У ліпені самы час падрыхтаваць градкі да пасадкі вусоў сартавых клубніц.
Выбраны для градкі ўчастак запаўняем арганікай (навозам або кампостам), дабаўляем бардоскую сумесь і суперфасфат. Усё перакопваем і пакідаем на 10 дзён, каб угнаенні пачалі “працаваць”, а зямля на градцы крыху ўшчыльнілася. Градку робім шырынёй 60 см і даўжынёй на ўвесь сонечны бок нашага ўчастка. Клубніцы высаджваем у два рады. Градку робім узвышанай (у выглядзе гарба), закрываем яе чорнай плёнкай ці шчыльнай тканінай, якая будзе прыцягваць сонечныя промні і не дазволіць расці пустазеллю. Ды і будучы ўрадждай дзякуючы гэтаму не будзе класціся на мокрую зямлю.
Вусы да пасадкі рухтуем наступным чынам. Пасля канчатковага збору ўраджаю лісты на кустах абразаем, а самі кусцікі праліваем растворам марганцоўкі. Паступова на іх пачынае адрастаць лісце і з’яўляюцца вусы. Толькі першыя з іх прыдатныя для пасадкі. Бяром невялікія пластыкавыя ёмістасці, робім у дне па некалькі адтулін для сцёку вады і напаўняем лёгкім і мяккім грунтам, які крыху змочваем. Затым выстаўляем ёмістасці вакол кустоў і заглыбляем у гэты грунт разеткі клубніц. Пакуль вусы будуць адрастаць і ўкараняцца, неабходна літаральна кожны дзень паліваць іх у ёмістасцях крыху цёплай вадой. На ўкараненне расады пойдзе каля трох тыдняў. Тады мы адрэжам яе ад асноўнага куста і высадзім на падрыхтаваную градку. Высаджваць расаду лепш за ўсё ў канцы жніўня — пачатку верасня.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.