамі” выконвалі фізкультхвілінкі з імітацыяй рухаў любімых жывёл. Падчас заняткаў гутарылі на тэмы “Правільная пастава пры засынанні”, “Што трэба рабіць, каб захаваць спінку роўнай?” і інш.
На працягу дня праводзіліся фізкультурныя хвілінкі або хвілінкі радасці. Пад музыку дзеці выконвалі любыя фізічныя практыкаванні, тым самым знімалі напружанне спіны, вачэй, вызвалялі арганізм ад негатыўных эмоцый. Пастаянна звярталіся да кутка паставы, слядоў-масажораў, дарожкі здароўя. Усё гэта суправаджалася словамі заахвочвання, адабрэння, узбадзёрвання з боку дарослых, без нагадванняў, указанняў на памылкі і выпраўленні, без пастаянных тлумачэнняў і ўнушэння. Заахвочваліся самастойныя рухавыя і спартыўныя гульні кожнага дзіцяці дома і на вуліцы. Такая сістэма штодзённых педагагічных уздзеянняў дапаможа выпрацаваць у будучыні звычку ў дзіцяці дастаўляць задавальненне свайму целу рухамі, а таксама перавесці атрыманыя навыкі на ўзровень самастойнага выкарыстання і самакантролю, што будзе спрыяць нармальнай дзейнасці ўнутраных органаў, умацаванню здароўя і павышэнню працаздольнасці.
Цяжкасці ў ходзе ўкаранення гэтага кірунку былі ў тым, што не ўсе бацькі прымалі ў ім удзел. Прафілактыку парушэнняў паставы для гарманічнага псіхафізічнага развіцця дзяцей варта праводзіць педагогам, бацькамі і дзіцем разам.

1. Парады бацькам па прафілактыцы парушэнняў апорна-рухальнага апарату
* Каб папярэдзіць няправільную паставу, правільна выбірайце дзіцяці матрац: ён павінен быць жорсткі, пругкі, плоскі. Падушка не павiнна быць аб’ёмнай і мяккай.
* Працоўнае месца дзіцяці трэба рацыянальна абсталяваць. Крэсла не павінна быць занадта нізкім. Лепш набыць спецыяльную парту для школьнікаў, бо вышыню яе можна адрэгуляваць у залежнасці ад росту дзіцяці. Седзячы за сталом, дзіця не павінна дакранацца да яго грудзьмі; пазваночнік трэба трымаць прама, роўна; тулава, злёгку нахіленае наперад, не павінна абапірацца на локці.
* Нельга сядзець нага за нагу, на падціснутай пад сябе назе, бо ад гэтага парушаецца раўнавага тулава. Калі вы заўважылі, што дзіця нізка схіляе галаву над сшыткам пры пісьме, адвядзіце яго да акуліста.
* Калі ў вас узніклі сумненні ў правільнасці паставы дзіцяці, звярніцеся да доктара; парайцеся з ім, уладкоўваючы дачку ці сына ў спартыўную секцыю. З відаў спорту, якія спрыяльна ўплываюць на фарміраванне паставы, можна адзначыць спартыўную гімнастыку, акрабатыку, фігурнае катанне. А вось язда на веласіпедзе, бег на каньках у нізкай стойцы могуць адмоўна ўплываць на паставу.

2. Практыкаванні і гульні для пазваночніка і правільнай паставы
Практыкаванні каля сцяны
Дзіця становіцца спінай да сцяны без плінтуса і прыціскаецца пяткамі, ягадзіцамі, спінай, патыліцай. За паяснічны прагін павінна праходзіць шчыльна яго далонь.
* Не змяняючы становішча, дзіця павінна зрабіць наперад некалькі крокаў, потым зноў вярнуцца да сцяны і прыняць зыходнае становішча.
* Не адрываючы ад сцяны спіну і патыліцу, прысесці з прамой спінай, паўтарыць прысяданне.
* Стаць каля сцяны і падняць рукі ў бакі, потым — уверх і ўперад.
* Па чарзе падняць сагнутыя ў каленях ногі, захопліваючы іх рукамі і прыціскаючы да тулава.
Практыкаванні з прадметамі
Для іх выканання варта ўзяць невялікі мяшочак, напоўнены пяском або соллю, вагой 200—300 грамаў.
Стаць каля сцяны, мяшочак трымаць на галаве.
* Абысці стол, крэсла, прайсці да процілеглай сцяны.
* Адысці ад сцяны, захоўваючы правільнае становішча тулава, прысесці, сесці “па-турэцку”, стаць на калені і вярнуцца ў зыходнае становішча.
* Стаць на лаўку, сысці з яе (паўтарыць 20 разоў).
Практыкаванні для ўмацавання мышцаў плечавога пояса
* Пакласці далоні на лапаткі (локці знаходзяцца ўверсе). Развядзём рукі ў бакі так, каб лапаткі дакрануліся адна адной.
* Кісці рук сашчапіць за спінай, правую руку трымаць зверху над лапаткамі, левую руку — унізе пад лапаткамі, змяняць становішча рук.

Гульні для ўмацавання паставы і ступні, карэкцыі росту ў дзіцяці

“Стоп”
Правілы:
1) прымаць правільную паставу на сігнал “Стоп”;
2) ісці на зыходную пазіцыю па ўказанні вядучага.
Змест: гульцы выстройваюцца на лініі. Насупраць дзяцей стаіць дарослы і гаворыць: “Хутка ідзі, глядзі, не спі… Стоп!”. Дзеці ідуць па пакоі, а на сігнал спыняюцца і прымаюць правільнае становішча паставы. Дарослы адзначае, хто не паспеў прыняць правільную паставу. Гэтыя гульцы адпраўляюцца на зыходную пазіцыю.
“Лаві камара”
Правілы:
1) узгадняць кожны скачок з воплескам рук;
2) скакаць як мага вышэй;
3) дыферэнцыраваць воплескі па назве.
Змест: дзеці стаяць у крузе ў зыходным становішчы, ногі паасобку, рукі апушчаны. Вядучы гаворыць, што ўсе знаходзяцца ў лесе, дзе шмат камароў: “Будзем адганяць камароў. Я вам буду казаць, дзе камар, а вы павінны падскочыць як мага вышэй і пляснуць у далоні, як быццам яго ловіце”. Малышы хорам гавораць “з-з-з”, вядучы называе арыенціры для ўдараў: камар каля твара, над галавой, высока, яшчэ вышэй, справа, злева і г.д.
“Гарачы мяч”
Матэрыял: мяч.
Правілы:
1) займаць правільнае зыходнае становішча;
2) дакладна адпраўляць мяч у патрэбным кірунку.
Змест: гульцы размяшчаюцца па крузе, лежачы на жываце, тварам да цэнтра, рукі сагнуты ў локцях, кісці пад падбародкам. У аднаго з дзяцей у руках мяч. Прагнуўшыся, дзіця штурхае мяч аднаму з удзельнікаў гульні і займае зыходнае становішча. Гулец, які атрымаў мяч, прагінаецца і пасылае мяч наступнаму гульцу. Дзіця, якое не здолела хутка прыняць мяч і адправіць яго іншаму гульцу, атрымлівае штрафное ачко.
“Дакладна ў цэль”
Матэрыял: па 10 дробных прадметаў (каменьчыкаў, гузікаў, маленькіх шарыкаў і г.д.) на кожнага гульца і столькі ж пластмасавых колцаў.
Правілы:
1) на працягу ўсёй гульні правільна трымаць паставу;
2) каменьчыкі пераносіць без дапамогі рук;
3) пачынаць рух па сігнале.
Змест: дзеці сядзяць парамі адно насупраць аднаго. Перад кожным у лінію раскладзены колцы, у плоскай каробцы — каменьчыкі. Па сігнале дзеці пачынаюць браць з каробкі дробныя прадметы пальцамі ног і адпраўляць у колцы. Пераможцам лічыцца той, хто хутчэй перанясе ўсе каменьчыкі, не выпусціўшы іх.
Наступны рух: сабраць колцы пальцамі ног у адным месцы, затым кожнае колца перанесці на старое месца.
Варыянты рухаў: кіданне камянёў і колцаў пальцамі ног; штурханне пальцамі, сярэдзінай ступні, пяткамі колца з каменьчыкам.
“Скруці дарожку”
Матэрыял: дарожкі са шчыльнай тоўстай тканіны шырынёй 20—25 см, даўжынёй 1—1,5 м на кожнага ўдзельніка гульні.
Правілы:
1) сядзець з прамой спінай;
2) пачынаць рухі адначасова па сігнале і як мага хутчэй.
Змест: сесці на нізкае крэсла (кубік) або на падлогу перад раскладзенай дарожкай са шчыльнай тоўстай тканіны (шырынёй 15—20 см) і скручваць яе пальцамі абедзвюх ног адначасова, пакуль дарожка не будзе згорнута ў рулон.
“Прайдзі, не ўпадзі”
Матэрыял: любая дапаможная прылада для хады (канат, вяроўка, вузкая дарожка, лесвіца), якая кладзецца ў свабоднай частцы пакоя.
Правілы:
1) ісці па дарожцы з правільнай паставай, ставячы ступні з невялікім разваротам наскоў ног у бакі;
2) пры памылцы рух пачаць з зыходнай пазіцыі, ісці ўпэўнена.
Змест: малышы ідуць адно за адным па дарожцы, якая ляжыць на падлозе. Паўтараюць рух 3—6 разоў (па дамоўленасці). Выйграе той, хто праходзіў усю дарожку ад пачатку да канца ўпэўнена, трымаючы правільна паставу. Хадзіць па рэйках лесвіцы, якая ляжыць на падлозе (канаце, вяроўцы, вузкай дарожцы і г. д.).

Ірына РАДЗЬКОВА,
выхавальнік ГПД сярэдняй школы №41 Магілёва.