Тут жыве казка

Калі я завочна пазнаёмілася з кветнікам Святланы Уладзіміраўны Ільюк, педагога-дэфектолага дзіцячага сада № 453 сталіцы, адразу ўспомніла, што англічане пра такіх гавораць: “гэты чалавек нарадзіўся з зялёнымі пальцамі”.

І сапраўды, якімі прыгожымі і вясёлымі выглядаюць усе яе кветкі — як шматгадовыя, так і аднагадовыя! На сваёй дачы, дзе для ўсяго гэтага царства хапае месца і можна даць волю фантазіі, яна вырошчвае амаль усё, што можна знайсці ў самых модных каталогах, пры гэтым не забываючы і пра кветкі, знаёмыя нам з дзяцінства. Першымі вясной зацвітаюць крокусы, мускары, цыбульныя касачы, кандык і пралеска. Потым цюльпаны і нарцысы. Цюльпаны кветкавод любіць самых розных відаў і гатункаў. Сёлета ўвосень яна пасадзіла іх амаль тысячу! Паколькі выкапаць штогод такую колькасць кветак складана, Святлана Уладзіміраўна робіць гэта раз у два-тры гады. У канцы чэрвеня, пасля засыхання лісця, акуратна выкопвае цыбуліны і захоўвае іх у халаднаватым месцы. А высаджвае не раней, чым у сярэдзіне верасня, таму што пры больш ранняй пасадцы кветкі могуць прарасці. Раз у некалькі гадоў стараецца мяняць месца пасадкі. Гэтага правіла яна імкнецца прытрымлівацца і адносна іншых кветак. На вызваленае месца садзіць аксаміткі і петунію. Дробнацыбульныя выкопвае раз у некалькі гадоў, таму вясной у кветніку ўтвараюцца цэлыя палянкі. У чэрвені зацвітаюць півоні рознага колеру — белага, ружовага, чырвонага. І тут у Святланы Уладзіміраўны ёсць свой сакрэт: пры пасадцы новага куста яна добра запраўляе пасадачную яму — дадае попел, комплекснае мінеральнае ўгнаенне, таму кусты доўгі час захоўваюць дэкаратыўнасць. Потым эстафету прымаюць аднагадовыя кветкі: экзатычная клеома, львіны зеў, астры, аксаміткі, бальзаміна. Дарэчы, кветкі ў яе растуць даволі густа, што пазбаўляе ад частых праполак. Другая палова лета — час гладыёлусаў і мантбрэцыі. Яны сімвалізуюць, што лета знаходзіцца ў зеніце і пачынаецца сапраўднае буянства колераў. Мантбрэцыю, якую многія кветкаводы рэкамендуюць захоўваць у адкрытым грунце пад укрыццём, Святлана Уладзіміраўна выкопвае і захоўвае ў пластыкавых кантэйнерах. Спачатку на дно кладзе слой зямлі, потым цыбуліны, а зверху — мох. У такім стане цыбуліны мантбрэцыі выдатна зімуюць і ў час пасадкі, у сярэдзіне мая, маюць ужо зялёныя парасткі. Пасадачны матэрыял гладыёлусаў Святлана Уладзіміраўна перасыпае паветранымі бульбачкамі і попелам. А вось клубні вяргінь, добра прасушаныя ўвосень, ужо ў лютым уносіць у цёплае памяшканне, і, калі клубень вялікага памеру, абавязкова яго дзеліць. У грунт вяргіні ідуць ужо з добрымі парасткамі. Праз месяц-другі ў кветкаводаў пачынаюцца прыемныя клопаты — высаджванне насення і догляд расады. Святлана Іванаўна, маючы дзесяцігадовы вопыт вырошчвання расады, пачынае займацца гэтай справай у сярэдзіне сакавіка. Па-першае, светлавы дзень ужо даволі доўгі, не трэба падсвечваць сеянцы, а па-другое, на падаконніках больш цёпла. фота-12.jpeg(сайт)Пікіруе расаду яна прама ў грунт у полікарбанатнай цяпліцы. Паколькі там вырошчвае і расаду агародніны, грунт заўсёды пажыўны, таму кветкі вырастаюць здаровыя. А ўжо ў маі высаджвае іх у адкрыты грунт. Вельмі прыгожая вырастае петунія, асабліва махровыя гатункі. Насенне петуніі, а яно звычайна прадаецца ў гранулах, кветкавод вырошчвае ў празрыстых ёмістасцях. Гранулы злёгку ўціскае ў грунт, а палівае з дапамогай пульверызатара. Да з’яўлення ўсходаў ёмістасці прыкрывае плёнкай. Вельмі важна не заліць парасткі. Пікіраваць петунію трэба ў фазе першага сапраўднага ліста. Падрошчаную петунію Святлана Уладзіміраўна высаджвае ў цяпліцу. Потым выкарыстоўвае яе ў якасці ампельнай культуры і высаджвае на клумбу.
Не вельмі проста вырасціць і расаду клеомы. Звычайна насенне ўзыходзіць ад 15 да 20 дзён, а пікіраваць кветку трэба як мага раней, заглыбляючы да семядольнага ліста. Клеома патрабавальная да глебы і асвятлення. Высаджваць яе трэба на сонечных месцах ва ўрадлівую глебу. Толькі так яна пакажа сябе ва ўсёй красе і будзе цвісці амаль да замаразкаў. Па-ранейшаму фота-9.jpeg(сайт)адной з любімых кветак Святланы Уладзіміраўны застаецца астра. Яна раіць не эканоміць на насенні і кожны сезон купляць новае — так кветка не будзе выраджацца. Любіць астра і добры паліў у спякотнае надвор’е. А калі лета дажджлівае, яе трэба як мага часцей рыхліць. Астра добра пераносіць перасадку нават у квітнеючым стане, таму ў жніўні, калі некаторыя аднагадовыя кветкі ўжо адцвітаюць, яе можна высадзіць на пустуючыя месцы. У кветкавода шмат і дэкаратыўных хмызнякоў — сумах (воцатнае дрэва), некалькі відаў бузульніка, хосты, гейхеры. Іх можна высаджваць у цяністыя і паўцяністыя месцы, а можна ствараць кампазіцыі з кветкамі, якія цвітуць. Кветкамі захапляецца і мама Святланы Уладзіміраўны. Яна вырасціла цэлую алею півонь. Так што суседзі, якія заходзяць палюбавацца кветкамі, заўсёды адзначаюць прыгажосць і непаўторнасць участка. Кветкавод заўсёды дзеліцца расадай з калегамі, можа адказаць на любое пытанне па кветкавых праблемах. Хобі дае магчымасць адпачыць ад нялёгкай працы з дзецьмі, зрабіць сваё жыццё больш яркім і разнастайным.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота Святланы ІЛЬЮК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*