Ігольніца “Чырвоная шапачка”

Вырашыла падзяліцца апісаннем вырабу, які можна стварыць у вольны час з дзецьмі, асабліва калі яны любяць чытаць і слухаць казкі, а таксама маляваць ілюстрацыі да іх.

У рабоце з вучнямі я часта звярталася да казак і баек на англійскай мове, у тым ліку і вершаваных. Мы неаднаразова ладзілі спектаклі на англійскай мове, выраблялі дэкарацыі і малявалі ілюстрацыі да прачытаных казак. У нашым арсенале былі такія казкі, як “Золушка” (аўтарства прыпісваюць Шарлю Перо і братам Грым), “Чырвоная Шапачка і Шэры Воўк” Шарля Перо, казачная аповесць “Чараўнік Ізумруднага горада” Аляксандра Волкава, раман “Пітэр Пэн” Джэймса Бары, байка “Мураш і конік”  і інш.

Мае вучні сталі дарослымі, а гэтымі казкамі я зацікавіла ўжо сваіх уласных дзяцей, якія з вялікай цікавасцю знаёміліся з су­светна вядомымі казкамі, па матывах якіх мы з вучнямі некалі ставілі спектаклі.

Мая дачка любіць розныя цікавыя самаробныя рэчы, наведвае аб’яднанні па інтарэсах творчай накіраванасці. Адным з нашых сумесных вырабаў стала ігольніца “Чырвоная шапачка” па матывах казкі “Чырвоная Шапачка і Шэры Воўк”.

Вам спатрэбіцца: кардонныя круг дыяметрам каля 7—8 см і прамавугольнік памерам 3×8 см, кавалачак сінтэпону, кавалачкі трыкатажнай тканіны для абцягвання шапачкі, ніткі пад колер тканіны, іголкі, штучныя кветкі і стужкі для ўпрыгожвання.

Працэс вырабу: кардонны круг абцягнуць кавалачкам трыкатажнай тканіны, замацаваць некалькімі шыўкамі. Гэта будуць палі капелюша.

Кардонны прамавугольнік скласці ў круг, замацаваць з дапамогай іголкі з ніткай, пасля чаго ў сярэ­дзіну пакласці сінтэпон. Круг з сінтэпонам таксама абцягнуць кавалкам тканіны і зашыць. Потым 2 загатоўкі трэба акуратна сшыць разам з дапамогай патаемных шыўкоў.

Упрыгожце шапачку на свой густ. Наша была аздоблена з дапамогай светла-ружовай стужкі і буйной штучнай кветкі.

Ігольніцу-шапачку можна зрабіць вельмі хутка. Дарэчы, гэта добры і карысны падарунак родным і сябрам, якія любяць рукадзелле.

Рабіце блізкім падарункі сваімі рукамі і з любоўю!

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.