Лічаныя дні застаюцца да казкі — свят Каляды і Новы год. У кожнай навучальнай установе, у кожным доме будуць пастаўлены ёлкі.
Паўсюль запаляцца агеньчыкі гірляндаў. Усе чакаюць ад свят яркіх уражанняў і толькі добрых успамінаў. Мы, дарослыя, адказваем за бяспеку і здароўе дзяцей на школьных ранішніках і дома. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў ад дзеяння элекрычнага току, трэба помніць:
* елку заўсёды трэба манціраваць на ўстойлівай падстаўцы і ўпрыгожваць яе толькі заводскай электрагірляндай, якая павінна мець неразборную прасаваную вілку; лямпачкі павінны быць паслядоўна падключаны, напружанне — 12 В, магутнасць лямпачак не павінна перавышаць 25 Вт;
* не дазваляйце дзецям падключаць гірлянды да электрычнай сеткі;
* не спрабуйце самастойна разбіраць уключаныя гірлянды, рамантаваць ці мадыфікаваць, не згінайце і не нацягвайце іх;
* падчас электрамантажу пазбягайце кантакту гірлянды з вадой, гірлянды і шнуры не павінны трапляць пад ногі; не закладвайце электраправодку за трубаправод, батарэі;
* для вулічных елак нельга выкарыстоўваць гірлянды, прызначаныя для хатняга выкарыстання (яны павінны мець больш надзейную засцярогу ад вільгаці і пылу);
* пры куплянні гірлянды трэба звярнуць увагу на ўпакоўку, дзе абавязкова павінен быць таварны знак, клас аховы і спупень засцярогі ад вільгаці і пылу, прычым лічбы на ўпакоўцы павінны супадаць з лічбамі на гірляндзе; на кожным патроне гірлянды і на провадзе павінна быць маркіроўка, на ўпакоўцы — інструкцыя па выкарыстанні і сертыфікат адпаведнасці на выраб;
* нельга для ўпрыгожвання елкі выкарыстоўваць свечкі, бенгальскія агні, феерверкі.
Карыстайцеся святлодыёднымі (LED) гірляндамі, якія маюць павышаную засцярогу ад вільгаці, невялікае энергаспажыванне, высокую яркасць, многа колераў, дынаміку святла. Яны могуць выкарыстоўвацца як на вуліцы, так і ў інтэр’еры, і яны простыя ў мантажы.
Не забывайцеся пра гэтыя элементарныя правілы, каб не азмрочваць святочны настрой сабе і блізкім людзям.
Люцына РОЖЫЦ,
настаўніца фізікі Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.