Адлюстраванне блакіту веснавога неба

Мускары — мышыны гіяцынт, гадзючая цыбуля, належаць да сямейства лілейных. Яны запаўняюць вясновыя сады, захапляюць нас вытанчанымі суквеццямі самых разнастайных сініх тонаў. Ствараецца такое ўражанне, што кветкі гэтых раслін адлюстроўваюць свежы блакіт веснавога неба.

Нягледзячы на пяшчотнае аблічча і невялікі рост гэтых кветак, іх нельга недаацэньваць: яны вельмі хутка размнажаюцца і ўтвараюць раскошныя кветкавыя дываны. Іх яркія дэкаратыўныя кветкі распускаюцца аднымі з першых на ўчастку і маюць прыемны моцны водар. Мускары часта вырошчваюць на зрэзку, яны вельмі папулярныя пры складанні вясельных міні-букетаў. Кветкі цудоўна глядзяцца ў бардзюрах, на альпійскіх горках.
Мускары можна размясціць у любым кутку саду, у тым ліку пад дрэвамі і хмызнякамі, дзе для росту і развіцця гэтых раслін ствараюцца выдатныя ўмовы: да таго як на драўняных раслінах з’явіцца лісце, цыбульныя атрымліваюць дастаткова святла. Калі ж кроны дрэў густа зазелянеюць, то мускары ўжо адцвітуць. Пасля заканчэння цвіцення на іх месцы можна пасадзіць аднагадовыя кветкавыя расліны.
Мускары аддаюць перавагу рыхлай, добра дрэнажаванай глебе. Падчас цвіцення расліна патрабуе даволі шмат вільгаці, а ў перыяд спакою, наадварот, любіць сухое асяроддзе. Мускары размнажаюцца даччынымі цыбулінамі, а таксама насеннем. Склад глебы не мае прынцыповага значэння, але на развіццё мускары добры ўплыў аказвае падкормка арганічнымі ўгнаеннямі. Кампостам і перагноем узбагачаюць грунт у асенні перыяд, пры перакопцы ўчастка. Неабходна рэгулярна рыхліць глебу каля мускары, выдаляючы пустазелле.
Адпаведныя ўмовы ўтрымання, багаты торфам грунт спрыяюць утварэнню буйных цыбулін і суквеццяў. Пры ўмове рэгулярнага падкормлівання мускары могуць расці на адным і тым жа ўчастку да 10 гадоў. Затым неабходна перасадзіць расліны. Пасаджаныя ў ніжнім ярусе ў кветніку з нарцысамі мускары пышна адценяць іх насычана-жоўтыя, сонечна-аранжавыя або асляпляльна-белыя далікатныя кветкі.
Акрамя самых розных адценняў сіняга, існуюць гатункі мускары з белай афарбоўкай суквеццяў. Сезон цвіцення мускары доўжыцца з мая па чэрвень. У гэтым годзе яны зацвілі ўжо ў пачатку красавіка. Кветкі вельмі непатрабавальныя ў вырошчванні, пра іх можна сказаць: “пасадзіў — і забыўся”. Бо гэтыя цыбульныя расліны развіваюцца лепш за ўсё, калі іх лішні раз не турбаваць.
Перад высадкай цыбуліны мускары неабходна пратруціць для прафілактыкі. Спачатку неабходна выкарыстоўваць 2-працэнты раствор карбафосу на працягу 30 хвілін, а затым — 0,1-працэнтны раствор марганцавакіслага калію, таксама на працягу 30 хвілін. За суткі да высадкі цыбулін неабходна паліць зямлю (калі яна сухая) у выкапаныя ямкі, прамачыўшы ўвесь пласт глебы. Цыбуліны трэба папярэдне агледзець, яны павінны быць цалкам здаровымі, без пашкоджанняў (пацямнелыя і пашкоджаныя трэба выкінуць). Пры пасадцы падсыпаць пад цыбуліны чысты рачны пясок пластом 2-3 см для забеспячэння дрэнажу і абароны ад хваробатворных мікраарганізмаў. Пасля пасадкі цыбуліны варта паліць.
Мускары выкарыстоўваюць таксама і для выганкі. Для гэтага цыбуліны высаджваюць па 3-4 штукі ў невялікія гаршкі на глыбіню 5-6 см. Да маразоў расліны ў гаршках неабходна трымаць на паветры, а затым перанесці ў прахалоднае памяшканне, якое праветрываецца. У сярэдзіне студзеня іх трэба паставіць на выганку ў прахалодным пакоі на сонечнае акно.
У перыяд росту і развіцця мускары неабходна двойчы падкарміць кветкавымі ўгнаеннямі (да цвіцення і пасля цвіцення). Паліў — умераны.
Расліна схільная да нападу тлі і павуціннага кляшча. Пры пераўвільгатненні глебы загніваюць карані.
Цыбуліны мускары пасля выганкі варта высадзіць у садзе — для паўторнай выганкі яны не прыдатныя.

***

Сцыла таксама належыць да сямейства лілейных. У Расіі распаўсюджана іншая назва гэтай расліны — пралеска. У прыродзе сцылы сустракаюцца ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. На тэрыторыі краін СНД налічваецца да 17 відаў гэтай расліны. Найбольш распаўсюджаныя сцыла сібірская і сцыла двухліставая.

Сцыла — адна з самых раннеквітнеючых цыбульных раслін. Яе часта называюць сінім падснежнікам: яна цвіце адначасова з галантусам адразу пасля таго, як сыдзе снег у красавіку — пачатку мая.
Сцыла — невысокая (10—15 см) шматгадовая цыбульная расліна. Цыбуліны невялікія (2-3 см), яйцападобныя. Лісце прыкаранёвае, ярка-зялёнае, ланцэтападобнае або лінейнае. У сцылы сібірскай іх 3-4, у сцылы двухліставой усяго 2 лісты. Сцылы цвітуць вельмі пышна. Акрамя сініх, вядомы сцылы з белымі і з ружовымі кветкамі.
Сцылы любяць паўцень, але і на адкрытых сонечных месцах растуць добра. Да глеб непатрабавальныя, але любяць урадлівую, вільготную глебу. Застою вады не выносяць. На адным месцы могуць расці шмат гадоў. Марозаўстойлівыя.
Размнажаюцца вегетатыўна (дзеткамі) і вельмі актыўна насеннем, часта самасевам. Вясной, пасля раставання снегу, можна выявіць іх самасеў і на газоне, і на кветніках: адзінокія ярка-сінія зорачкі. Пры размнажэнні дзеткамі, перасаджваючы, цыбулькі нельга доўга трымаць не ў грунце, нельга іх і высушваць. Лепш за ўсё адразу ж саджаць на загадзя падрыхтаваны ўчастак. Высаджваюць на адлегласці каля 5 см і на такую ж глыбіню. Час пасадкі дзетак — адразу пасля адмірання лісця (у чэрвені).
Сцылы разводзяць як бардзюрную расліну ў рабатках, клумбах і на альпійскіх горках.

Люцына ГАПОНІК.