У пачатку лета ў Мінску на вуліцы Каліноўскага распачаў работу І Міжнародны фестываль пясчаных скульптур. З’ява для сталіцы новая і неардынарная. Мы завіталі на фестываль і сустрэліся з адміністратарам праекта Васілём МУРАЎСКІМ, каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра гэтую падзею.
Ідэю правядзення такога фестывалю ў Мінску прапанавалі нашы сябры з Санкт-Пецярбурга, у якіх ужо ёсць пэўны вопыт арганізацыі такіх мерапрыемстваў, — патлумачыў нам Васіль Аляксандравіч. — Гарадская адміністрацыя таксама пайшла нам насустрач, бо ў сталіцы да гэтага часу аналагічных праектаў не было.
— Чым быў абумоўлены выбар пляцоўкі для правядзення фестывалю?
— На этапе выбару і ўзгаднення месца дыслакацыі фестывалю было некалькі варыянтаў (адзін нават каля Нацыянальнай бібліятэкі), але ў выніку спыніліся на паркоўцы каля храма Усіх Святых і бязвінна забітых на вуліцы Каліноўскага, атрымаўшы благаславенне айца Фёдара. Да таго ж менавіта па яго просьбе былі зроблены дзве дадатковыя скульптуры — “Серафім Сароўскі” і “Хрышчэнне Русі”. За некалькі тыдняў да пачатку фестывалю скульптары зрабілі эскізы, узгаднілі іх і стварылі цудоўныя скульптуры.
Частка скульптурных кампазіцый або іх элементаў прэзентавалася на іншых фестывалях, некаторыя рабіліся ўпершыню. Так, прэм’ерай фестывалю стала скульптура “Маша і Мядзведзь” з вобразамі мультыплікацыйных персанажаў. Спецыяльна для нашага фестывалю была створана скульптура “Белавежская пушча” і цэнтральная скульптура фестывалю “70 гадоў Перамогі”, у якой адлюстраваны сілуэты Брэсцкай крэпасці, святочныя салюты, элементы ваеннай тэхнікі, а таксама выявы салдата, партызана і медсястры.
— Пясок — нежывучы матэрыял. Як удаецца захоўваць вашы шэдэўры працяглы час?
— Скульптуры будуюцца па арыгінальнай тэхналогіі. Спачатку паслойна знізу ўверх утрамбоўваецца піраміда пяску, а пасля зверху ўніз выразаецца фігура. Спачатку буйныя элементы (пераважна рыдлёўкай), потым дробныя (спецыяльнымі інструментамі). Калі ўсё гатова, скульптура заліваецца растворам вады і клею. І тады яна можа пражыць даволі працяглы час, не баючыся сонца і дажджу. Адзінае, чаго баяцца пясчаныя скульптуры, — гэта марозу, таму яны будуць экспанавацца, відаць, да глыбокай восені.
На жаль, з-за зменлівасці надвор’я нам не ўдалося захаваць дзве скульптуры: дождж знішчыў “Чашырскага ката” і “Казачны замак”. Мастакі іх завяршылі, але не паспелі зафіксаваць клеем. Каб месца не пуставала, зрабілі “Царэўну-жабку” і скульптуру “Я люблю Беларусь!”, якая карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў наведвальнікаў.
Дарэчы, хлопцы, якія стваралі скульптуры, расказвалі, што ў Катары такія скульптуры (канечне, значна большыя па памерах) трымаюцца ўжо тры гады.
— Вы выкарыстоўваеце нейкі спецыяльны пясок ці, можа, якія спецыяльныя дабаўкі?
— Гэта супесак — пясок з глінай, які ў будаўніцтве нідзе не выкарыстоўваецца. І праблема была ў тым, што спецыяльна здабычай такога пяску ніхто не займаецца. Нам прыйшлося аб’ехаць усе кар’еры вакол Мінска. 100 тон пяску звозілі з трох кар’ераў.
— Каму належыць аўтарства скульптур, якія прадстаўлены ў экспазіцыі фестывалю?
— Над прадстаўленымі пясчанымі кампазіцыямі працавалі 7 скульптараў з розных гарадоў Расіі — мастакі найвышэйшага класа, запатрабаваныя ва ўсім свеце (дарэчы, гэтыя ж майстры робяць і ледзяныя скульптуры). Канечне, лёд і пясок — не адзіныя матэрыялы, з якімі яны працуюць. Камень і каштоўныя металы ім таксама падуладныя.
У Беларусі на сённяшні дзень стварэннем скульптур з пяску і лёду ніхто не займацца, а ў тэхналогіі работы з пяском ёсць свае нюансы. Таму ў арганізатараў з’явілася задума, каб студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў таксама далучыліся да гэтага праекта і папрацавалі з запрошанымі спецыялістамі. Аднак у той час, калі ішло стварэнне скульптурных кампазіцый, у студэнтаў-скульптараў пачалася экзаменацыйная сесія.
Айчынныя скульптары ўсё ж мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў рабоце з пяском. Падчас майстар-класа была зроблена скульптура міньёна, над якой разам з Мікалаем Какорыным працавала выпускніца архітэктурна-будаўнічага факультэта БНТУ Марына Лявонка.
— Ці зможа той, хто зацікавіцца пясчанай скульптурай, зрабіць нешта падобнае, напрыклад, на сваім дачным участку?
— Калі будзе вялікае жаданне, то зможа. Аднак трэба яшчэ валодаць пэўнымі навыкамі работы з гэтым матэрыялам. Дарэчы, у верасні мы збіраемся правесці шэраг майстар-класаў, у якіх возьмуць удзел пачынаючыя скульптары і ўсе жадаючыя, а таксама невялікі конкурс. Будуць зроблены невялікія загатоўкі, з якіх можна будзе выразаць конкурсныя работы.
Кожная пясчаная скульптура — маленькі шэдэўр, які ва ўмовах нашых шырот жыве ўсяго некалькі месяцаў. Таму спяшайцеся! Фестываль будзе працаваць да канца верасня.
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.