Лілейнікі, a асабліва іх гібрыдныя гатункі, — незвычайна прыгожыя шматгадовыя расліны з маляўнічымі кветкамі, вельмі падобнымі на лілеі. У народзе іх называюць лілеяй-аднадзёнкай. Лацінская назва “гемеракаліс” перакладаецца як “прыгожы на працягу аднаго дня”, і гэта сапраўды так. Кветка, распусціўшыся раніцай, радуе ўсяго адзін дзень і да вечара вяне. Але сёння выведзены новыя гатункі, якія цвітуць 1,5-2 дні. Ёсць нават начныя лілейнікі, якія цвітуць ноччу, або, распусціўшыся пасля заходу, цвітуць да наступнага вечара. У пахмурнае надвор’е кветка не распускаецца цалкам і жыве даўжэй.
Першая згадка пра лілейнік як пра садовую культуру адносіцца да I стагоддзя н.э. У пачатку XX стагоддзя большасць відаў ужо выкарыстоўвалася ў селекцыйнай рабоце, якая ў апошні час найбольш інтэнсіўна вядзецца ў ЗША. Амерыканская асацыяцыя лілейнікаў зарэгістравала дзясяткі тысяч новых гатункаў. Можна сказаць, што лілейнік стаў “нацыянальнай кветкай” амерыканцаў. На жаль, у нас працягваюць вырошчваць у асноўным дзікарослыя віды, а некаторыя не асабліва модныя гатункі знаходзяцца ў батанічных садах ды зрэдку ў калекцыях аматараў. У нашай школе лілейнікі растуць каля вадаёма, уздоўж дарожкі, якая вядзе да яго.
Лілейнікі маюць своеасаблівы шарм і прыносяць нам супакаенне. Каб радавацца гэтым цудоўным раслінам з году ў год, неабходна асвоіць асноўныя прынцыпы і навыкі размнажэння. Без перасадкі лілейнікі могуць пражыць даволі шмат гадоў. Лепш за ўсё садзіць іх у маі або жніўні. Калі неабходна, можна перасаджваць расліны і ў прамежку паміж гэтымі месяцамі, але рабіць гэта трэба ў халаднаватае надвор’е. Пазней за жнівень садзіць іх не рэкамендуецца, бо яны могуць не паспець укараніцца і загінуць у зімовыя холады.
Адлегласць паміж лілейнікамі пры пасадцы павінна складаць ад 60 да 100 см, бо яны з часам моцна разрастаюцца і, пасаджаныя блізка, не будуць мець магчымасці для свабоднага размяшчэння ў кветніку.
Самы просты спосаб размнажэння лілейнікаў — дзяленне куста. Звычайна раз у 5—7 гадоў лілейнік неабходна выкапаць, стрэсці або змыць з каранёў глебу. Вельмі буйныя старыя экзэмпляры неабходна падсушыць на працягу сутак у цяні і толькі тады ачысціць ад зямлі. Карані расліны звычайна моцна пераплятаюцца, і пры гэтай аперацыі трэба пастарацца асцярожна рукамі раздзяліць іх так, каб кожная дзялянка мела частку карнявой шыйкі з пупышкамі. Спачатку гэта цяжкавата, але з часам гэтая аперацыя не будзе выклікаць у вас асаблівых складанасцей. Калі ж гэта не атрымліваецца, то можна скарыстацца нажом, што, вядома, прывядзе да непазбежных страт. Вельмі доўгія карані неабходна пакараціць на 1/3. З пяцігадовага куста можна атрымаць 20—25 дзялянак, якія звычайна зацвітаюць праз 2 гады. Пры неабходнасці перасадка дапушчальная ў любы час вегетацыйнага перыяду, за выключэннем занадта спякотнага надвор’я, бо пры высокай тэмпературы неакрэплыя расліны могуць падвянуць.
Дзялянкі неабходна высаджваць на тую ж глыбіню, што і дарослыя экзэмпляры расліны. На дно ямы ў цэнтры насыпаць невялікі грудок зямлі і па ім раўнамерна размеркаваць карані. Пасля пасадкі расліны неабходна паліць. Ёсць і іншыя спосабы вегетатыўнага размнажэння. Калі сцябло зрэзаць ля самай асновы (крыху вышэй за каранёвую шыйку), то хутка пачынаюць адрастаць новыя парасткі. Для гэтага глебу акуратна адграбаюць да каранёў расліны. Затым кароткім вострым нажом трэба зрэзаць сцябло гарызантальна. Памятайце, што не варта пакідаць занадта высокі пянёк, інакш пупышкі пойдуць у рост значна пазней, што парушыць агульнае развіццё расліны. Аптымальны час для такой аперацыі — ранняя вясна, калі парасткі не перавышаюць 5—10 см. За 3-4 тыдні можна без асаблівых намаганняў атрымаць больш за 6 новых парасткаў расліны. Прыкладна праз год-два куст лілейніка прынята дзяліць.
Расліны для “інтэлігентных гультаёў” — так называюць лілейнікі немцы. Сапраўды, сярод іншых падобных да іх па дэкаратыўнасці культур цяжка знайсці такія ж непатрабавальныя да глебы, месцазнаходжання, кліматычных умоў, а, адпаведна, і да догляду расліны. Лілейнікі, акрамя таго, устойлівыя да шкоднікаў і хвароб. Яны, канечне, выдатна пераносяць разнастайныя захворванні, але лепш за ўсё не дапускаць іх з’яўлення, рэгулярна праводзячы агляд расліны і прафілактычныя апрацоўкі.
Хоць лілейнікі растуць практычна ў любым месцы, трэба ўсё ж пазбягаць участкаў з блізкім стаяннем грунтавых вод або рабіць высокія грады. Гэтыя расліны вельмі негатыўна ставяцца да лішку вільгаці, якая змяшчаецца ў глебе, ад гэтага ў раслін пачынае падгніваць каранёвая сістэма. Пры паліве, як і пры пасадцы, варта ўлічваць і тое, што не ўсялякія лілейнікі так ужо любяць ваду, як прынята лічыць. Напрыклад, бардзюрныя і мініяцюрныя гатункі аддаюць перавагу ўзвышаным месцам з пясчанай або лясной глебай — празмерны паліў для іх шкодны. І зусім іншая патрэба ў вадзе ў гібрыдаў лілейніка бура-жоўтага, для якіх берагі вадаёмаў, сажалак і іншых сырых месцаў — самае спрыяльнае асяроддзе.
У цэлым лілейнікі не любяць занадта вільготную глебу, з цяжкасцю пераносяць застой вады, аднак глеба на ўзроўні каранёў заўсёды павінна быць злёгку вільготнай. Каб было менш праблем з палівам, варта мульчыраваць глебу вакол лілейнікаў на таўшчыню некалькіх сантыметраў торфам, скошанай травой, пілавіннем або кампостам. Мульча таксама засцерагае і ад прарастання пустазелля.
Паліваць лілейнікі неабходна па меры высыхання глебы, якая заўсёды павінна быць прахалоднай і вільготнай да глыбіні 5—7 см. Глыбокі перыядычны паліў, асабліва вясной, больш карысны, чым часты, але паверхневы. Паліваць трэба не часцей, чым адзін раз у тыдзень вясной, а таксама летам у час цвіцення. Дзённы паліў, асабліва ў сухое спякотнае надвор’е, шкодны для любых раслін — можна абпаліць лісце, а карані будуць гніць. Паліваць трэба або раніцай да 10-11 гадзін, альбо ўвечары — пасля 17 гадзін. Вада не павінна трапляць на бутоны, інакш будуць плямы. Паліваць неабходна акуратна пад сцябло так, каб моцнай струёй вады не вымыць пажыўныя рэчывы і не агаліць карані. Такі паліў раз у тыдзень, а то і ў два цалкам дастатковы для лілейнікаў, бо ў патаўшчэннях на сваіх каранях яны назапашваюць ваду.
Глебу вакол апрацоўваюць на глыбіню да 30 см. Палепшыць цяжкую глебу можна з дапамогай пяску, жвіру, перагною, а ў пясчаную варта дадаваць кампост, торф. Лепш выкарыстоўваць нейтральныя ці слабакіслыя субстраты. У год пасадкі расліны не варта ўгнойваць, пакуль яны поўнасцю не ўкараняцца.
Празмерна ўгноеная глеба выклікае нарастанне лісця не на карысць цвіценню. Лішак азотных угнаенняў, асабліва вясной, прыводзіць да такіх жа вынікаў. Але ўсё ж падкормліваць лілейнікі на пэўных этапах іх развіцця трэба. Заўважана, што азотныя ўгнаенні адмоўна ўплываюць на расліны чырвоных і пурпурных гатункаў — кветкі мяняюць афарбоўку. Угнаенні проста неабходныя на бедных глебах. Уносяцца яны ў тры этапы: вясной — пачатак вегетацыі (канец красавіка — пачатак мая), летам — перад цвіценнем (канец мая — чэрвень), восенню — пасля цвіцення (жнівень — пачатак верасня), калі надыходзіць кароткі перыяд спакою перад закладкай новых парасткаў будучага года. Падкормка ў пачатку восені, у асноўным угнаеннямі, якія ўтрымліваюць калій і фосфар (N:K:P = 3:12:12), стымулюе закладку парасткаў будучага года, а таксама колькасць кветак на парастках. Кусты, якія разрасліся, угнойваюць больш, чым маладыя, таму што і глеба вакол іх, і самі расліны больш знясіленыя пасля багатага цвіцення.
Такім чынам, лілейнікам неабходна пэўная ўвага, але клопатаў яны патрабуюць няшмат, і нават садавод-пачатковец без намаганняў правядзе ўсе мерапрыемствы, якія дапамогуць падтрымліваць расліны здаровымі і здольнымі да пышнага цвіцення.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.