Бяспечнае кулінарнае падарожжа

Лета — традыцыйная пара адпачынкаў і падарожжаў. Часта наш выбар спыняецца на экзатычных краінах, якія радуюць сваім цяплом і яркім сонцам. Пасля цяжкіх рабочых дзён нам неабходна зарадзіцца сонечнай энергіяй, пазітыўнымі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі. Канечне ж, падарожжы тояць у сабе кулінарныя спакусы. Нам так хочацца пакаштаваць мноства незвычайных для нас прадуктаў і страў! Але не заўсёды нашы ўражанні бываюць пазітыўнымі: спёка спрыяе частым атручванням.

Галоўнымі прычынамі атручэнняў у гарачых краінах з’яўляюцца няякасная ежа, брудная вада, невыкананне правіл асабістай гігіены. Прыйшоўшы ў кафэ ці рэстаран, мы не ведаем, дзе захоўваюцца і як апрацоўваюцца прадукты перад тым, як трапіць да нас на стол у выглядзе вытанчаных страў. Ад вострых боляў, ірвоты, дыярэі і іншых прымет харчовага атручэння ніхто не застрахаваны.

Як жа засцерагчы сябе ад небяспечнага ўжывання няякасных прадуктаў і пакінуць самыя яркія ўспаміны ад адпачынку? Дастаткова ведаць некалькі рэкамендацый і прытрымлівацца іх.

Далёкая краіна стракаціць багаццем экзатычных страў і садавіны. Наш арганізм прывык да звычайнай, роднай ежы, а гэтыя прадукты могуць выклі­каць расстройства стрававання. Пачніце знаёмства з новай кухняй з невялікіх порцый і дайце арганізму крыху асвоіцца з незвычайнай ежай.

Пры невыкананні тэмпературнага рэжыму гатавання і захоўвання прычынай атручэння мо­гуць стаць стравы з сырога ці паўсырога мяса (вяндліна), розныя фаршы, дэсерты, прыгатаваныя з дабаўленнем малака і сырых яек. Прадукты харчавання становяцца небяспечнымі, калі доўга захоўваць іх пры тэмпературы памяшчання, таму што спякота спрыяе актыўнаму размнажэнню хваробатворных бактэрый (сальманела, стафілакок). Калі вы бачыце, што дэсерты стаяць на прылаўку, а не ў халадзільніку, то ўстрымайцеся ад купляння. Будзьце асцярожны з недасмажаным мясам, пры недастковай тэрмічнай апрацоўцы магчыма атручванне стафілакокам, які выдзяляе атруту — энтэратаксін. Калі якасць прадукту выклікае ў вас хаця б невялікія сумненні, лепш яго не ўжываць.

Забруджаная вада часцей за ўсё становіц­ца крыніцай харчовай жаўтухі — вострага інфекцыйнага запалення печані, якое выклікаецца вірусам гепатыту А. Каб пазбегнуць гэтай інфекцыі, не піце ваду з-пад крана, прыдарожных калодзежаў ці крыніц. Небяспечна піць напоі з лёдам з вады не з бутэлькі. Кавалкі жаданай прахалоды таксама могуць быць замарожаны са звычайнай вады. Вы таксама можаце заразіцца праз садавіну і агародніну, памытыя ў бруднай вадзе. У час паездак аддавайце перавагу вадзе, напоям у бутэльках, якія захоўваюцца ў халадзільніку. Аднак лепшая абарона ад гепатыту А, асабліва калі вы збіраецеся ў далёкія краіны, — гэта вакцынацыя. Яе праводзяць у два этапы з перапынкам 6—12 месяцаў. Антыцелы пачынаюць выпрацоўвацца ўжо праз два тыдні пасля першага ўвядзення вакцыны.

Пры невыкананні правіл асабістай гігіены можна заразіцца дызентэрыяй. Распраўсюджанне ўзбуджаль­нікаў гэтай інфекцыі (шыгел) адбываецца праз заражаныя прадукты, ваду і рэчы. Таму дызентэрыю называюць хваробай брудных рук. Пасля кожнай экскурсіі, паездкі ў мясцовым транспарце, пасля наведвання туалета, перад ядой ці гатаваннем ежы заўсёды старанна мыйце рукі з мылам і карыстайцеся антыбактэрыяльным гелем для рук.

Але што рабіць, калі вы ўсё ж атруціліся мясцовай ежай?

Калі сімптомы вострыя і паднялася тэмпера­тура, то адразу звярніцеся па прафесійную да­памогу.

Калі ў вас невялікае расстройства, рэкамендуецца піць больш вадкасці і ў першыя дні атручэння выключыць прыём ежы. Абавязкова трэба прымаць прэпараты-сарбенты, якія дазволяць вам хутчэй вывесці з арганізма таксіны (напрыклад, актываваны вугаль).

Выконваючы гэтыя простыя правілы паводзін на адпачынку ў любым горадзе свету, вы зможаце не перажываць за стан свайго здароўя і атрымліваць асалоду.

Вольга ТОЎСТАН,
загадчыца аддзялення гігіены харчавання Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.