Пасіўнае курэнне

Вам вядома, што амаль кожны пяты жыхар Беларусі падвяргаецца ўздзеянню тытунёвага дыму дома (18,8%) або на працоўным месцы (14,9%)? Сярод маладых людзей да 18 гадоў 25% падвяргаецца пасіўнаму курэнню дома. Гэта сапраўды шмат. Прычым пасіўнае курэнне нашмат больш небяспечнае, чым актыўнае.

У дыме, што выдыхаецца пры курэнні, утрымліваецца да 70% рэчываў, якія ўтвараюцца пры згаранні тытуню. Акрамя таго, цыгарэтны дым разам з небяспечнымі хімічнымі рэчывамі можа доўгі час заставацца на вопратцы, мэблі і фіранках, назапашвацца ў абіўцы і сядзеннях машыны, непрыметна пагаршаючы здароўе, нават калі вы не курыце. Уздзеянне другаснага тытунёвага дыму павялічвае рызыку развіцця і ўзнік­нення астмы, алергічных рэакцый, хвароб лёгкіх, сардэчна­сасудзiстых захворванняў (інфаркту і інсульту), а таксама ўскладненняў падчас цяжарнасці і родаў.

Што рабіць, каб засцерагчы сябе і іншых ад другаснага тытунёвага дыму? Не курыце дома, унутры памяшканняў, нават пад выцяжкай або каля адчыненага акна. Падчас курэння выходзьце на вуліцу, пры гэтым адыходзьце ад уваходу і адчыненых вокнаў не менш чым на 5 метраў. Калі кураць побач з вамі на вуліцы, вы можаце папрасіць чалавека курыць у іншым месцы ці адысці ад яго. Выкарыстоўвайце сваё права дыхаць чыстым паветрам! Не курыце самі побач з іншымі людзьмі. Не курыце ў аўтамабілі незалежна ад таго, ці ёсць у ім яшчэ людзі. Не дазваляйце і іншым курыць у машыне.

80% тытунёвага дыму не бачна. Калі вы адчуваеце пах тытуню, вы ўжо падвяргаецеся пасіўнаму курэнню і ўдыхаеце шкодныя рэчывы. Памятайце, што лепшы спосаб засцерагчы сябе і навакольных ад тытунёвага дыму — адмовіцца ад курэння.

Ганна РОДЗІЧ,
валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.