З Дзіянай Аляксандраўнай Прышчапёнак, настаўніцай прадметаў тэатральнай накіраванасці сярэдняй школы № 27 Мінска, я пазнаёмілася ў верасні, падчас святкавання Дня нашага цудоўнага горада. У Дзіяны Аляксандраўны надзвычай арыгінальная справа па душы. Яна захапляецца старажытнымі танцамі і музыкай. На свяце я бачыла госцю рубрыкі ў танцы, у прыгожай моднай сукенцы, з моднай прычоскай. Чытачы здагадаліся, вядома, што моды не сучаснай, а той далёкай, якая была ў часы любімага многімі стылю ампір. Дзіяна Аляксандраўна так і сказала, што ў гэты стыль яна проста ўлюбілася і стала аддаваць захапленню столькі часу, што нават матуля Жанна Пятроўна захвалявалася, ці зможа дачка спраўляцца з усімі іншымі справамі. Аднойчы Дзіяна запрасіла маму ў сядзібу Завоссе, дзе быў арганізаваны стылізаваны пікнік са старажытнымі гульнямі ў кракет, бадмінтон, жмуркі. “Мама была ў захапленні! — расказвае Дзіяна Аляксандраўна. — Стала лепш разумець, што мяне прыцягвае ў маёй справе па душы”.
А пачыналася ўсё для нашай суразмоўцы з заняткаў у ансамблі старажытных бесскачковых танцаў “Басданс”, у якім Дзіяна танцавала два гады. Кіравала ансамблем Алена Козіч. “Запомнілася, як мы ездзілі ў Кракаў на фестываль прыдворных танцаў”, — працягвае аповед Дзіяна Аляксандраўна. Пазней яна даведалася, што ў Мінску ёсць студыі гістарычных танцаў “Версаль”, “Залаты двор”. Набраўшыся вопыту і набыўшы сяброў па захапленні, Дзіяна стала ўдзельнічаць у многіх культурных мерапрыемствах, звязаных з выкананнем старажытных танцаў, музыкі. Дарэчы, у нашай гераіні ёсць музычная адукацыя. Дзіяна Аляксандраўна ўдзельнічала ў балях, арганізаваных маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “Гісторыка”, у праекце “Эпоха Міхала Клеафаса Агінскага”, танцавала ў Нясвіжскім, Мірскім, Затракайскім замках, прымала ўдзел у сумесным выступленні з ансамблем “Кантабіле”. З часам Дзіяна Прышчапёнак стала не проста ўдзельніцай, а яшчэ і адным з арганізатараў мерапрыемстваў, змест якіх — гістарычныя танцы, гульні, музыка.
Дзіяна захапляецца не толькі гістарычнай харэаграфіяй, але і выконвае старадаўнюю музыку. Яна — удзельца ансамбля “Doux Souvenir” (Прыемныя ўспаміны), якім кіруе Ганна Харчанка. У складзе ансамбля віяланчэліст, піяніст і вакаліст.
— Дзіяна, якую музыку вы выконваеце?
— Музыку пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Вельмі спадабаўся выканаўцам і гледачам наш канцэрт “Шкатулка Марыі Шыманоўскай”, які мы арганізавалі леташняй восенню. Такое захапленне — сапраўднае другое жыццё, якое ўзбагачае мой эмацыянальны ды і іншы вопыт. Наша стагоддзе вельмі зручнае, тэхналагічнае, яркае. І ўсё ж мы нешта, у мінулым добрае, згубілі. Менш аддаём цеплыні адзін аднаму, менш стасуемся, прыгожыя сукенкі носім рэдка, не часта робім элегантныя прычоскі. У рамках маёй справы па душы ўсё гэта можна навярстаць. У мяне ёсць шэсць стылізаваных сукенак для баляў. Іх шыю сама. Праўда, кроіць дапамагаюць сяброўкі. Для сукенак стараемся выбіраць натуральныя тканіны. Да ўбораў падбіраем адпаведную для той эпохі біжутэрыю, аксесуары. Асабіста мне дапамагае бабуля Вольга Аляксееўна. Яна была на маіх выступленнях.
— Раскажыце, як праходзіць баль?
— Такое мерапрыемства разлічана на 3-4 танцавальныя аддзяленні, доўжыцца каля пяці гадзін. Паланэзы, мазуркі, вальсы, контрдансы, гульня “Кацільён”. У “Кацільён” гуляюць па-рознаму: і са стужкамі, і з кветкай з крэсламі, картамі, з завязанымі вачыма. Як правіла, гэтая гульня дапамагае выбраць партнёра па танцах. У кожнага ўдзельніка ёсць свая бальная кніжачка. Мы таксама іх робім самі. У ёй танцоры адзначаюць запрашэнні канкрэтнага партнёра на той ці іншы танец. У вас загадзя могуць быць распісаны ўсе танцы. Ёсць і свой этыкет на балі. Калі ты адмаўляеш кавалеру, то падчас гэтага танца тваё месца каля сцяны. Прыняць запрашэнне іншага кавалера на гэты танец будзе неэтычна. Паміж танцавальнымі аддзяленнямі працуюць буфет, музычныя салоны, аўкцыёны. На аўкцыёнах разыгрываюцца салодкія міні-прызы. Гульнявыя грошы для аўкцыёна можна знайсці як сюрпрыз ва ўтульным куточку залы, выйграць у карты ці шахматы.
— Якія танцы самыя любімыя для вас?
— Танец “Трыале”, дзе кавалер танцуе адразу з дзвюма дамамі, контрдансы “Дзірка ў сцяне”, “Вольныя муляры”. Усе любяць “Кацільён”. Там ёсць інтрыга: каго лёс табе аддасць у партнёры на найбліжэйшы танец.
— Дзіяна, можа ў вас ёсць нейкія асаблівыя ўспаміны пра ўдзел у балях?
— Ніколі не забуду, як мы спяшаліся на баль у Літве, у Затракаі (Ужутракесе), і я бегла вечарам па алеі да асветленага ліхтарамі палаца ў сукенцы з бальнымі туфлямі ў руках, проста як Папялушка ў казцы! Асаблівыя ўражанні былі і ў Мірскім палацы, калі мы танцавалі ў партрэтнай зале. Здавалася, твары на карцінах ажываюць і глядзяць, як мы танцуем.
— Магчыма, нашы чытачы зацікавяцца гістарычнымі танцамі і папоўняць супольнасць захопленых. Што б вы ім параілі?
— Жыхарам Мінска можна пачынаць займацца на базе Палаца ветэранаў у калектывах “Версаль”, “Залаты Двор” (размяшчаецца ў сярэдняй школе № 86). Ведаю, што ў Барысаве, Мазыры ёсць мае аднадумцы. Людзі любога ўзросту могуць захапіцца гістарычнымі танцамі і музыкай, знайсці блізкіх па духу людзей у інтэрнэце. Там жа можна знайсці і схемы танцаў, каб вывучыць самастойна. І хоць у сучасным жыцці хапае прычын для станоўчых эмоцый, але такіх яркіх, незабыўных, як падчас падрыхтоўкі да балю і на ім, я не перажывала. На балі адчуваеш сябе прыгожым і знешне, і ўнутрана. Нават класічныя творы “Вайна і мір”, “Яўгеній Анегін” мяне цяпер па-іншаму, больш глыбока ўражваюць, чым раней. З маёй справай па душы жыццё ярчэйшае і шчаслівейшае.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота з архіва Дзіяны ПРЫШЧАПЁНАК.