Bel Paese

Я даўно хацеў пабываць у Bel Paese — гэтай прыгожай краіне, як часта называюць Італію. Мяне неадольна цягнула пабываць у гэтым кутку зямнога шара, які справядліва лічыцца адной з калысак нашай цывілізацыі. Пахадзіць па зямлі, якая помніць, як па ёй хадзілі геніі мінулых стагоддзяў: Дантэ і Леанарда, Мікеланджэла і Рафаэль, Джарджонэ і Тыцыян… Апынуцца на сусветнай радзіме прыгажосці, дзе прыгожае ўсё: горы, гарады, людзі, якія ў іх жывуць. Так, так, едучы ў незнаёмую мне Італію, я гэтага яшчэ не мог ведаць. Але цяпер, пабываўшы там, ведаю дакладна: падсвядома клікала мяне туды найперш менавіта прыгажосць. Менавіта Bel Paese… 

А ў ніжэй змешчаных нататках я хацеў падзяліцца з нашымі чытачамі сваімі самымі яркімі ўражаннямі ад Bel Paese. Магчыма, прачытаўшы гэтыя нататкі, тыя, хто ўжо быў у Італіі, суаднясуць свае ўражанні з маімі. Іншых, тых, хто яшчэ там не быў, яны, магчыма, натхняць на падарожжа на Апеніны, а можа, будуць карыснымі і ў чыста практычным плане. Прынамсі, апісваючы нашу вандроўку, якая пралегла праз Фларэнцыю, Рым, Ватыкан, Верону і Венецыю, я імкнуўся па ходзе справы яшчэ і развейваць некаторыя так званыя турыстычныя міфы. Міфы, якія часта робяць мядзведжую паслугу самім жа турыстам, адбіваючы ў іх ахвоту ехаць у тое ці іншае месца на Зямлі.

* * *

І першым такім міфам для мяне ў Італіі сталі… італьянскія дарогі. Чамусьці мне здавалася, што яны будуць калі не такімі ж, як разбітыя расійскія, дык напэўна ўжо і не як дагледжаныя беларускія, а тым больш не як узорныя нямецкія аўтабаны. А яшчэ я вельмі баяўся, едучы ў горную краіну, што мы будзем бясконца пятляць па серпанціне, а ўнізе, пад самым аўтобусным акном, будзе зеўраць бездань. Такое я ўжо зведаў, калі вандраваў па Славакіі і Венгрыі пазамінулым летам. Карпаты тады мяне больш палохалі, чым зачароўвалі…


Насуперак маім чаканням, з Вены ў Фларэнцыю мы несліся на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну па ідэальнай чатырохпалоснай, а месцамі і шасціпалоснай, прамой, як страла, магістралі — нідзе ні табе калдобінкі, ні бетоннага выпуклага грудочка, якія маглі б добра страсянуць аўтобус на такой хуткасці. А асабліва ўразілі нашы частыя “пераходы праз Альпы”. Ніводнага разу мы не ехалі з гары ці ў гару, натужна не падымаліся і не несліся на злом галавы ўніз. Мы рухаліся ў нязменна роўным становішчы, бо ў літаральным сэнсе праразалі скалістае цела Альпаў у тунэлях, якія маглі цягнуцца і пяць, і дзесяць кіламетраў. І гэта было, насамрэч, нейкім цудам ехаць у тунэльнай закрытай прасторы, бачыць мігценне разнастайнай ілюмінацыі і дарожных указальнікаў за акном і ў той жа час ведаць, што над табой высіцца прыродны каменны гмах.


Дарэчы, з Вены ў Фларэнцыю мы ехалі ноччу. Гэта быў адзін з двух начных пераездаў, якія прадугледжваў наш тур. І гэтая першая італьянская ноч у аўтобусе, нягледзячы на ўсе зразумелыя нязручнасці сну седзячы, мела ўсё-такі і свой шарм. Але хіба мог быць у тую ноч сон! Справа ў тым, што менавіта той ноччу мне адкрыліся ва ўсёй сваёй прыгажосці Альпы. Чым больш світала, тым больш выразна праяўляліся ў акне гэтыя грозныя масіўныя абрысы — белыя заснежаныя альпійскія вяршыні і альпійскія лугі, якія патаналі ў зеляніне… Я проста не мог спаць той ноччу, прыліпнуўшы да акна аўтобуса. Я здзіўляўся, як маглі спаць іншыя турысты нашай групы, калі Альпы паўставалі ва ўсёй сваёй велічы і цудоўнасці. У тую ноч я “піў” прыгажосць Італіі. Але гэта быў толькі першы “глыток”.

* * *

А другім “глытком” італьянскай прыгажосці для мяне стала ўласна сама Фларэнцыя — сталіца Тасканы, гэты неверагодны па сваёй красе горад-музей, адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Італіі, абавязаны багаццем сваёй культурна-гістарычнай спадчыны найперш прадстаўнікам легендарнага дома Медзічы за іх апантанае збіранне бясцэнных мастацкіх скарбаў. Ад мноства фларэнтыйскіх музеяў і галерэй, іх раскошы літаральна кружылася галава. Галерэя Уфіцы, дзе выстаўлены палотны такіх непераўзыдзеных майстроў, як Джота, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Бацічэлі, Рафаэль, Караваджа, Рубенс, Дзюрэр, Гоя, Рэмбрант і інш. Палац Піці, своеасаблівы канкурэнт галерэі Уфіцы ў сэнсе папулярнасці ў турыстаў, — агромністы комплекс музеяў, паркаў і выставачных залаў. Знакамітыя сады Баболі, якія раскінуліся побач з Піці і якія самі па сабе таксама могуць лічыцца музеем дзякуючы сваёй старажытнасці і захаванасці ва ўсёй сваёй аўтэнтычнай красе. Унікальны Калідор Вазары, пабудаваны архітэктарам Джорджа Вазары ў ХVІ стагоддзі, а ў ХІХ стагоддзі прыстасаваны пад галерэю аўтапартрэтаў, у якой можна ўбачыць, як выглядалі Рафаэль ці Тыцыян. Акадэмія прыгожых мастацтваў, заснаваная яшчэ ў 1561 годзе. Дом-музей Дантэ Аліг’еры, капэла Медзічы, музей “Опера-дэль-Дуома”, палац Век’ё, базіліка Санта-Крочэ… Сонечная Фларэнцыя проста ашаламіла сваёй фантастычнай прыгажосцю, так бы мовіць, збіла з панталыку пытаннямі: “Як такое можа быць? І як можна жыць пасярод усяго гэтага, разам з усім гэтым… і не звар’яцець ад гэтай суцэльнай прыгажосці?”


Між іншым менавіта ў Фларэнцыі мы пачалі пазнаваць сапраўдных італьянцаў, адрозніваць іх на фоне шматтысячных натоўпаў турыстаў, што было зусім няцяжка рабіць. Вось яны, змучаныя фларэнтыйскім сонцам і прыціснутыя фларэнтыйскай раскошай, абвешаныя навушнікамі і фотаапаратамі, ідуць сабе пакорлівым статкам за сваім гідам, які размахвае наперадзе сцяжком… Гэта турысты. А вось яны, загарэлыя, вясёлыя, крыклівыя, непасрэдныя, вольныя і разняволеныя, нават калі і зліліся з турыстамі… Гэта фларэнтыйцы. Гэта італьянцы. І не варта крыўдзіцца, калі нехта з іх па неасцярожнасці, а мо нават і наўмысна, грубавата штурхане вас у натоўпе. І ўжо зусім не трэба грубасцю рэагаваць на гэта, як мы ўмеем рабіць у сябе на радзіме. Іх — фларэнтыйцаў, рымлян, венецыянцаў, неапалітанцаў — можна таксама зразумець. У іх свае штодзённыя справы. А ў турыстаў, акрамя як адпачываць і захапляцца, спраў няма. І насамрэч за дзесяцігоддзі ці нават за стагоддзі італьянцы вельмі і вельмі стаміліся ад прошаных, але ўсё ж гасцей — нас з вамі, турыстаў з усяго свету.

* * *

Лічу, нашай тургрупе вельмі пашанцавала ў тым сэнсе, што жылі (начавалі, абедалі ці вячэралі, адпачывалі перад сном; дзённы час быў, зразумела, адведзены пад экскурсіі) не ў сеткавым атэлі ў якім-небудзь прыгарадзе Рыма, а ў самай што ні ёсць аўтэнтычнай альпійскай вёсцы паміж Рымам і Фларэнцыяй (да аднаго і да другой было прыблізна па 200 кіламетраў). Нас засялілі ў прыстасаваны пад гасцініцу асабняк, разлічаны на чалавек сто.


Гэта сямейны бізнес адной італьянскай пары, а можа быць, нават не пары, а цэлай вялікай сям’і, папраўдзе кажучы, я нават не разабраўся толкам. Але факт застаецца фактам. Яны трымаюць усё гэта: сам асабняк, неабходную інфраструктуру, штат супрацоўнікаў — і, здаецца, не скардзяцца на жыццё. Вырошчваюць вінаграднікі, робяць віно, якое афіцыйна зарэгістравана на вінаробчым рынку: на бутэльках — этыкеткі з кодамі і ўсімі неабходнымі выхаднымі данымі.

Дык вось, да паслуг турыстаў, якія селяцца і жывуць тут: цудоўныя адна-, двух- і трохмесныя нумары для непасрэднага пражывання, Wi-Fi, з раніцы свежыя газеты, саўна, трэнажорная зала, гульнявы пакой для дзетак, адкрыты басейн, танцпляцоўка… А яшчэ, калі гэта можна назваць паслугамі, ні з чым не параўнальнае адчуванне, што ты знаходзішся ў італьянскай глыбінцы, дзе ўсё яшчэ жывуць спрадвечныя традыцыі побыту, цудоўныя краявіды з абрысамі Альпаў, горнае паветра, магчымасць хоць на некалькі дзён адчуць сябе італьянцам, пажыць іх культурай і звычаямі.


Ну і, безумоўна, харчаванне. Тут не было шведскіх сталоў, як у вялікіх прыгарадных атэлях. Гаспадары падавалі нам на стол прыгатаваную імі ж хатнюю нацыянальную італьянскую ежу па ўсіх правілах падачы: спачатку першая страва (як правіла, паста), потым другая страва, потым трэцяя і, нарэшце, дэсерт. Тут жа можна было купіць бутэльку віна іх вытворчасці (5 еўра за 1 літр). І нашы вячэры, такім чынам, расцягваліся на гадзіны. Шчыра кажучы, было цяжкавата харчавацца па італьянскіх правілах, у сэнсе цяжкавата выходзіць з-за стала пасля такіх гастранамічных атак. Але наш гід нас яшчэ ў аўтобусе папярэдзіла: “Калі вы не будзеце есці і, па магчымасці, з’ядаць усё, яны на вас моцна пакрыўдзяцца…”

І тут самы час адказаць на адно “міфалагічнае” ў дачыненні да італьянцаў пытанне: “Чаму яны так многа ядуць, не цураючыся мучных вырабаў, той жа пасты, якую спажываюць літаральна кожны дзень, але пры гэтым… не таўсцеюць?”


Па-першае, што тычыцца пасты. Яны ядуць макарону, вырабленую толькі з цвёрдых сартоў пшаніцы, а каб яе засвоіць, чалавечаму арганізму патрабуецца больш энергіі, чым маецца гэтай энергіі ў ёй самой. Такім чынам, атрымліваецца нават пэўны парадокс: чым больш ты зможаш з’есці італьянскай макароны, тым больш ты пахудзееш. А яна, паверце, абавязкова разагрэе ваш апетыт. Нават сваім колерам. Макарона ў Італіі бывае белая, чырвоная, зялёная — пад колер нацыянальнага сцяга. І нават чорная! Ужо незразумела пад што…

Па-другое, натуральнае віно і аліўкавы алей. Гэтыя неад’емныя атрыбуты італьянскага стала, валодаючы вялікай біялагічнай актыўнасцю, дапамагаюць хутчэй і лягчэй ператраўляць ежу. Да таго ж натуральнае віно ў прымальных дозах (а я, напрыклад, у Італіі не сустрэў ніводнага п’янага італьянца) нават карыснае для здароўя чалавека, яно садзейнічае нармалізацыі ўзроўню халестэрыну. А аліўкавы алей утрымлівае ў сабе ў вялікай колькасці карысныя для сэрца монаненасычаныя тлушчы.


Па-трэцяе, такія абавязковыя кампаненты міжземнаморскай дыеты, як самыя разнастайныя морапрадукты, агародніна, фрукты… Плюсы ад такога харчавання нават не абмяркоўваюцца.

Але самае галоўнае — гэта, бадай, уласна адносіны італьянцаў да харчавання. Для іх гэта цэлы рытуал, можна сказаць, нават лад жыцця. Яны ніколі не спяшаюцца есці (таму і не любяць “Макдоналдс”). Яны не спяшаюцца піць (таму і аддаюць перавагу віну). Ім бы пагаварыць у добрай кампаніі… Яны ўвогуле, здаецца, нікуды не спяшаюцца. Магчыма, таму і жывуць доўга.

* * *

А далей на нашым шляху былі Рым, Ватыкан, Верона… Не буду засяроджвацца тут на архітэктурных іскрынках гэтых гарадоў, бо, па-першае, з імі нам крыху не пашанцавала: стаяла невыносная, да 40 градусаў, спёка, і мала што з пачутага ад экскурсавода адкладвалася ў памяці. Ратавала толькі вада, якую можна было набраць са спецыяльна ўстаноўленых калонак. Іх у Італіі многа — пра турыстаў, якія наведваюць Апеніны ў летнюю гарачыню, тут паклапаціліся. І вада тут сапраўды вельмі смачная, асабліва ў Фларэнцыі. А па-другое, аднаго дня на спасціжэнне вечнага горада і дзвюх гадзін на адкрыццё горада Джульеты было вельмі мала.


Пасля наведвання Рыма ў вачах выразна стаіць хіба што адна карцінка — проста неверагоднае стоўпатварэнне каля фантана Трэві, калі трэба было літаральна праціскацца праз людскую масу. Лепш не браць з сабой сюды маленькіх дзяцей у разгар турыстычнага сезона. Іх плач да гэтага ўвушшу.


А ад наведвання Вероны ў памяці, безумоўна, найперш застаўся так званы Дом Джульеты — дом, дзе па легендзе і жыла гераіня Уільяма Шэкспіра. Як мала ўсё-такі трэба для шчаслівага кахання! Пацалавацца з каханым ці каханай пад балконам Джульеты — і ты ўжо ніколі не расстанешся са сваёй палавінкай. Або дакрануцца, даруйце, да грудзей бронзавай скульптуры гэтай гераіні — і шчаслівае каханне рана або позна да цябе абавязкова прыйдзе. І людзі, што самае дзіўнае, вераць! Трэба было бачыць, колькі ахвочых сабралася ва ўнутраным дворыку Дома Джульеты, каб “памацаць” яе на шчасце, і як свяціліся іх вочы ў гэты самы пікантны момант… Дарэчы, рэальны кошт, так бы мовіць, упісання свайго кахання ў гісторыю не маленькі. Правесці вясельную цырымонію ў касцюмах Рамэа і Джульеты ў Доме Джульеты і атрымаць шлюбны сертыфікат, падпісаны Мантэкі і Капулеці, будзе каштаваць для італьянца 700 еўра, для замежнага госця — у два разы больш.

І вось, нарэшце, яна, Венецыя — апошні прыпынак нашай італьянскай вандроўкі.

* * *

Сярод італьянскіх гарадоў, мабыць, няма іншага, які аброс бы такой вялікай колькасцю міфаў, як Венецыя. Некаторыя з гэтых міфаў бяскрыўдныя, народжаныя проста з-за недасведчанасці людзей. Некаторыя насамрэч з’яўляюцца гэтакімі паўміфамі, утрымліваючы ў сабе і долю праўды. Але ёсць і тыя, якія шкодзяць рэпутацыі гэтага незвычайнага сваёй гісторыяй і архітэктурай горада. Таму паспрабуем усё-такі разабрацца ў пэўных міфах, апелюючы толькі да фактаў і ўласных назіранняў.

Міф першы. У Венецыі, якая займае 118 астравоў, мастоў налічваецца больш, чым у якім іншым горадзе свету. Гэта няпраўда. У Венецыі на самай справе шмат мастоў — каля 400. Але, напрыклад, у Амстэрдаме іх яшчэ больш — каля 1300, у Берліне — каля 1700. А больш за ўсё мастоў сярод еўрапейскіх гарадоў у Гамбургу — больш за 2 тысячы.


Міф другі. У Венецыі не надта прыемна пахне з-за адсутнасці каналізацыі. Гэта паўміф-паўпраўда. Праўда ў тым, што ў гэтым горадзе насамрэч адсутнічае каналізацыя, адкіды натуральнага паходжання, як і паўтысячагоддзя назад, змываюцца непасрэдна ў каналы. Але з кожным адлівам гэтыя адкіды тут жа зносіць у мора, а вада ў каналах змяняецца новай чыстай вадой. Кажуць, што непрыемны пах часам усё ж з’яўляецца падчас вельмі моцных адліваў пераважна па начах. Ва ўсякім выпадку, аўтару гэтых радкоў падчас яго знаходжання ў Венецыі сёлетнім летам абсалютна нічога не рэзала нос. Памятаецца, ад берлінскай Шпрэе ішлі сапраўды ядавітыя пахі. А ад венецыянскіх каналаў хутчэй наадварот, веяла прыемнай марской свежасцю і марскімі водарасцямі.

Міф трэці. У Венецыі вельмі лёгка заблудзіцца і можна цэлы дзень шукаць дарогу да месца сустрэчы турыстычнай групы на плошчы Сан Марка. Зноў жа гэта паўміф-паўпраўда. Заблудзіцца насамрэч тут вельмі лёгка, бо ўвесь горад усыпаны невялікімі і зусім маленечкімі вулачкамі і завулкамі, мастамі і масткамі, а за фасадам аднаго будынка тут жа губляецца фасад другога будынка, магчыма, твайго ранейшага арыенціра. Але няхай моцна не хвалюецца турыст! Літаральна праз кожныя 30—50 метраў ён будзе бачыць указальнік Piazza San Marco з адпаведнай стрэлкай, у які бок трэба рухацца, каб дайсці да галоўнай гарадской плошчы.

Міф чацвёрты. Венецыя — гэта неверагодна дарагі горад. Больш праўда, чым міф. Венецыя — гэта самы дарагі горад у Італіі. Схадзіць, даруйце, у туалет, якіх тут і без таго вельмі мала, будзе каштаваць паўтара еўра, у той час як у Рыме — утрая танней. Але, напрыклад, што тычыцца той жа піцы ці кубачка кавы, варта проста разумець: чым далей ты адыдзеш ад плошчы Сан Марка, тым танней для цябе абыдуцца гэтыя радасці.


Міф пяты. Венецыю як горад ужо даўно пахавалі. Гэта хутчэй не міф, а метафара. У 2009 годзе па ініцыятыве аднаго з інтэрнэт-рэсурсаў на вадзе Гранд-канала было праведзена тэатралізаванае пахаванне горада. Па Гранд-канале праплылі тры гандолы, на адной з якіх была ўстаноўлена труна, пакрытая сцягам Венецыі. Гучалі жалобныя прамовы, ліліся слёзы венецыянцаў. Так было вырашана забіць трывогу ў сувязі з тым, што насельніцтва Венецыі за апошнія паўстагоддзя скарацілася ў пяць разоў і на сёння налічвае каля 60 тысяч чалавек. Гэта прыблізна столькі ж, колькі і турыстаў штодзённа знаходзіцца на венецыянскай зямлі. Карэнныя ж венецыянцы мусяць пакідаць свой родны горад менавіта з-за неймавернай дарагавізны жыцця ў ім, росту спажывецкіх цэн і кошту жылля, у чым якраз і вінавацяць усё большы і большы наплыў турыстаў.

Міф шосты. Нельга сабе ўявіць Сан Марка без галубоў, якія так і лезуць табе на рукі, каб ты іх пакарміў. Яшчэ 10 гадоў назад гэта было чыстай праўдай. І корм для галубоў прадаваўся тут жа, на плошчы. Але ў 2008 годзе, падчас эпідэміі птушынага грыпу, гарадскімі ўладамі было прынята рашэнне забараніць продаж на плошчы Сан Марка корму для блакітных птушак. За ўвесь час знаходжання на плошчы, а гэта гадзін 5—6, я ўбачыў там толькі аднаго голуба! Затое мне нярэдка трапляліся на вочы венецыянцы са сваімі чатырохногімі гадаванцамі. Адносіны венецыянцаў і наогул італьянцаў да сабак і іншых свойскіх жывёл вельмі асаблівыя. Тут зусім не сорамна трымаць дома дварнякоў, наадварот, гэта нават вітаецца. На вуліцах не знойдзеш бяздомных сабак або катоў. Больш за тое, людзей з сабакамі без пытанняў пускаюць у магазіны, для сабак тут выпускаюць іх сабачае марожанае Doghissimo, шырокую распаўсюджанасць набылі адмысловыя атэлі для чатырохногіх з масажнымі кабінетамі, рэстаранамі, ветэрынарнымі клінікамі. А італьянскія сацыёлагі тым часам пачалі біць трывогу, заўважаючы тэндэнцыю: сабакі і каты паступова становяцца для італьянцаў альтэрнатывай чалавечым дзецям.

Міф сёмы. Венецыя — гэта суцэльная весялосць, карнавалы, маскі, гандолы з бесклапотнымі турыстамі… Гэта ўсё, магчыма, і праўда, але ёсць сярод венецыянскіх астравоў адзін злавесны. Бязлюдны. Гэтакі венецыянскі Чарнобыль. Адно з самых жудасных месцаў на свеце. Гэта востраў Павелья. У 1576 годзе на Італію абрынулася эпідэмія бубоннай чумы. Страшная навала губіла людзей тысячамі. Трупы было вырашана звозіць якраз на Павелью, але разам з трупамі ў выкапаныя там ямы кідалі і яшчэ жывых людзей, у якіх праяўляліся прыметы страшнай хваробы. Больш за 160 000 чалавечых душ было так загублена падчас эпідэміі. А праз сотні гадоў, у 20-х гадах мінулага стагоддзя, калі страшныя падзеі даўно забыліся, жыццё на востраве было вырашана аднавіць, дакладней, адкрыць там бальніцу для душэўнахворых. Праўда, у перыяд кіравання Мусаліні туды траплялі і зусім здаровыя людзі, нязгодныя з рэжымам. Галоўны ўрач праводзіў над пацыентамі жудасныя эксперыменты, у тым ліку лабатамію без наркозу. Тым часам пацыенты ўсё часцей і часцей скардзіліся на страшныя здані з галасамі і ценямі пакутнікаў часоў чумы. Неўзабаве гэтыя здані апанавалі і медыцынскі персанал, а галоўны ўрач скончыў жыццё самагубствам… Тым не менш бальніца на Павельі змагла праіснаваць ажно да 1968 года, калі канчаткова стала зразумела, што гэта праклятае месца. Сёння Павелья закрыта для турыстаў, яе берагі патрулююць толькі паліцэйскія катары. А рыбакі, якім даводзілася падплываць блізка да вострава, кажуць, што чулі адтуль крыкі і галасы…

Міф восьмы. Венецыя няўхільна сыходзіць пад ваду, і пагібель яе непазбежная. Гэта паўміф-паўпраўда. Я, напрыклад, у гэта верыць не хачу і не буду. Аднойчы пабываўшы там, убачыўшы тамтэйшую аўтэнтычную непадуладную часу прыгажосць, не можаш не ўлюбіцца ў яе, не можаш не паверыць у яе вечнасць.
Ciao Venezia! Ciao Bel Paese! Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.