Край, які здзіўляе

Старадаўнія замкі і цікавыя музеі, куткі некранутай прыроды і маштабныя гідратэхнічныя збудаванні, старажытныя храмы, шматлікія радавыя сядзібы… Усё гэта можна ўбачыць на Гродзеншчыне. Гэты рэгіён сапраўды ўнікальны. Наўрад ці якая іншая вобласць валодае такой разнастайнасцю архітэктурных і гістарычных помнікаў.

Па Гродзеншчыне складана вандраваць па канкрэтным маршруце. Тут літаральна ў кожнай вёсачцы знойдуцца свае арыгінальныя славутасці, дзеля якіх варта звярнуць з асноўнага шляху.

Узяць, напрыклад, пасёлак Жалудок Шчучынскага раёна. Не спыніцца тут проста немагчыма. Усіх падарожнікаў прыцягвае да сябе загадкавая і таямнічая сядзіба роду Чацвярцінскіх. Палац нядрэнна захаваўся. Масіўныя дзверы, якім больш за 100 гадоў, аўтэнтычныя драўляныя лесвіцы… Прыкметны тут і парк-сад, і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Усё вакол быццам пераносіць у мінулае, дазваляе адчуць дух таго часу, калі ў маёнтку яшчэ кіпела жыццё.

У глыб сівых стагоддзяў пераносяць і сядзібы, размешчаныя ў невялікіх вёсачках Падароск і Краскі Ваўкавыскага раёна. Вёскі знаходзяцца зусім недалёка адна ад адной і адметныя палацамі мясцовай шляхты, якія добра захаваліся да нашых дзён.

У сядзібе ў Падароску ўцалелі дом, парк, цагляны бровар, фундамент сукнавальні, гаспадарчыя пабудовы і флігелі, брама і частка цаглянай агароджы. Маёнтак уражвае адразу. Чаго варты толькі ўваход на тэрыторыю праз магутную старажытную браму… Сам панскі дом не менш велічны. Узведзены ў стылі класіцызму, ён абсталяваны прыгожай тэрасай і нават калонамі, што надае яму нейкай асаблівай вытанчанасці. Цяпер сядзіба знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, і тут вядзецца рэстаўрацыя.

Гэтаксама як і ў маёнтку ў Красках. Сядзіба тут нагадвае неагатычны замак. Вежы з філігранным зубчастым дэкорам, арачныя вокны, цудоўны парк. Знаходзячыся тут, быццам апынаешся ў казцы. Здаецца, яшчэ хвіліна — і з акна круглай вежы звесіць свае доўгія валасы чароўнай прыгажосці прынцэса…

Будучы ў Ваўкавыску, немагчыма праехаць міма пасёлка Краснасельск. Дакладней, міма яго наваколляў, бо менавіта тут размяшчаюцца вядомыя мелавыя кар’еры, так званыя беларускія Мальдывы. Самі кар’еры і мясцовасць вакол іх насамрэч вельмі маляўнічыя, нестандартныя для нашай прыроды. Але праход і праезд да іх забаронены. Вадаёмы тэхнічныя, і ў гэтых месцах можа быць небяспечна. Мы пабачылі толькі тыя кар’еры, якія былі побач з аўтатрасай. Месцы неверагодна прыгожыя. Зразумела, што аб купанні тут не можа быць і гаворкі. Але вось аглядную пляцоўку для магчымасці любавацца прыгажосцю, адкрыць, магчыма, варта было б.

Наогул, Гродзеншчына — рэгіён, які заўсёды здзіўляе. Ужо тройчы падарожнічалі па гэтай вобласці рознымі маршрутамі — і кожны раз адкрываем новыя адметнасці, новыя неверагодныя месцы.

Сёлета такім месцам стаў мост у райцэнтры з аднайменнай назвай Масты. У гэтым мястэчку аказаліся праездам. На першы погляд, ні чым асабліва не характэрны, ціхі беларускі раённы цэнтр. Але варта было звярнуць з асноўных вуліц — і прыйшоў час здзіўляцца.

Гарадок стаіць на Нёмане і мастоў тут нямала. Аднак найбольш адметны з іх падвесны пешаходны. Гэта самы доўгі падобны мост ва ўсёй краіне. Агульная даўжыня — амаль 194 метры.

Канструкцыя моста трывалая, але галава тут усё роўна ідзе кругам. Прычым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Магчыма, віной усяму цудоўныя віды на Нёман? З вышыні моста можна бясконца доўга любавацца яго прыгажосцю і велічнасцю. І з’язджаць не хочацца, і забываеш, што накіроўваўся зусім у іншы пункт на карце…

У вандроўках па Гродзенскай вобласці так заўсёды. Быццам і едзеш у пэўны населены пункт, але раптам заўважаеш па дарозе нешта цікавае, вырашаеш прытармазіць — і вось ужо незапланавана, але апантана і з цікавасцю вывучаеш старадаўні касцёл ці шляхецкую сядзібу… Гродзенскі рэгіён найлепшым чынам дае магчымасць адчуць сябе першаадкрывальнікам, даследчыкам. А менавіта так і нараджаецца імкненне спазнаваць родны край, спазнаваць Беларусь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.