Прыйшлі халады. Недалёка да бяды

Прагулкі на свежым паветры — залог здароўя. Аднак зімой надвор’е дыктуе свае правілы: доўга знаходзіцца на вуліцы ў гэты час бывае праблематычна. Галоўныя непрыемнасці сцюдзёнай пары — пераахаладжэнне і абмаражэнне. Два гэтыя паняцці часта блытаюць, хоць адрозненні іх вельмі значныя.

Пераахаладжэнне — гэта агульны стан чалавека, калі пры ўздзеянні холаду тэмпература цела становіцца ніжэйшая за 35С°. Такім чынам, функцыі арганізма запавольваюцца, а пры працяглым уздзеянні і зусім згасаюць. Вылучаюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую ступені. Бледнасць скуры, дрыжыкі, цяжкасць маўлення — першыя прыкметы таго, што ўжо трэба ісці ў цёплае памяшканне. У крайніх выпадках назіраюцца зніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы пульс, рэдкае дыханне, сутаргі і рвота, страта прытомнасці. І калі не дапамагчы своечасова, вынікам можа стаць адубенне і лятальны зыход.
Абмаражэнне — пашкоджанне тканак арганізма. Часцей за ўсё “пакутуюць” вушы, нос, рукі і ногі. Адбываецца гэта з-за спазмы найдрабнейшых крывяносных сасудаў пад уздзеяннем холаду: кроў цячэ павольней, і тканкавыя ферменты перастаюць дзейнічаць. Скура становіцца бледна-сінюшнай, рэзка зніжаецца або зусім адсутнічае тэмпературная, тактыльная і болевая адчувальнасць. Пачырваненне, ацёкі і моцны боль з’яўляюцца ўжо пасля адагравання. Глыбокае пашкоджанне можа прывесці і да ўтварэння пухіроў з крывяністым змесцівам. Існуе 4 ступені абмаражэння. Пры самай цяжкай нярэдка паражаюцца косці і суставы. Часта абмаражэнне суправаджаецца пераахаладжэннем.
Рызыка атрымаць такія “сезонныя дыягназы” вялікая пры -10 — -20С°, але нават пры больш высокіх тэмпературах сваю справу могуць зрабіць высокая вільготнасць і моцны вецер. У “барацьбе” з умовамі надвор’я трэба запомніць некалькі асноўных правілаў.
Такім чынам, засяродзьце ўвагу на экіпіроўцы. Цёплае паветра добра ўтрымліваецца паміж слаямі адзення, таму лепш апранаць некалькі рэчаў адначасова. Аддавайце перавагу свабодным мадэлям, каб кроў нармальна цыркулявала. Аптымальнае рашэнне для вас — непрамакальная куртка ці паліто. Замест пальчатак набудзьце рукавіцы, пажадана футравыя. Не купляйце цесны абутак: так ногі будуць увесь час мерзнуць. Укладзіце ў чаравікі ці боты цёплыя вусцілкі, а замест баваўняных шкарпэтак надзеньце шарсцяныя — яны ўбіраюць вільгаць, пакідаючы ногі сухімі. Не забывайце пра шапку і шалік. Апошні можна выкарыстоўваць яшчэ і як ахову для твару.
Не варта выходзіць на вуліцу галодным: арганізму для барацьбы з холадам патрабуецца шмат энергіі. У моцны мароз лепш адмовіцца ад металічных упрыгажэнняў — метал астывае хутчэй, чым цела чалавека, акрамя таго, кольцы парушаюць цыркуляцыю крыві. Падчас прагулак хавайцеся ад ветру і старайцеся больш рухацца, пастаянна сачыце за змяненнем колеру скуры.
Ад непрадбачаных сітуацый, на жаль, не застрахаваны ніхто, і калі з “зімовымі бедамі” вам усё ж давядзецца сутыкнуцца — запомніце прынцыпы аказання першай дапамогі.
Перш за ўсё сагрэйцеся, але рабіце гэта паступова. Не варта адразу ж абліваць сябе гарачай вадой ці хапацца за батарэю — ухутайцеся ў цёплую коўдру і піце гарачы чай ці морс. Для таго каб сагрэць ногі ці рукі, выкарыстоўвайце ледзь цёплую ваду, патроху павялічваючы яе тэмпературу.
Калі на абмарожаным участку няма пухіроў або ацёку, можна масіраваць яго лёгкімі рухамі — рабіць гэта трэба вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць сасуды. Адчувальнасць з’явіцца не адразу, таму на масаж прыйдзецца патраціць шмат часу.
Калі скура набудзе нармальнае адценне і стане цёплай, накладзіце на пашкоджаны ўчастак сагравальную ватна-марлевую павязку. Не рызыкуйце — нават калі траўма не вельмі сур’ёзная, лепш пакажыцеся ўрачу. Дарэчы, пашкоджаныя раней участкі надоўга захоўваюць павышаную адчувальнасць да холаду і лёгка падвяргаюцца паўторнаму абмаражэнню, таму патрабуюць асабліва надзейнай аховы.
Існуе яшчэ і такое паняцце, як “жалезнае абмаражэнне” — судакрананне цёплай скуры з халодным металічным прадметам. Схільныя да такіх траўм часцей за ўсё дзеці, таму зімой не варта даваць ім лапаткі з жалезнымі ручкамі, а металічныя часткі санак трэба абкруціць любой матэрыяй ці клейкай стужкай. “Адарваць” пацярпелага можна, паліваючы прыліплае месца цёплай вадой. Калі ж такой магчымасці няма — прыйдзецца абысціся цёплым дыханнем, вось толькі часу гэта зойме значна больш.
Раны ў выніку такіх “здарэнняў” рэдка бываюць глыбокімі, але апрацоўваць іх усё роўна неабходна: спачатку прамыйце іх цёплай вадой, а потым — перакісам вадароду. Калі ёсць крывацёк, спыніце яго, прыклаўшы стэрыльны бінт. З сур’ёзнымі пашкоджаннямі абавязкова звяртайцеся за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай.
Не варта забываць і пра тое, што, спрабуючы дапамагчы, важна яшчэ і не нашкодзіць! Таму трэба дакладна ведаць, чаго рабіць нельга:
— рэзка саграваць: абкладваць гарачымі грэлкамі, прымаць гарачы душ, гарачую ванну, інтэнсіўна расціраць (перапад тэмператур перашкаджае аднаўленню руху крыві, што можа прывесці да змярцвення абмарожаных участкаў скуры);
— расціраць абмарожаныя ўчасткі снегам;
— змазваць іх мазямі, масленымі сродкамі (узмацняе ахалоджванне і траўміруе скуру);
— даваць пацярпеламу алкаголь і каву (гэтыя напоі садзейнічаюць рэзкаму расшырэнню сасудаў, што можа прывесці да іх разрыву, унутранага кровазліцця, парушэння работы сэрца);
— ускрываць самастойна пухіры на абмарожаных участках.

Алеся ДЗЕНІСЕНКА.
Цэнтр прапаганды МНС Беларусі.