У дзяцінстве ўсе мы ў той ці іншай ступені былі захоплены настольнымі гульнямі, але нямногія захавалі цікавасць да іх у дарослым жыцці. Магчыма, і дарма, бо ў сучасным свеце настольная гульня стала значна больш, чым проста гульнёй. Правадніком у свайго роду паралельную рэальнасць настольных гульняў стаў для нас Раман Міхайлавіч Грыгорык — выпускнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. З Раманам я пазнаёмілася ў “Жамчужыне” — дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры, што недалёка ад Лепеля, дзе мы разам працавалі з дзіцячай групай. Усім калегам Рамана Міхайлавіча быў заўважны яго талент зносін з дзецьмі і яркія здольнасці да стварэння гульняў. Відавочным было і тое, што правілы гатовых настольных гульняў ён тлумачыць дзецям лепш за ўсіх. З часам высветлілася, што ў нашага суразмоўцы дома ёсць цэлая калекцыя “настолек” і што гэта яго сур’ёзнае захапленне.
— Раман, як узнік ваш інтарэс да гульняў, як ён развіваўся?
— Маё захапленне настольнымі гульнямі дакладна не з дзяцінства. Не ўзгадаю, каб у нас з сястрой Оляй калі-небудзь такія гульні былі дома. Аднойчы ў гасцях у сяброў разам з іншымі дзецьмі асвоіў гульню “Менеджар”. Вось, мабыць, і ўвесь мой дзіцячы настольна-гульнявы вопыт. Два гады назад пасля засваення фантазійнай, парадыйнай, вясёлай гульні “Манчкін” мне раптам захацелася гуляць. Зацікавіўся стваральнікамі гульняў. Чытаў пра іх. Даведаўся аб самым знакамітым распрацоўшчыку Клаўсе Тойбергу і яго гульні “Каланізатары”. Асвоіў яе. Стваральнікі па-сапраўднаму захапляльных гульняў — у асноўным навукоўцы. Сярод іх матэматыкі, біёлагі. Ёсць і камп’ютаршчыкі. Цяпер у маёй калекцыі каля трыццаці гульняў. Для іх ёсць спецыяльная тумбачка і паліца. Я яшчэ сціплы калекцыянер. Напрыклад, у Тома Весла, настаўніка матэматыкі з ЗША, які вядзе ў інтэрнэце відэаагляды настольных гульняў, скрынкі з імі запаўняюць усе чатыры памяшканні кватэры.
— Ва ўяўленні многіх, настольная гульня — гэта кубікі і поле, па якім перасоўваюцца фішкі. Знаўцы гульняў, напэўна, ведаюць і іншыя разнавіднасці.
— Гэта дакладна! Ёсць еўрапейская і амерыканская школы гульняў. Еўрапейская школа спачатку стварае тэхніку гульні, затым накладвае на яе гісторыю. Гэтыя гульні захапляюць неабходнасцю распрацоўваць тактыку, уключаць інтэлект, магчымасцю кожны раз выбіраць новы падыход да гульні. Такія нямецкія гульні “Каркасон”, “Бананза”. Амерыканскія гульні заснаваны на сюжэце і атмасферы. Яны могуць быць нават эпічнымі. Тэхніка гульні простая: кубік, ачкі, персанажы, табліцы з расшыфроўкай выкінутых з дапамогай кубіка ачкоў. Затое колькі эмоцый! Прыкладам такой гульні можа быць “Жах Аркхэма”. Створана гульня па сюжэце знакамітай кнігі Говарда Лаўкрафта. У гульні — атмасфера Амерыкі 20-х гадоў. Аркхэм — выдуманы горад. У выніку анамаліі на тэрыторыю Аркхэма прарываюцца монстры. Гульцы павінны з імі змагацца. Гульня асаблівая, таму што кааператыўная. Усе ўдзельнікі змагаюцца разам супраць гульні. Добра, вядома, калі перамагаюць.
Задуманыя аўтарамі гульні могуць быць распрацаваны для правядзення часу з сям’ёй, у падарожжы, для забавы або інтэлектуальнага развіцця. Гульні могуць быць тэматычнымі і абстрактнымі. Ёсць так званыя party games для кампаніі ў кафэ, напрыклад, “Дзікія джунглі”. Такая гульня развівае ўвагу, хуткасць рэакцыі, стварае добры настрой. Ёсць кірунак wargame. Захопленыя ім паступова купляюць сабе цэлыя калекцыі салдацікаў розных эпох і бітваў, іншых герояў, затым у гульнявых клубах ладзяць бітвы, спаборніцтвы.
— Атрымліваецца, Раман, што ў “настолкі” для больш дарослых гуляюць у Еўропе і Амерыцы, дзе і ствараюцца гульні?
— Магчыма. Але ёсць і руская школа. З 2000 года ствараюцца гульні новага пакалення і ў Расіі, яны становяцца папулярнымі ў свеце. Такая гульня “Эвалюцыя”, распрацаваная біёлагам Дзмітрыем Кнорэ. Папулярная і руская настольная гульня “Галівуд”, сутнасць якой — стварыць свой фільм і атрымаць “Оскар”. Не сакрэт для беларусаў, што наша айчынная камп’ютарная гульня “Свет танкаў” вельмі падабаецца людзям у нас і за мяжой, па яе матывах таксама створана настольная гульня.
— Улетку вы працуеце з дзецьмі. Як дапамагае ваша справа па душы ў педагагічнай дзейнасці?
— Вельмі дапамагае. Гуляючы, лягчэй усталяваць кантакт з дзіцем. Яно бачыць, што мы на роўных, што даросламу можна давяраць, што ён такі ж чалавек, як і дзіця, таму што можа ў гульні памыляцца гэтак жа, як і малы. Я нават вучуся ў дзяцей у гульні. Яны часта выбіраюць у адрозненне ад нас, дарослых, вельмі простыя тактыкі, нават наіўныя, і …. перамагаюць! Дзецям, лічу, вельмі карысныя настольныя гульні. Яны дапамагаюць адыходзіць ад камп’ютара, здольны аб’яднаць дзяцей і бацькоў, ствараючы цікавыя ўнутрысямейныя адносіны. Дзіця адчувае, што мама і тата цікавяцца ім, праводзяць з ім час. Падчас гульні можна нават вырашыць некаторыя маленькія сямейныя праблемы.
У “Жамчужыне” прыдумваў маленькія гульні для дзяцей, напрыклад, конкурс для капітанаў. Атрымалася гульня “Караблі”. Потым мы яе, можна сказаць, ажывілі. Прасцей кажучы, правялі на сапраўдным полі, у натуральную велічыню, дзе перасоўваліся сапраўдныя караблі, з камандай дзяцей па 8 чалавек. Дарэчы, надвор’е было выдатнае, і мы маглі даваць залпы па караблях сапернікаў з пластыкавых бутэлек, напоўненых вадой. Было весела, і ў гульні была магчымасць выкарыстоўваць тактыку супрацоўніцтва, а не толькі саперніцтва.
— Захапленне настольнымі гульнямі мае перспектывы ў жыцці Рамана Міхайлавіча Грыгорыка?
— Мае. Гульні мне дораць сябры і родныя на святы і дзень нараджэння. Жартую, вядома, што гэта перспектывы. Бачу значна большыя магчымасці, чым проста папаўняць калекцыю, бо яна не самамэта. Важна не мець гульню, а гуляць у яе з сябрамі, бо гэта такая добрая канва для зносін. Лічу сацыяльны аспект гульняў вельмі важным. Больш за тое — гэтае хобі застанецца са мной на ўсё жыццё. Збіраюся развівацца ў ім, ствараючы свае сур’ёзныя гульні. Ёсць задумка гульні “Алхімія”. Элементы прыдумаў. Гэта вада і агонь. Змешваючыся, яны будуць утвараць розныя субстанцыі. Прататыпы ўжо выразаны з кардону, распрацоўваю ўнікальныя механікі гульні.
***
З дыялогу з Раманам Грыгорыкам мы зразумелі, што настольныя гульні — гэта сур’ёзна і па-сапраўднаму цікава, што на гульнявым полі карысна бываць і дзецям, і дарослым. Летні час для гэтага самы спрыяльны.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара і з архіва Рамана ГРЫГОРЫКА.