У кожнай краіне, дзе маразы правяраюць людзей на трываласць, існуюць свае нацыянальныя спосабы барацьбы з халадамі. І напіткам тут адведзена асаблівае месца. Гэта можа быць проста чай, травяны адвар, мёд, віно, малако, моцны алкаголь, шакалад, кава або ўсе магчымыя спалучэнні гэтых інгрэдыентаў.
Прапануем вам успомніць правераныя часам рэцэпты сагравальных напіткаў для зімы, якія паслужаць пачаткам цікавай гутаркі зімовым вечарам і дапамогуць “адтаяць” нават самым прамерзлым гасцям.
Гарачыя зімовыя напіткі, рэцэпты якіх можна пералічваць бясконца, наўрад ці абыдуцца без падбадзёрлівых імбірных кактэйляў. Гэты цуда-корань фантануе карыснымі ўласцівасцямі. Корань імбіру, як і часнок, павышае імунітэт і дапамагае змагацца з прастудай, бо ў ім змяшчаюцца кальцый, магній, фосфар, жалеза, цынк, а таксама вітаміны А, В і С для добрага тонусу. Ён здымае боль і запаленне ў горле, перашкаджае размнажэнню хваробатворных бактэрый, узмацняе імунную ахову арганізма.
Для прыгатавання напітку вазьміце некалькі буйных лімонаў, мёд і корань імбіру. Ачысціце прыкладна 50 грамаў імбіру і натрыце на дробнай тарцы, дабаўце парэзаны лімон. Атрыманую кашку заліце дзвюма шклянкамі пітной вады і пакіньце на 20 хвілін на сярэднім агні. У завараны імбір дабаўце некалькі сталовых лыжак мёду і вады, але не адразу, а прыблізна праз 5 хвілін.
Напэўна, самы папулярны напітак зімы — гарачы шакалад. Гэта нядзіўна, бо ён густы, вязкі, мае прыемную тэкстуру і прывабны водар, дабратворна ўплывае на работу памяці і ў лічаныя хвіліны насычае арганізм эндарфінамі. У сапраўднай какаве або гарачым шакаладзе значна больш антыаксідантаў, чым нават у зялёным чаі. Гэты напітак зніжае рызыку захворванняў сэрца, валодае антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі і спрыяе выпрацоўцы гармону сератаніну, які дорыць нам адчуванне шчасця. Выдатны сродак для барацьбы з сезоннай дэпрэсіяй!
Плітку шакаладу (100 г) раздрабніце і перамяшайце ў аднародную масу з 200 мл загадзя падагрэтага малака. Раўнамерна размяркуйце 50 г цукру, не перастаючы памешваць сумесь лыжкай. Пасля старанна перамяшайце з 200 мл малака. Для большай асалоды дабаўце любімыя прысмакі і прыправы, завяршыце ўпрыгажэннямі з вяршкоў або здробненых арэхаў.
Узвар — традыцыйны ўкраінскі напітак, звараны з сушанай садавіны. Даўней узвар гатавалі ў асноўным на Каляды, сёння ж ён робіцца ў любую пару года, паколькі ў яго прыемны, не прыкры смак і ён добра спатольвае смагу. У адрозненне ад звычайнага кампоту ўзвар не вараць, а настойваюць. Дзякуючы гэтаму напітак захоўвае ўсе свае карысныя ўласцівасці.
Сухафрукты заліце вадой і пакіньце на 20—30 хвілін (сухафрукты — сушаныя яблыкі, грушы, чарнасліў — можна замачыць на ўсю ноч). Добра прамыйце іх некалькі разоў праточнай вадой. Калі вы гатуеце ўзвар з цукрам (на 3 літры вам неабходна 2—3 ст.л. цукру), то трэба давесці ваду да кіпення, дабавіць цукар і праварыць яго некалькі хвілін, а ўжо потым усыпаць прамытыя сухафрукты. Калі ўзвар будзе з мёдам, то сухафрукты можна заліваць халоднай вадой і адпраўляць на пліту. Давядзіце да кіпення і адразу ж здыміце з агню. Пакіньце настойвацца. Пасля таго як узвар стаў цёплым, дабаўце мёд і добра перамяшайце.
Глінтвейн — папулярны еўрапейскі гарачы напітак на аснове віна. Але ёсць і выдатныя безалкагольныя варыянты, якія прыйдуцца даспадобы не толькі дарослым, але і дзецям. Глінтвейн валодае цудоўнай сагравальнай здольнасцю, ён багаты на вітамін С, дзякуючы чаму аказвае падтрымку імунітэту.
1 л вінаграднага або гранатавага соку пераліце ў каструлю, усыпце 100 г цукру, спецыі (2 палачкі карыцы, 2 бутоны гваздзікі, 3—4 г мускатнага арэха), нарэзаныя долькамі яблык і лімон. Закіпяціце вадкасць, затым астудзіце да камфортнай для дзіцяці тэмпературы, наліце ў кубак, дабаўце некалькі долек апельсіна.
Настой шыпшыны вельмі карысны, што абумоўліваецца багатым хімічным саставам: нікацінавая кіслата, якая адказвае за нармалізацыю акісляльна-аднаўленчых і абменных механізмаў; такаферол, які выконвае функцыю рэгенерацыі, рэгулюе кровазварот; рыбафлавін, які станоўча ўплывае на дзейнасць шчытападобнай залозы, а таксама дзейнічае на рэпрадуктыўныя органы; рэтынол, які ўмацоўвае імунную сістэму, змагаецца са свабоднымі радыкаламі, што з’яўляюцца прычынай анкалагічных захворванняў; аскарбінавая кіслата — наймацнейшы антыаксідант, які павышае імунітэт і валодае супрацьзапаленчым дзеяннем.
60—70 г ягад шыпшыны патрыце крыху ў ступцы, перасыпце ў каструлю, заліце гарачай вадой (200 мл), пастаўце на агонь, давядзіце да кіпення. Калі вадкасць пачне актыўна бурліць, зрабіце агонь мінімальным і пад накрыўкай патушыце 5—7 хвілін. Затым здыміце з пліты і пакіньце на ноч настойвацца. Атрыманую вадкасць раніцай працадзіце, а пасля можна зноў падагрэць і пераліць у тэрмас. Дзякуючы гэтаму карысны напітак будзе гарачы і спатрэбіцца ў паездках падчас непагоды.
Пры прастудных захворваннях рэкамендуюць піць морсы. Журавінавы і бруснічны спраўляюцца з недамаганнем лепш за ўсё. Гэтыя карысныя напіткі багатыя на арганічныя кіслоты, пекцін, вітаміны і мікраэлементы (калій, кальцый, магній, фосфар, жалеза). Журавінавы морс валодае гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі і аказвае агульнаўмацавальнае дзеянне.
Для прыгатавання спатрэбіцца 500 г журавін або брусніц (свежых або замарожаных), 2—2,5 л вады, 200—400 г цукру. Адцісніце сок з ягад (напрыклад, з дапамогай сокавыціскалкі). Атрыманы сок змяшайце з 2 л вады. Дабаўце цукар на свой смак і давядзіце журавінавы морс да кіпення. Праз 10 хвілін здыміце каструлю з морсам з агню і астудзіце. Замест цукру можна выкарыстоўваць мёд.
Вышэйпералічаныя напіткі не толькі саграваюць арганізм, але і зараджаюць яго масай карысных рэчываў, падтрымліваючы ў тонусе. Калі ў вас ёсць уласныя рэцэпты для сагравання, абавязкова раскажыце пра іх іншым чытачам.
Лізавета МАРОЗ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.