Час ледаставу з’яўляецца адным з найбольш небяспечных перыядаў года. Менавіта ў гэты перыяд узнікае найбольшая рызыка здарэнняў, абумоўленая выхадам людзей і катаннем дзяцей на неакрэплым лёдзе. Лёд заўсёды тоіць небяспеку: трагедыя можа адбыцца пры пераходзе па лёдзе, а таксама з-за дзіцячых свавольстваў. Па статыстыцы, часцей за ўсё няшчасныя выпадкі з дзецьмі і падлеткамі адбываюцца з-за адсутнасці з боку дарослых належнай увагі, у прыватнасці, у перыяд канікул. На ўроках АБЖ праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспечных паводзін у асенне-зімовы перыяд, класныя гадзіны “Асцярожна: тонкі лёд!”, гутарка “Парадак пераправы па лёдзе пешшу і на лыжах”, афармляюцца памяткі, прэзентацыі па правілах бяспечных паводзін у асенне-зімовы перыяд. Важна данесці да падрастаючага пакалення правілы паводзін на вадзе, бо лёд на адкрытых вадаёмах зімой можа лёгка ператварыцца з месца гульняў і забаў у месца трагедыі.
Правілы паводзін на лёдзе:
1. Ні ў якім разе нельга выходзіць на лёд у цёмны час сутак і пры дрэннай бачнасці (туман, снегапад, дождж).
2. Пры пераходзе праз раку карыстайцеся лядовымі пераправамі.
3. Нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Калі пасля першага моцнага ўдару паленам або лыжнай палкай з’явіцца хоць трохі вады — гэта азначае, што лёд тонкі, па ім хадзіць нельга. У гэтым выпадку варта неадкладна адысці па сваiм следзе да берага, слізгаючымі крокамі, не адрываючы ног ад лёду і расставіўшы іх на шырыню плячэй, каб нагрузка размяркоўвалася на вялікую плошчу. Гэтак жа дзейнічаюць пры патрэскванні лёду і ўтварэнні ў ім расколін.
4. Пры вымушаным пераходзе вадаёма найбольш бяспечна прытрымлівацца пратаптаных сцежак або ісці па ўжо пракладзенай лыжні. Але калі іх няма, трэба перад тым як спусціцца на лёд, вельмі ўважліва агледзецца і намеціць маршрут.
5. Пры пераходзе вадаёма групай неабходна трымацца на адлегласці адно ад аднаго 5—6 м.
6. Замерзлую раку (возера) лепш перайсці на лыжах, пры гэтым: мацаванне лыж расшпіліце, каб пры неабходнасці хутка іх скінуць; лыжныя палкі трымайце ў руках, не накідваючы петлі на кісці рук, каб у выпадку небяспекі адразу іх адкінуць.
7. Калі ёсць заплечнік, павесьце яго на адно плячо — гэта дазволіць лёгка вызваліцца ад грузу ў выпадку, калі лёд пад вамі праваліцца.
8. На замерзлы вадаём неабходна браць з сабой трывалы шнур даўжынёй 20—25 метраў з вялікай глухой пятлёй на канцы і з грузам. Груз дапаможа закінуць шнур таварышу, які праваліўся ў ваду, пятля патрэбна для таго, каб пацярпелы мог больш надзейна трымацца, прасунуўшы яе пад пахі.
9. Пераканаўчая просьба да бацькоў: не адпускайце дзяцей на лёд (на рыбалку, катанне на лыжах і каньках) без нагляду.
Яніна САМОЙЛЕНКА,
настаўніца АБЖ Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.