“Правільны” рукзак

Дзіцячы сад за плячамі, і вы з хваляваннем збіраеце сваё дзіця ў школу. Першакласніку спатрэбяцца сшыткі, ручкі, алоўкі і, вядома ж, аксесуар, без якога не абыходзіцца ні адзін школьнік, — школьная сумка, партфель, ранец, рукзак. На чым спыніць свой выбар неспрактыкаваным бацькам, каб гэта было зручна, прыгожа і без шкоды для здароўя?

Для вучняў 1—4 класаў варта падбіраць партфелі вагой не больш за 700 г, для вучняў 5—11 класаў — не больш за 1000 г. Памеры партфеляў павінны адпавядаць анатамафізіялагічным параметрам навучэнцаў і забяспечваць зручнасць пры нашэнні. Даўжыня плечавых рамянёў павінна быць 600—700 мм і пажадана рэгулявацца. У маркіроўцы ранцаў і партфеляў павінна быць указана ўзроставая прыналежнасць: “для навучэнцаў пачатковых класаў”, “для навучэнцаў сярэдніх і старшых класаў”.

Матэрыял, які выкарыстоўваецца для вырабу верху партфеляў, павінен быць лёгкім, трывалым, з воданепрымальным насычэннем або пакрыццём, марозаўстойлівым, зручным для ачысткі. Усе матэрыялы і фурнітура, якія прымяняюцца для вырабу ранцаў і партфеляў, па сваёй якасці, знешнім аздабленні, фізіка-механічных уласцівасцях павінны адказваць патрабаванням дзеючых для іх тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Для вырабу ранцаў, партфеляў, рукзакоў прымяняюцца штучная і сінтэтычная скура, тканіны, плёнка полівінілхларыдная, пластычныя масы, кардон, іншыя матэрыялы і фурнітура. У мэтах гарантавання бяспекі навучэнцаў на партфелях павінны быць прадугледжаны дэталі і (або) фурнітура са святлоадбівальнымі элементамі на пярэдніх, бакавых паверхнях і верхнім клапане.

З артапедычнага пункта гледжання лепшым варыянтам лічыцца школьны ранец з жорсткім корпусам і плечавымі рамянямі, прызначаны для пераноскі школьных прылад на спіне. Ён мае цвёрдую форму, таму падтрымлівае спіну дзіцяці ў прамым становішчы і не дэфармуе пазваночнік. Рукзак, у адрозненне ад ранца, часта не мае ўшчыльненай спінкі, у выніку чаго яго змесціва можа аказваць на спіну нераўнамерны ціск.

Спінка ранца павінна быць цвёрдай. Пажадана, каб яна мела дадатковую пракладку, якая змякчыць трэнне і зробіць нашэнне партфеля больш камфортным. Лепш, калі пракладка вырабляецца з порыстага (сеткаватага) паветрапранікальнага матэрыялу, каб спіна не пацела. На цэльнапластыкавых спінках з гэтай мэтай робяць падоўжныя баразёнкі. Важна, каб у ніжняй частцы спінкі быў прадугледжаны невялікі валік, на які пры правільным нашэнні ранца будзе прыходзіцца асноўная нагрузка.

Абавязкова прымярайце рукзак, перш чым купіць. Не набывайце выраб на выраст. І самае галоўнае, школьная сумка павінна спадабацца дзіцяці. Абавязкова ўлічвайце яго меркаванне.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, 
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.