Спешка, шум і мітусня — для вялікага горада складнікі неад’емныя. Паспець сучасны чалавек імкнецца ўсё і ўсюды. І хадзіць пешшу ў такіх “экстрэмальных” умовах — варыянт, натуральна, не самы лепшы. Тады на выручку і прыходзіць грамадскі транспарт, абысціся без якога сёння проста немагчыма. Менавіта таму важна, каб гэтыя сродкі руху былі не толькі хуткімі і камфартабельнымі, але і бяспечнымі.
Надзвычайныя сітуацыі ў грамадскім транспарце маюць шэраг спецыфічных асаблівасцей, звязаных са зборам вялікай колькасці людзей у замкнёнай прасторы салона або вагона, высокай хуткасцю руху, узнікненнем нечаканых сітуацый на дарогах, рэзкім тармажэннем, ДТЗ.
Адпраўляючыся ў “вандроўку” на гарадскім наземным транспарце (аўтобус, тралейбус, трамвай), памятайце некалькі простых правіл.
- Самае бяспечнае месца ў салоне — яго сярэдзіна, таму старайцеся садзіцца ці стаяць менавіта там.
- Абавязкова трымайцеся за поручні.
- Не высоўвайцеся з вокнаў.
- Не размаўляйце з вадзіцелем падчас руху, у выпадку ж узнікнення якой-небудзь небяспечнай сітуацыі паведаміце яму пра гэта і кіруйцеся яго далейшымі ўказаннямі.
- Захоўвайце спакой, не панікуйце, дзейнічайце зладжана, дакладна і арганізавана.
- Пры неабходнасці пакіньце аварыйны транспартны сродак праз дзверы, люкі, аконныя праёмы, праломы.
- Адыдзіцеся на бяспечную адлегласць, дапамажыце пацярпеўшым.
Асаблівай увагі заслугоўвае метрапалітэн. Гэта вялікая і складаная тэхнічная сістэма са сваімі “законамі”, парушэнне якіх можа прывесці да траўматызму і нават гібелі людзей. Асцярожным трэба быць ужо на ўваходзе. Тут вы рызыкуеце атрымаць прамы ўдар у лоб, калі чалавек, які ідзе наперадзе, не прытрымае дзверы, таму будзьце ўважлівыя.
Павышаную небяспеку для пасажыраў уяўляе эскалатар. Каб пазбегнуць няшчаснага выпадку, стойце з правага боку па кірунку руху, трымайцеся за поручні, не затрымлівайцеся пры сходзе, не сядзіце на прыступках, не бегайце і не штурхайцеся, не хадзіце без крайняй патрэбы па непрацуючым эскалатары, дзяцей трымайце за руку, сачыце за імі.
Калі вы выпадкова нешта выпусцілі або рассыпалі, не спрабуйце лавіраваць сярод чужых ног, нічога добрага з гэтага ўсё роўна не выйдзе. Дзяжурны павінен спыніць машыну, і тады вы спакойна збераце свае рэчы. У экстраннай сітуацыі можна скарыстацца аварыйнымі выключальнікамі “стоп” на балюстрадзе эскалатара, якія знаходзяцца ўверсе і ўнізе.
Апынуўшыся на платформе, не заходзьце за абмежавальную лінію, пазбягайце натоўпу каля дзвярэй вагона. Не пакідайце без нагляду дзяцей і свае асабістыя рэчы. Старайцеся не дапускаць падзення якіх-небудзь прадметаў на пуці, але калі такое ўсё ж здарылася, не спрабуйце даставаць іх самі. Звярніцеся да дзяжурнага па станцыі, ён зробіць гэта спецыяльнымі абцугамі.
Калі вы апынуліся на рэйках, не панікуйце і ні ў якім разе не кідайцеся адразу ж выбірацца самастойна, бо вы можаце наступіць на кантактную рэйку з высокай напругай (яна знаходзіцца бліжэй да краю платформы, за выключэннем станцыі метро “Першамайская”, дзе такая рэйка размешчана бліжэй да сцяны). Не губляючы ні хвіліны, бяжыце ў галаву платформы, туды, дзе знаходзіцца гадзіннік. У гэтым месцы машыніст зробіць прыпынак. Калі ж вы разумееце, што бегчы позна, то кладзіцеся ў паглыбленне паміж рэйкамі — глыбіня латка разлічана на тое, каб хадавая частка вагонаў не зачапіла чалавека.
Пры пажары ў метро:
— неадкладна паведаміце аб здарэнні машыністу па перамоўным прыстасаванні (“сувязь з машыністам”), назавіце нумар вагона;
— паспрабуйце патушыць агонь вогнетушыцелямі, якія знаходзяцца пад сядзеннямі;
— абараніце дыхальныя шляхі— закрыйце рот і нос насоўкай або рукой;
— не спрабуйце спыніць цягнік аварыйным стоп-кранам у тунэлі — гэта ўскладніць тушэнне пажару і вашу эвакуацыю.
Калі ў салоне або вагоне грамадскага транспарту вы знайшлі падазроны прадмет (безгаспадарная сумка, кейс, чамадан, скрынка, скрутак, пакет і г.д.):
— не спрабуйце іх адкрываць;
— паведаміце аб сваёй знаходцы вадзіцелю, кандуктару, машыністу, работнікам метрапалітэна або супрацоўнікам міліцыі.
Яшчэ адзін від грамадскага транспарту — чыгуначны. І тут найбольшую небяспеку ўяўляюць пажары ў пасажырскіх вагонах. Агонь у такім выпадку распаўсюджваецца вельмі хутка, што тлумачыцца вялікай колькасцю лёгкаўзгаральных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для дэкаратыўнага аздаблення. Толькі ўявіце сабе: полымя ахоплівае ўвесь вагон на працягу 15—20 хвілін.
Пры пажары ў цягніку паспрабуйце захоўваць спакой. Неадкладна паведаміце аб тым, што здарылася, правадніку. З дапамогай вогнетушыцеляў і падручных сродкаў (коўдры, мокрыя анучы і г.д.) разам з пасажырамі паспрабуйце патушыць агонь. Зачыніце вокны, каб вецер не раздзімаў полымя. Не спрабуйце ратаваць ад агню багаж, калі гэта пагражае вашай бяспецы. Вазьміце толькі самае неабходнае — дакументы, грошы, каштоўнасці.
Калі пажар патушыць ужо немагчыма, спыніце цягнік з дапамогай стоп-крана і пакіньце вагон. Цягнік нельга спыняць стоп-кранам на мосце, у тунэлі, ва ўпадзіне. У гэтых месцах эвакуацыя пасажыраў і тушэнне пажару будуць выклікаць цяжкасці. Пры крайняй неабходнасці пакідайце цягнік падчас руху. Апусціцеся на самую ніжнюю прыступку, адштурхніцеся ад яе ў кірунку па ходзе руху саставу, змякчыце ўдар аб зямлю куляннем наперад. Безумоўна, гэта вельмі небяспечна, але ўсё ж лепш, чым гарэць у палаючым вагоне.
Пры пажары ў аўтобусе, тралейбусе, трамваі:
— неадкладна паведаміце аб пажары вадзіцелю і пасажырам;
— паспрабуйце адчыніць дзверы з дапамогай аварыйных кнопак;
— для тушэння пажару выкарыстоўвайце вогнетушыцель;
— пры неабходнасці выкарыстоўвайце для эвакуацыі аварыйныя люкі ў даху і выхады праз бакавое шкло;
— калі трэба, выбіце шкло нагамі або цвёрдымі прадметамі;
— у транспарце звычайна ёсць матэрыялы, якія выдзяляюць пры гарэнні атрутныя рэчывы, таму хутка пакіньце салон, закрыйце рот і нос насоўкай або рукой;
— выбраўшыся з салона, адыдзіцеся на бяспечную адлегласць;
— выклічце ратавальнікаў, акажыце дапамогу пацярпеўшым.
Будзьце асцярожныя! У тралейбусах і трамваях металічныя часткі могуць быць пад напругай у выніку абгарання ахоўнай ізаляцыі правадоў.
Матэрыялы падрыхтавала Алеся ДЗЕНІСЕНКА,
Цэнтр прапаганды МНС Рэспублікі Беларусь.