Карыес часовых (малочных) зубоў уваходзіць у лік самых распаўсюджаных медыцынскіх праблем дзяцей. Існуе памылковае меркаванне, што малочныя зубы лячыць не трэба, таму што яны ўсё роўна выпадуць. Трэба разумець, што малочныя зубы неабходны для працэсу жавання, стрававання, развіцця маўлення, служаць асновай для фарміравання сківіц. Таму важна захаваць малочныя зубы здаровымі.
Найбольш распаўсюджанай формай інфекцый часовых зубоў у дзіцяці з’яўляецца карыес. Карыес — інфекцыйнае захворванне, пры якім успрымальныя тканкі зубоў паступова разбураюцца арганічнымі кіслотамі, якія з’яўляюцца прадуктамі жыццядзейнасці мікраарганізмаў зубнога налёту з наступным утварэннем поласці. Адной з асноўных прычын узнікнення карыесу ў дзяцей з’яўляецца ранняе інфіцыраванне дзіцяці мікрарганізмам, які выклікае карыес (Streptococcus mutans). Як правіла, крыніцай, з якой мікраарганізм трапляе ў ротавую поласць дзіцяці, з’яўляецца яго маці (альбо асобы, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці): ротавая вадкасць маці трапляе да дзіцяці пры спробе піцця з яго бутэлечкі ці ўжыванні ежы з яго лыжкі, пры аблізванні соскі-пустышкі, якая ўпала, пры пацалунках у вусны і г.д. Для прадухілення ранняга інфіцыравання дзіцяці неабходна саніраваць ротавую поласць жанчыны да родаў і, калі трэба, пасля нараджэння дзіцяці. Маці павінна штодзень карыстацца гігіенічнымі сродкамі (пасты, апаласквальнікі) з антысептыкамі і ксілітам (жавальныя гумкі); не дапускаць “слінных” кантактаў з дзіцем.
Калі ў ротавай поласці з’яўляюцца першыя зубы, яны становяцца цвёрдай паверхняй, неабходнай для фіксацыі мікраарганізмаў і фарміравання зубнога налёту. У дзяцей ранняга ўзросту (да 1,5-2 гадоў) карыес звычайна разбурае ўсю паверхню пярэдніх зубоў. Гэта так званы “бутэлечны” альбо “ражковы” карыес. Аднак у “бутэлечным” карыесе вінавата не бутэлечка, а тое, што ў ёй знаходзіцца. Ноччу і ў час дзённага сну для заспакаення неспакойных дзяцей бацькі замест кіпячонай вады наліваюць у бутэлечку вадкасць, якая ўтрымлівае ферментныя вугляводы, напрыклад, малако, кампот ці сок. Дзіця, атрымаўшы добра напоўненую бутэлечку, якую можа пасмоктваць у час сну, ужо не турбуе бацькоў.
Цукар, які ўтрымліваецца ў вадкасці, назапашваецца ў выглядзе налёту на зубах і потым ператвараецца з дапамогай мікраарганізмаў зубнога налёту ў малочную кіслату, якая шкодна ўздзейнічае на эмаль зубоў, што толькі прарэзаліся. Сітуацыю ўскладняе зніжэнне выпрацоўкі сліны ў начны час. Яе асноўная функцыя — абарончая. Чым часцей дзіця п’е, тым больш назапашваецца налёту, а гэта ў сваю чаргу дрэнна ўплывае на эмаль дзіцячых зубоў. Вядома, не ва ўсіх дзяцей гэта прывядзе да карыесу, але папярэдзіць яго можна толькі добрай прафілактыкай. Каб прадухіліць “бутэлечны” карыес, неабходна захоўваць гігіену ротавай поласці дзіцяці з моманту з’яўлення першага зуба:
— ва ўзросце 6 — 12 месяцаў — праціранне альбо чыстка шчоткай без пасты 2 разы ў дзень;
— ва ўзросце 12 — 24 месяцаў — чыстка зубоў гігіенічнай пастай з ксілітам 2 разы ў дзень;
— захаванне рэжыму кармлення. Пры штучным кармленні — у час сну даваць піць толькі ваду, з 12-месячнага ўзросту пераход на піццё з кубка. Пры натуральным кармленні, калі дзіця засынае з малаком, — праціраць зубы ў першыя хвіліны сну, адмаўленне ад кармлення “па патрабаванні” ў
12—24-месячным узросце. Колькасць кармленняў не павінна быць больш за 5 разоў у дзень (3 асноўныя і 2 дадатковыя). Прысмакі даваць дзіцяці перад чысткай зубоў, не выкарыстоўваць у якасці “перакусаў” салодкае пячэнне, вафлі, разынкі.
У дзяцей 2-3 гадоў карыес часцей за ўсё ўтвараецца на жавальнай паверхні зуба, дзе затрымліваюцца рэшткі ежы. Спачатку раствараецца паверхневы слой эмалі і ўзнікае пачатковы карыес. Яго можа ўбачыць толькі ўрач. На гэтым этапе карыес можна папярэдзіць. Калі зацягнуць з лячэннем, то карыес пранікае ў зуб усё глыбей, і дзеці адчуваюць боль. У дзяцей пасля 3 гадоў карыес можа з’яўляцца на кантактных поласцях зубоў. Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца дрэнная гігіена ротавай поласці. Значную ролю ва ўзнікненні карыесу адыгрывае ежа і пітная вада — у іх не хапае рэчываў, якія ўмацоўваюць зубы. Дрэнна ўплываюць на зубы і нашы кліматычныя ўмовы — павышаная вільготнасць, перапады тэмпературы, недахоп ультрафіялетавых промняў.
Дзяцей неабходна засцерагаць ад зубнога болю. Калі інфіцыраваны часовы зуб не лячыць, ён пачынае балець, яго нерв (пульпа) запаляецца, потым гіне, фарміруецца месца запалення ў корані, што звычайна прыводзіць да страты зуба. Запаленне можа сур’ёзна пашкодзіць пастаяннаму зубу, які фарміруецца і знаходзіцца каля кораня часовага. Любы карыесны зуб — гэта крыніца пастаяннай інфекцыі ў арганізме вашага дзіцяці. Незалечаныя зубы могуць прывесці да агульных хвароб арганізма (хваробы сасудаў і сэрца, нырак, суставаў, зніжэння імунітэту).
Ранняе вырыванне малочных зубоў можа прывесці да парушэння прыкусу. Вельмі важным з’яўляецца і псіхалагічны аспект. Нярэдка бачныя дэфекты зубнога рада становяцца прычынай фарміравання комплексаў асобы: замкнёнасці, сарамлівасці, пачуцця непаўнацэннасці.
Таму, калі ў вашага дзіцяці з’явіліся першыя зубы, неабходна наведаць дзіцячага стаматолага. Урач навучыць вас правілам догляду ротавай поласці дзіцяці, дасць рэкамендацыі па правільным харчаванні. У далейшым дзіця павінна наведваць стаматолага 2 разы на год і тады ўрач-стаматолаг будзе для яго сябрам.
Марына КУХАРКОВА,
урач 15-й дзіцячай гарадской паліклінікі Мінска.