Брокалі — найбольш карысная для арганізма разнавіднасць капусты, якая ўзначальвае большую частку спісаў карысных прадуктаў. Яна з’яўляецца выдатным дыетычным прадуктам, часта ўжываецца ў разнастайных дыетах, лячэбным харчаванні, пры аднаўленні ў пасляаперацыйны перыяд і пасля цяжка перанесеных захворванняў. Выкарыстоўваецца гэтая гаючая агародніна таксама ў касметалогіі для гатавання натуральных сродкаў для догляду цела.
Карысць брокалі вызначаецца яе надзвычай багатым складам вітамінаў і мікраэлементаў, якія ў даволі вялікай канцэнтрацыі ўтрымліваюцца ў прадукце.
Па складзе бялкоў, утрыманні трыптафану і лізіну капуста можа сапернічаць з курынымі яйкамі і ялавічынай. Харчовыя валокны, клятчатка, якія ў ёй змяшчаюцца, рэгулююць работу кішэчніка.
Карысць брокалі для жанчын вызначаецца высокім утрыманнем бялку, фоліевай кіслаты, мінералаў, вітамінаў, асабліва групы B, што спрыяе прафілактыцы раку грудзей, іншых анкалагічных праяў. Брокалі таксама паляпшае стан скуры і валасоў. Кальцый, які змяшчаецца ў прадукце, прадухіляе развіццё остэапарозу.
Станоўчае ўздзеянне рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў брокалі, для мужчын заключаецца ў прафілактыцы прастатыту, раку прастаты і агульным паляпшэнні стану арганізма.
Карысныя ўласцівасці капусты брокалі абумоўлены ў тым ліку высокім утрыманнем актыўных супрацьпухлінных кампанентаў, такіх як індол-3-карбінол, што паляпшае імунны адказ арганізма і выклікае гібель змененых клетак; сульфарафан, які блакіруе ракавыя клеткі, знішчае іх, перашкаджае развіццю язваў страўніка і іх пераходу да новаўтварэнняў; сінергін, які ліквідуе дзяленне ракавых клетак.
Брокалі рэкамендавана для харчавання цяжарных жанчын і дзяцей ранняга ўзросту, паколькі яна багатая на хларафіл, вітаміны, мінералы, здольныя ўзмацняць імунітэт і ўмацоўваць косці; клятчатка рэгулюе страваванне; вітамін C, сера і амінакіслоты прадухіляюць алергію і скурныя раздражненні, чысцяць кроў; магній і вітаміны рэгулююць кіслотнасць і паляпшаюць развіццё арганізма.
З супрацьпаказанняў да выкарыстання брокалі ў харчаванні варта адзначыць павышаную кіслотнасць страўніка і індывідуальную алергію.
Ларыса СУШЧЭВІЧ,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.