Сільвестр Сталонэ, Шэран Стоўн, Элізабэт Тэйлар, Армен Джыгарханян… Гэтых паспяховых, моцных і прыгожых людзей аб’ядноўвае тое, што ўсе яны хворыя на цукровы дыябет. На жаль, ад гэтай хваробы не застрахаваны ніхто. Дыябет бывае двух тыпаў. Ад дыябету першага тыпу (інсуліназалежны)людзі пакутуюць, як правіла, у дзяцінстве і маладым узросце, яго клінічная карціна развіваецца хутка, адразу ж патрабуецца ін’екцыйны інсулін. Пры цукровым дыябеце другога тыпу сімптомы развіваюцца паступова, хварэюць на яго сталыя людзі, якім больш за 40 гадоў.
Лячэнне ЦД павінна адбывацца пад кантролем урача, па спецыяльна распрацаванай схеме ў залежнасці ад ходу хваробы. Пацыентам назначаюць цукрапаніжальныя прэпараты, інсулін, дыетатэрапію, лячэбную фізкультуру. Мэта такіх мерапрыемстваў — нармалізацыя ўзроўню цукру ў крыві, парушаных абменных працэсаў і вагі цела, захаванне ці аднаўленне працаздольнасці, папярэджанне ці лячэнне ўскладненняў. Пры дыябеце неабходна кантраляваць узровень глюкозы, артэрыяльны ціск, падтрымліваць у норме ўзровень халестэрыну, правяраць функцыю нырак, рэгулярна наведваць акуліста і неўролага.
Парушэнне вугляводнага абмену прыводзіць да пашкоджання нервовых канчаткаў і ў выніку да паталагічных змен у розных органах і тканках.
Адно з самых цяжкіх ускладненняў цукровага дыябету — пашкоджанне ніжніх канечнасцей (ступняў). Прычына гэтага — змяненні ў сасудах і нервах, якія праяўляюцца пякучымі болямі ў нагах, асабліва ў стане спакою і ноччу, аняменнем, пачуццём “поўзання мурашак”, з’яўленнем арагавелай скуры. У выніку парушэння адчувальнасці адбываецца траўматызацыя ступняў і развіццё язвавых дэфектаў, гангрэны, аж да ампутацыі.
Парады па доглядзе ног пры цукровым дыябеце
* Штодзённа кантралюйце ўзровень цукру ў крыві.
* Рэгулярна праводзьце абследаванне ў доктара дзеля выяўлення пачатку ўскладненняў (змены балявой, вібрацыйнай, тэмпературнай, тактыльнай адчувальнасці ніжніх канечнасцей).
* Своечасова лячыце ўскладненні, якія ўзніклі.
* Не курыце, таму што гэта яшчэ больш пагаршае кровазабеспячэнне ног.
* Выконвайце спецыяльныя практыкаванні для ног, хадзіце пешшу штодзённа ад 30 мінут да 1 гадзіны.
* Ніколі не выкарыстоўвайце грэлкі для сагравання ног: з-за зніжэння адчувальнасці можна атрымаць апёк.
* Калі вы заўважылі якое-небудзь пашкоджанне ступняў (трэшчына, драпіна, парэз, язва, апёк, пацёртасць), а таксама змену афарбоўкі скуры, тэмпературы, ацёчнасць канечнасці, то як мага хутчэй звярніцеся да ўрача. Для апрацоўкі траўм ступні не выкарыстоўвайце ёд, спірт, зялёнку, марганцоўку, бо яны пагаршаюць зажыўленне такіх пашкоджанняў і да таго ж самі па сабе могуць выклікаць апёк, а таксама афарбоўваюць рану, хаваючы працэс, які адбываецца. Трэба прамыць ранку ці трэшчыну растворам дыяксідзіну, фурацыліну ці перакісу вадароду і закрыць стэрыльнай павязкай.
Строга выконвайце правілы па доглядзе ног
* Штодзень мыйце ногі цёплай вадой (тэмпература вады ад 30 да 35°С).
* Старанна высушвайце ступні пасля мыцця, асабліва скуру паміж пальцамі.
* Сухая скура, якая лушчыцца і трэскаецца, папярэджвае: вашы ступні занадта сухія.
* Штодзень старанна змазвайце ступні нейтральным крэмам, але не мажце крэмам паміж пальцамі.
* Не выкарыстоўвайце крэмы, якія змяшчаюць дабаўкі з алкагольнымі рэчывамі.
* Штодзень аглядайце свае ступні, у першую чаргу знізу. Выкарыстоўвайце для гэтага люстэрка.
* Пры наяўнасці грыбковага пашкоджання пазногцяў ці скуры ступняў неабходна пракансультавацца з урачом і пачаць лячэнне.
* Выкарыстоўвайце белыя шкарпэткі з бавоўны. Іх можна кіпяціць, на іх адразу можна заўважыць сляды магчымых ранак.
* Штодзень мяняйце шкарпэткі. Сачыце, каб гумка на іх не была тугой.
Догляд пазногцяў і ступняў
* Рэгулярна падпільвайце пазногці на нагах — гэта больш бяспечна, чым стрыгчы.
* Падпільвайце пазногці прама, не зрэзвайце ў вугалках, тады ногці не будуць урастаць.
* Рэгулярна апрацоўвайце грубую скуру пемзай.
* Абнаўляйце пемзу 1 раз у 3 месяцы: у ёй можа з’явіцца грыбок.
* Не выкарыстоўвайце мазольны лейкапластыр, каб засцерагчыся ад мікратраўм.
* Ніколі не зрэзвайце мазалі на нагах.
Які абутак выбраць
* Выбірайце абутак з мяккай натуральнай скуры, на нізкім шырокім абцасе.
* Не купляйце жорсткі, вузкі абутак, а таксама абутак з сінтэтычных матэрыялаў.
* Пры зніжэнні адчувальнасці ног хадзіце за пакупкай з кардоннай вусцілкай. Каб яе зрабіць, станьце басанож на ліст тонкага кардону і абвядзіце контур сваёй ступні. Выражце атрыманы контур нажніцамі, устаўце яго ў абутак і паглядзіце: калі краі загнуліся па баках, то абутак цесны вам па шырыні, калі ж спераду ці ззаду, то абутак малы па даўжыні.
* Падбірайце абутак у другой палове дня: ногі да гэтага часу ацякаюць.
* Паклапаціцеся пра зручны абутак, які адпавядае сезону.
* Правільна шнуруйце абутак — шнуроўка павінна быць паралельнай.
* Старайцеся не хадзіць басанож і не надзявайце абутак на босую нагу.
* З-за парушэння адчувальнасці вы можаце не заўважыць прадметаў, якія могуць быць у абутку. Перад тым як абуцца правядзіце рукой унутры абутку: ці няма там грубых швоў, ці роўна ляжыць вусцілка і інш., таму што гэта можа прывесці да пашкоджанняў, ран і развіцця дыябетычных язваў.
* Старайцеся мець некалькі пар абутку, абавязкова пераабувайцеся на рабоце ў зменныя туфлі.
* Дамашнія тапачкі павінны быць мяккімі, глыбокімі і закрываць пятку, бо ў шлёпанцах нагрузка размяркоўваецца нераўнамерна.
Вольга ЕСМАНЧЫК,
намеснік галоўнага ўрача паліклінікі № 2 Фрунзенскага раёна Мінска.