Адкрытая для музыкі назаўжды

Музыка, як мне здаецца, — самая чалавечная вынаходка нашай цывілізацыі. Няма такой асобы, якую яна не здолела б захапіць, узрадаваць, удасканаліць. І ўсё ж ёсць асаблівыя, на ўсе сто працэнтаў адданыя, чуллівыя, адораныя людзі, для якіх музыка — гэта амаль увесь іх свет. Менавіта такі чалавек наша госця настаўніца музыкі сярэдняй школы № 22 Мінска Таццяна Васільеўна Невядомская. Для яе музыка — і работа, і справа па дМузыка, як мне здаецца, — самая чалавечная вынаходка нашай цывілізацыі. Няма такой асобы, якую яна не здолела б захапіць, узрадаваць, удасканаліць. І ўсё ж ёсць асаблівыя, на ўсе сто працэнтаў адданыя, чуллівыя, адораныя людзі, для якіх музыка — гэта амаль увесь іх свет. Менавіта такі чалавек наша госця настаўніца музыкі сярэдняй школы № 22 Мінска Таццяна Васільеўна Невядомская. Для яе музыка — і работа, і справа па душы, і спосаб пазнання свету, і лад жыцця.

— Таццяна Васільеўна, калі і як была адкрыта ваша музыкальнасць?
— Тата Васіль Кузьміч рана зразумеў, што мяне трэба вучыць музыцы. Мы з ім праводзілі шмат часу ў гаражы за рамонтам аўтамабіля і ў паездках, дзе я ўвесь час спявала, не перапыняючыся: то песні прафесіянальных кампазітараў, то складала і апявала ўсё, што бачу за акном машыны. У нашым аўтамабілі не было радыё, і з чатырох гадоў ролю радыё выконвала я. У гэтым узросце, канечне, рана нават і ў музычную школу, таму бацькі аддалі мяне ў магілёўскі Дом культуры чыгуначнікаў у добрыя рукі кіраўніка дзіцячага музычнага гуртка Марыны Уладзіміраўны (прозвішча памяць не захавала), якая вельмі хутка стала для мяне кумірам з-за яе ўмення выдатна іграць на піяніна і спяваць. Марына Уладзіміраўна вельмі хутка выпусціла мяне на сцэну з песняй “пра галошы, якія мама купіла Лёшу”. Так-так, тыя самыя, якія “настоящие, красивые, блестящие”. Усе мы памятаем гэтую песеньку з дзяцінства. Выступаць было сапраўдным задавальненнем яшчэ і таму, што далі мне галош на вяровачцы. І я яго вывозіла, як сабачку, на сцэну. Тое першае выступленне запомнілася мне яшчэ адной прыгодай. Адыходзячы са сцэны, заблыталася ў кулісах. Пры гэтым не спужалася, наадварот, гэты працэс мне спадабаўся. Марына Уладзіміраўна запрасіла мяне спяваць у дзіцячы ансамбль “Сэрцы, якія спяваюць”. Спявала я і ў дзіцячым садзе, і ў школе, удзельнічала ў шматлікіх вакальных конкурсах з задавальненнем і поспехам. Мама з татам, натуральна, адправілі вучыцца ў музычную школу, потым закончыла музычнае вучылішча ў Магілёве імя М.А.Рымскага-Корсакава. Цікава, але мне адразу пасля вучылішча прапанавалі ўзначаліць музычную школу ў калгасе-мільянеры імя У.І.Леніна ў Бялыніцкім раёне.

— На такім рабочым месцы ў вас, напэўна, было вялікае поле для рэалізацыі вашай музычнай захопленасці?
— Яшчэ якое! У школе арганізавалі работу адразу некалькіх вакальных калектываў: “Эліт” для педагогаў, “Сяброўка” для дзяцей, “Вячоры” для старэйшага пакалення.

— А якую музыку самі любіце?
— Гэта залежыць ад падзей жыцця, пары года, настрою. То блюз падабаецца, то джаз. Заўсёды люблю кантры, рамансы. Дарэчы, рамансы спяваю добра і з асаблівым задавальненнем. Бывае час, калі проста неабходна паслухаць кіпучага С.Рахманінава, а часам на душу кладзецца толькі вытанчаны Ф.Шапэн. Часта падабаецца проста інструментальная музыка, прычым якая выконваецца толькі адным інст-рументам, напрыклад, саксафонам, кларнетам. Слухаю з задавальненнем музыку жыцця, прыроды. Для мяне музычна гучыць і лядок замерзлай лужынкі, калі на яго ступаеш, і дождж, і мора. Люблю музыку простую, не напышлівую. Лічу, што менавіта яна бліжэй нашай беларускай культуры. Адчуваю яе, хоць і напалову карэлянка. Мая мама Ніна Васільеўна з Карэліі.

— Вашы бацькі, Таццяна, напэўна, таксама музыкальныя людзі?
— Так. Папа ўмее іграць на гармоніку, мама — уладальніца прыгожага сапрана. Мы з мамай (якой ужо 80 гадоў!) да гэтай пары спяваем дуэтам. І сын Валянцін прафесійна займаецца музыкай. Ён дыджэй са сваім сцэнічным імем Валянцін-віртуоз. Мы з сынам заўсёды калекцыяніравалі музыку. Спачатку проста грампласцінкі з рознай музыкай. Калі іх сабралася чатыры шафы, сталі раздорваць. Зноў збіралі, але па пэўным прынцыпе, напрыклад, рабілі тэматычныя падборкі песень пра каханне А.Пугачовай, А.Разенбаума і г.д. У сына зараз пяць тысяч дыскаў музыкі ўсіх напрамкаў і народаў, так што ў мяне няма праблем з выбарам рэпертуару для маіх вучняў.

— Зараз чым жывяце ў сваім музычным свеце?
— Захоплена этнафалькрокам, групай “Стары Ольса”. Група практыкуе арыгінальнае гучанне, выкарыстоўвае старажытныя музычныя інструменты. Не ведаючы музычнай гісторыі свайго народа, нельга спяваць сучасную эстраду. Лічу, што беларускі эстрадны гук — гэта не папса. Ён чароўны, блізкі да народнага гучання, мяккі.

— Таццяна Васільеўна, а што, на вашу думку, музыка можа зрабіць для дарослых, дзяцей?
— Музыка — гэта псіхалагічнае і фізічнае здароўе. Пры спяванні працуюць мышцы твару, жывата, спіны, кроў насычаецца кіслародам пры актыўным пеўчым дыханні, паток энергіі знутры чалавека стварае яму добры настрой, настройвае аптымістычна. Музыка для дзяцей і не толькі — навізна адчуванняў, магчымасць імправізацыі, пераўвасаблення, крыніца ўпэўненасці, фантазіі. Музыка нейтралізуе стрэсы. Праз вакал можна марыць, напрыклад, сядзець на полі ў рамонках і з песняй падарожнічаць там, дзе хочацца. Песня можа быць праграмай: “Загадай жаданне, соладка спі — і атрымаеш новенькі пі эс пі!” Упэўнена, што настаўнік музыкі для дзяцей павінен быць нестандартным, мнагапланавым чалавекам— тады дзецям з ім будзе цікава. Паказваючы сябе ў рэчышчы нестандартнасці, калекцыянірую прадметы па некалькіх тэмах: ракавінкі, нэцке, фігуркі Бабы Ягі, іконы.

— Як усе гэтыя калекцыі “ўжываюцца” у вашай кватэры?
— Маю кватэру можна назваць своеасаблівым музеем. У музыцы ёсць такое паняцце, як поліфанія, якая азначае адначасовае гучанне некалькіх мелодый. Так і мае калекцыі, хоць і поліфанічныя, але скла-даюць патаемны і гарманічны свет, які музычна гучыць для мяне, натхняе і ўзбагачае. Я настройваю сябе так, што ўсё дапамагае мне спяваць і слухаць музыку. Нават расліны ў вазонах вакол мяне музыкальныя.
Жадаем і нашым чытачам у той ці іншай меры браць музыку ў свае саюзнікі, памочнікі прафесійныя і жыццёвыя.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.