Авітаміноз ты мой вясновы

Надыходзіць самая рамантычная пара, калі коцікі на вербах і на клёнах паступова расцвітуць, а мы ёй чамусьці не рады! Раніцай немагчыма прачнуцца, на працы цэлы дзень ходзім разбітыя і з цяжкасцю змагаемся з пазяханнем. Першае вясновае сонейка не радуе — часта слязяцца вочы. Лушчыцца скура на твары… Нічога тут дзіўнага няма. Так мы, паўночнікі, выходзім з працяглага халоднага перыяду, калі нам не хапае святла, цяпла і вітамінаў.

Гэтая напасць прыходзіць да нас кожную вясну з зайздросным пастаянствам, але мы амаль нічога не робім, каб пазбегнуць такіх праблем. Мы чамусьці думаем, што вясновы авітаміноз — непазбежнае зло, з якім бессэнсоўна змагацца. І дарма. З вясновымі праблемамі можна справіцца.
Калі быць да канца карэктным, тое, што мы звычайна называем авітамінозам, на самай справе такім не з’яўляецца. Сапраўдны авітаміноз з медыцынскага пункту гледжання — гэта цяжкі паталагічны стан, звязаны з хранічным недахопам у арганізме вітамінаў. Настолькі цяжкі, што яшчэ менш за сто гадоў назад у Паўднёва-Усходняй Азіі тысячы людзей гінулі ад хваробы беры-беры (недахоп вітамінаў групы В), а на Поўначы людзі за пару месяцаў пазбаўляліся ў юным узросце ўсіх зубоў ад цынгі (адсутнасць вітаміну С).
У сучасным свеце такі востры недахоп вітамінаў сустрэць практычна немагчыма. Нават бедна харчуючыся, мы забяспечваем сябе мінімальнай колькасцю вітамінаў (цыбуля, морква, лімоны, сухафрукты ратуюць ад напасці), якая гарантуе захаванне жыццёвых функцый арганізма. Часцей мы сутыкаемся з гіпавітамінозам — станам на мяжы хваробы, звязаным з недастатковым паступленнем вітамінаў і мікраэлементаў у арганізм. Менавіта ён становіцца прычынай вясновай хандры і непрыемнасцей са знешнасцю.
Здавалася б, пры сучасным круглагадовым багацці імпартнай садавіны які можа быць гіпавітаміноз? А адказ просты: уся трапічная і нават субтрапічная садавіна саступае па ўтрыманні вітамінаў садавіне з высокіх шырот (занадта хутка спее). А вясновыя беларускія яблыкі проста амаль пустышкі па колькасці вітамінаў у параўнанні з яблыкамі, толькі знятымі з галінкі. А караняплоды, нават такія карысныя, як буракі і морква, губляюць да вясны больш за палову вітамінаў.
Аднак і летам атрымаць неабходную дозу вітамінаў толькі з садавіны і агародніны не вельмі проста. Каб папоўніць сутачную норму вітамінаў і мікраэлементаў, неабходна з’ядаць не менш за 1,5—2 кг пладоў, ягад і агародніны. Сутачную дозу, напрыклад, вітаміну В1 вы атрымаеце толькі ў тым выпадку, калі штодня будзеце з’ядаць бохан жытняга хлеба (сапраўднага вясковага, а не магазіннага з дабаўкамі). Колькасцю якасць не паправіш. Ды і без мясных прадуктаў і субпрадуктаў ніяк не атрымаць шмат вітамінаў групы В, якія ўплываюць на знешнасць, і ў першую чаргу на стан валасоў.
Каб вызначыць, якіх менавіта вітамінаў не хапае нашаму арганізму, не абавязкова рабіць складаныя медыцынскія аналізы. Агульныя прыкметы гіпавітамінозу: бледнасць скурнага покрыва, сухасць і лушчэнне скуры, магчыма з’яўленне плям, якія лупяцца, трэшчынкі ў вугалках вуснаў, часам мокнучыя заедзі, пазногці, што часта ламаюцца і расслойваюцца, з’яўленне вугроў і гнайнічкоў. Чалавек хутка стамляецца, адчувае мышачную слабасць, млявасць, бывае раздражняльным, нярэдка адчувае дэпрэсіўныя станы. У цяжкіх выпадках можа праяўляцца нават плаксівасць або, наадварот, павышаная агрэсіўнасць. Калі ёсць якая-небудзь з пералічаных прыкмет, больш за тое, некалькі такіх прыкмет, значыць, ёсць праблемы з недахопам вітамінаў у арганізме.
Доўга не праходзяць прастуды, дзясны крывавяць пры чыстцы зубоў, раны і парэзы гояцца павольна — недахоп вітаміну С (аскарбінавай кіслаты). Сутаргі ў ікраножных мышцах і пальцах ног часам бываюць выкліканыя дэфіцытам вітаміну В1 (тыяміну). Язвачкі ў роце, трэшчынкі ў вугалках рота, якія доўга не загойваюцца, заедзі, павышаная адчувальнасць да святла, частыя дэрматыты, асабліва калі ніколі да гэтага не пакутавалі ад скурных захворванняў, — недахоп вітаміну В2 (рыбафлавіну).
Выцягніце руку далонню ўверх і згінайце дзве фалангі на чатырох пальцах да таго часу, пакуль кончыкі пальцаў не дакрануцца да далоні. Зрабіце так на абедзвюх руках. Калі гэта атрымліваецца з цяжкасцю, верагодны дэфіцыт вітаміну В6 (пірыдаксіну). Калі, выходзячы са светлага памяшкання ў цёмнае, вы прыстасоўваецеся да цемры не адразу, а на працягу 7—8 секунд, вітаміну А ў вас недастаткова.
Але не адчайвайцеся. Вясновы гіпавітаміноз — справа хутка папраўная.
Самы лепшы вітамін той, які трапіў да нас у арганізм натуральным чынам, гэта значыць, з ежай. Таму наша задача — арганізаваць свой рацыён харчавання такім чынам, каб максімальна натуральна кампенсаваць патрэбы арганізма ў вітамінах, а тое, што немагчыма атрымаць з ежай, папоўніць з дапамогай сінтэтычных вітамінаў з аптэкі.
У продкаў існавала прымаўка: вясной трэба есці не карэньчыкі, а вяршкі. Таму старайцеся не злоўжываць бульбай (хоць сама па сабе бульба — скарбніца вітаміну С у сырым выглядзе), а налягаць на іншую агародніну. (Пра тое, як агародніна дапаможа пазбавіцца ад некалькіх лішніх кілаграмаў, чытайце на стар. 15.) Пры пакупцы агародніны неабходна асабліва звяртаць увагу на яе знешні выгляд: нічога падвялага, падсохлага і зморшчанага. Сухафрукты — добры сродак для барацьбы з гіпавітамінозам, але лепшыя сухафрукты з дачы або з вёскі, а не з магазіна. Не забывайце пра замарожаную агародніну. Хуткая замарозка спрыяе захаванню ў агародніне і садавіне максімальнай колькасці карысных рэчываў. Цыбуля і часнок багатыя на вітаміны і эфірныя маслы, але дамы па зразумелых меркаваннях іх цураюцца, а дарма. Іх можна есці на ноч — і вітамінаў дадасць, і страваванне палепшыць.
Дарэчы, калі ў вас усё ў парадку са страваваннем, налягайце на квашаную капусту. Яна не толькі захоўвае ўсе вітаміны, якія ўтрымліваюцца ў свежай, але нават больш, чым свежая, узбагачана арганічнымі кіслотамі. Гэта, дарэчы, адзін з нешматлікіх прадуктаў з такімі выдатнымі ўласцівасцямі. Няма неабходнасці яе прамываць, лепш будзе проста адціснуць — так захаваецца ўсё карыснае, што ёсць у квашанай капусце. Шкада, што квашаная капуста здаецца не “гламурным” прадуктам — ад яе раздзімае жывот. Але не абавязкова есці яе салатніцамі.
Агародніну лепш гатаваць на пары. Калі варыць, то апускаць у кіпячую ваду (так менш разбураюцца вітаміны) і варыць пад накрыўкай. Моркву і буракі варыце ў лупінах, бульбу запякайце ў мундзірах у духоўцы — так захоўваецца большая колькасць калію. Аднак не рэкамендуецца запякаць бульбу вясной, асабліва падвялую, і ні ў якім разе нельга ўжываць у ежу моцна прарослую і пазелянелую бульбу (утвараецца рэчыва саланін, якое выклікае харчовае атручэнне). Карысна налягаць на зеляніну: пятрушку, кроп, агурочную траву, сельдэрэй, кінзу і салаты са шпінатам.
На жаль, хутка і эфектыўна папоўніць патрэбы арганізма ў вітамінах толькі за кошт правільнага харчавання немагчыма. Каб эфектыўна змагацца з гіпавітамінозам, неабходна ўжываць полівітамінныя прэпараты. Але зноў жа не трэба глытаць дражэ і капсулы жменямі, папярэдне парайцеся з доктарам і старанна выконвайце яго прадпісанні па дазіроўцы. Калі падысці сур’ёзна і з розумам да гэтай праблемы, то хутка вы набудзеце ранейшы квітнеючы выгляд, адпаведны ўсёй квітнеючай прыродзе.

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.