Слых — найважнейшае з пачуццяў, якімі надзелены чалавек. З дапамогай слыху мы падтрымліваем цесную сувязь з навакольным светам. Слых дзейнічае бесперапынна, нават у сне, і яго немагчыма выключыць. Слых можа не толькі адрозніваць велізарны дыяпазон гукаў, але і вызначаць іх прасторавае знаходжанне.
Штогод 3 сакавіка, дзякуючы ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, адзначаецца Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху (International Day for Ear and Hearing).
Сёння страта слыху лічыцца самай распаўсюджанай сенсорнай формай інваліднасці ў свеце. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ад глухаты і парушэнняў слыху пакутуюць больш чым 275 мільёнаў чалавек. Асноўнымі прычынамі глухаты і тугавухасці (няпоўнай страты слыху) называюць хранічныя інфекцыі вуха, а таксама ўскладненні, атрыманыя пасля перанесеных хвароб і інш. Па меркаванні ўрачоў, каля паловы ўсіх выпадкаў глухаты і іншых парушэнняў слыху можна прадухіліць, калі пазбавіцца прычыны, што можа іх выклікаць. А значыць, яе трэба своечасова выявіць.
Тое, наколькі важна ўдзяляць увагу свайму слыху і як у нашай краіне лечаць адпаведныя паталогіі, растлумачыў урач-оталарынголаг вышэйшай катэгорыі загадчык гнойна-отарыналарынгалагічнага аддзялення Барысаўскай ЦРБ Алег Анатольевіч Лыскавец.
— Алег Анатольевіч, для чаго, калі звярнуцца да крыніц Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на сусветным узроўні быў устаноўлены Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху?
— Гэта было зроблена для таго, каб мы хоць адзін раз за год у мітусні, у якой пастаянна жывём, звярнулі ўвагу на тое, што здаецца звыклым і данасцю. Мы нараджаемся і жывём з магчымасцю чуць. Але разумеем, што гэта важна, толькі тады, калі губляем гэтую магчымасць. Таму функцыя ўлоўліваць гукі — гэта каштоўны дар. Акрамя гэтага, Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху быў уведзены, каб нагадаць, што дапамагаць тым людзям, якія ўжо змагаюцца з парушэннямі слыху, — гэта абавязак урачоў. І цудоўна, што мы можам папярэдзіць гэтую праблему і дапамагчы вылечыць яе.
Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху быў заснаваны на І Міжнароднай канферэнцыі па папярэджанні і рэабілітацыі парушэнняў слыху, што праходзіла ў Кітаі. У якасці даты для свята быў выбраны дзень 3 сакавіка. Выбар гэтай даты тлумачыцца вельмі цікава: лічбы 3.3, якімі запісваецца гэтая дата, па форме нагадваюць 2 чалавечыя вухі. Менавіта таму 3 сакавіка падыходзіць для святкавання Міжнароднага дня аховы здароўя вуха і слыху.
Што тычыцца статыстыкі, то ў сярэднім з 1000 нованароджаных 1—2 з’яўляюцца глухімі. Яшчэ ў 2—3 малых глухата выяўляецца на працягу першых 2—3 гадоў жыцця.
Паводле статыстычных даных, амаль 300 мільёнаў чалавек у свеце маюць праблемы са слыхам. У нашай краіне каля 600 тысяч чалавек маюць слыхавыя і слухамоўныя парушэнні.
Усім вядома, што чалавек мае пяць асноўных пачуццяў. У іх ліку і слых. Мы пачынаем чуць яшчэ ва ўлонні маці. Слых з’яўляецца вельмі важным для фарміравання маўлення, інтэлекту, станаўлення псіхікі. Мы ўспрымаем слых як належнае, нават не думаючы пра тое, што некаторым гэта пачуцце ніколі не было дадзена. Зараз маю на ўвазе людзей, якія нарадзіліся з глухатой.
— Якія праблемы ў дзяцей выклікае адсутнасць магчымасці чуць, страта слыху?
— Страта слыху (гэта тычыцца і дарослых, і дзяцей) перш за ўсё ўплывае на здольнасці мець зносіны з іншымі людзьмі.
Адной з асноўных праблем у дзяцей, якія пакутуюць ад глухаты, з’яўляецца затрымка ў развіцці гутарковай мовы, манатоннасць, неразборлівасць гаворкі. У такіх дзяцей мы часта назіраем затарможанасць і паніжэнне паспяховасці.
Страта слыху ў дарослых абмяжоўвае доступ да рознага віду паслуг і аказвае значнае ўздзеянне на штодзённае жыццё, выклікае пачуццё адзіноты, ізаляцыі і бязвыхаднасці.
У большасці выпадкаў можна было пазбегнуць праблем са слыхам, своечасова звярнуўшы ўвагу на сваё здароўе. 60% выпадкаў страты слыху ў дзяцей выкліканы прычынамі, якіх можна было не дапусціць.
— Якія прычыны — набытыя ці прыроджаныя — часцей за ўсё правакуюць глухату?
— Безумоўна, прычыны могуць быць як прыроджанымі, так і набытымі.
Прыроджаныя прычыны прыводзяць да страты слыху, на жаль, ужо на момант нараджэння дзіцяці ці выклікаюць глухату хутка пасля нараджэння. У такіх выпадках страта слыху можа быць вызначана спадчыннымі фактарамі ці некаторымі хваробамі і станамі падчас цяжарнасці і родаў у мамы. Напрыклад, да глухаты ў малыша прыводзяць краснуха, сіфіліс і некаторыя іншыя інфекцыі, якія перанесла маці падчас цяжарнасці. Таксама прычынамі глухаты ў дзетак могуць быць нізкая маса цела малыша пры нараджэнні, асфіксія пры нараджэнні (яе выклікае недахоп кіслароду падчас родаў), неналежнае ўжыванне будучай мамай таксічных для вуха лекавых сродкаў (амінагліказіды, цытатаксічныя прэпараты, супрацьмалярыйныя лекі і дыўрэтыкі) падчас цяжарнасці. Таксама прычынай з’яўляецца цяжкая жаўтуха ў нованароджанага — яна прыводзіць да паражэння слыхавога нерва дзіцяці.
Што тычыцца набытых прычын, якія могуць прыводзіць да страты слыху ў любым узросце, то да іх адносяцца інфекцыйныя захворванні, такія як грып, менінгіт, адзёр і эпідэмічны паратыт.
Ужыванне ў любым узросце таксічных для вуха лекавых сродкаў, траўмы галавы ці вуха, празмерны шум, у тым ліку работа з шумным абсталяваннем і ўздзеянне гучнай музыкі або іншых гучных гукаў, такіх як стральба або выбухі, могуць справакаваць страту слыху ў любым узросце.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя занепакоена тым, што маладыя людзі любяць гучна слухаць музыку. А гэта прыводзіць да праблем са слыхам, асабліва ў маладым узросце.
Паводле прагнозаў СААЗ, у свеце больш за адзін мільярд маладых людзей могуць пакутаваць ад розных парушэнняў слыху ў выніку праслухоўвання музыкі на высокай гучнасці. Больш за 40 мільёнаў чалавек ад 12 да 35 гадоў маюць відавочныя праблемы са слыхам, якія з цягам часу могуць прывесці да інваліднасці.
Дарэчы, узроставая страта слыху (старэчая глухаватасць (тугавухасць) развіваецца ў выніку старэння клетак, якія ўспрымаюць гукі.
Набытае парушэнне слыху можа здарыцца рэзка, але можа развівацца і паступова. Пры павольным зніжэнні слыху чалавек не заўсёды можа своечасова звярнуць увагу на тое, што з ім адбываецца.
— Такім чынам, у якім выпадку і пры наяўнасці якіх сімптомаў трэба неадкладна звярнуцца да лора?
— Да отарыналарынголага трэба звярнуцца, калі ў цішыні вам здаецца, што ў вушах стаіць шум або звон. Таксама не адкладвайце паход да ўрача, калі заўважаеце, што пастаянна перапытваеце сказанае вам, калі пачалі рабіць гучнасць тэлевізара большай, чым тая, якую раней успрымалі нармальна. Калі складана сканцэнтравацца і губляеце сэнс тэмы, размаўляючы адразу з некалькімі людзьмі, калі цяжка сканцэнтравацца і падтрымліваць размову ў шумным месцы, вы сталі горш успрымаць гаворку дзяцей і заўважаеце, што, размаўляючы, сочыце за вуснамі суразмоўніка, то таксама не трэба адкладваць візіт да спецыяліста.
Падобныя станы, што апісалі вышэй, прыводзяць чалавека да пастаяннага пачуцця трывогі, да раздражняльнасці і зніжэння самаацэнкі. Калі разумееце, што функцыі слыху губляюцца, не марудзьце і звяртайцеся да оталарынголага, каб атрымаць своечасовую дапамогу і пазбегнуць поўнай страты слыху.
— Якія метады можна назваць дзейснымі ў адносінах да захавання слыху і прафілактыкі глухаты?
— Для таго каб захаваць успрыманне свету ва ўсёй яго разнастайнасці, у першую чаргу неабходна пазбягаць прымянення лекавых сродкаў, якія могуць быць шкоднымі для слыху. Прымяняць іх трэба толькі па назначэнні і пад кантролем кваліфікаванага ўрача. Акрамя гэтага, варта абмежаваць уздзеянне гучных гукаў. Сучасныя тэхнічныя сродкі становяцца ўсё больш распаўсюджанымі, і часта такія прылады, як аўдыяплэеры, выкарыстоўваюцца для праслухоўвання музыкі з небяспечнымі ўзроўнямі гучнасці, прычым слухаюць іх на працягу доўгага часу. Сучасныя будаўнічыя інструменты (дрыль, балгарка) ствараюць празмерную нагрузку на слыхавы аналізатар. Рэгулярнае ўздзеянне гучных гукаў (вышэй за 70—80 Дб) больш за дзве гадзіны на дзень стварае сур’ёзную пагрозу для развіцця страты слыху.
Калі вымушаны працаваць ва ўмовах шуму, будзе правільным выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай засцярогі (берушы і шумападаўляльныя ўнутрывушныя і галаўныя навушнікі).
Яшчэ ёсць вельмі добрая парада: імкніцеся часцей бываць на прыродзе, слухаць нягучную музыку праз калонкі, адмоўцеся на нейкі час ад навушнікаў. Гэта дазволіць адчувальным варсінкам аднавіцца пасля гучных гукаў вялікага горада і пастаяннага нашэння навушнікаў.
2 сакавіка, напярэдадні Міжнароднага дня аховы здароўя вуха і слыху, СААЗ апублікавала даклад, у якім прывяла цікавыя факты. Згодна з дакументам, чвэрць жыхароў Зямлі, а гэта 2,5 млрд чалавек, да 2050 года будуць адчуваць праблемы, звязаныя з поўнай або частковай стратай здольнасці чуць. Каб не дапусціць пагаршэння сітуацыі, краінам варта інвеставаць у прафілактычныя мерапрыемствы і ў аказанне лячэбнай дапамогі.
У дакладзе гаворыцца аб заўважнай розніцы ва ўзроўні развіцця оталарынгалогіі ў багатых і бедных краінах. У 78% дзяржаў з нізкімі даходамі на 1 млн жыхароў прыходзіцца ў сярэднім менш за аднаго ўрача-отарыналарынголага. У СААЗ нагадалі, што амаль 60% выпадкаў страты слыху ў дзяцей можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі ад краснухі і менінгіту, правільнага лячэння маці і нованароджаных дзяцей, а таксама пры раннім выяўленні атыту.
Неадкладна ідзіце на прыём да ўрача, калі заўважылі нечаканае зніжэнне слыху (асабліва пасля прастудных захворванняў або траўм вушной ракавіны і прылеглых да яе тканак).
Што тычыцца нованароджаных дзяцей з групы высокай рызыкі, а яны да яе адносяцца, калі ў сям’і ёсць глухія або само дзіця нарадзілася з нізкай масай цела, асфіксіяй, жаўтухай або менінгітам, то іх трэба паказваць урачу-отарыналарынголагу, каб на раннім этапе праверыць слых, хутка паставіць дыягназ і назначыць належнае лячэнне, калі будзе неабходна.
Вельмі важна, дарэчы, не адмаўляцца ад прафілактычных прышчэпак. Імунізацыя дзяцей супраць грыпу, дзіцячых хвароб, у тым ліку адзёру, менінгіту і свінкі, імунізацыя дзяўчынак падлеткавага ўзросту і жанчын дзетароднага ўзросту супраць краснухі да наступлення цяжарнасці дазваляюць пазбегнуць страты слыху, выкліканай гэтымі захворваннямі.
— Алег Анатольевіч, пытанне традыцыйнае, але важнае: на што бацькам звяртаць увагу, каб своечасова дыягнаставаць у дзяцей праблемы са слыхам?
— Безумоўна, пытанне важнае і актуальнае, бо прафілактыка тугавухасці і своечасовая дыягностыка праблем са слыхам у дзяцей у многім залежыць ад уважлівасці іх бацькоў. Бацькам рэкамендую звяртацца да ўрача, калі заўважылі, што дзіця не рэагуе на звароты, яно стала перапытваць, што вы сказалі, асабліва пасля перанесенай прастуды. Таксама агляд доктара неабходны, калі ў дзіцяці не развіваецца маўленне.
Яшчэ хачу папярэдзіць бацькоў, што нельга пляскаць дзіцяці па патыліцы і тузаць за мочкі вушэй, трэба сачыць, каб малыя не засоўвалі ў вушы староннія прадметы, не калупалі ў вушах пальцам, алоўкам і г.д.
Наталля САХНО.