Дарога ад паштовай скрыні да кватэры стала нясумнай…

Настасся Бойка — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Яе справа па душы, вядома, пасля выбранай прафесіі называецца нязвыклым для нашага вуха словам ПАСТКРОСІНГ. Аднак калі пазнаёміцца з яго зместам, то высветліцца, што ім могуць захапляцца людзі ўсіх узростаў.

Пасткросінг — праект, створаны дзеля таго, каб атрымліваць паштоўкі з усяго свету. У аснове абмену паштоўкамі ляжыць адзіная база (размешчаная ў інтэрнэце) усіх удзельнікаў праекта, а таксама механізм выдачы адрасоў, накіраваны на тое, каб розніца паміж адпраўленымі і атрыманымі паштоўкамі ў кожнага ўдзельніка была мінімальнай. У пасткросінгу працуе сістэма непрамога абмену, гэта значыць, адпраўляючы паштоўкі адным карыстальнікам, удзельнік атрымлівае іх ад іншых. Ёсць розныя тыпы абмену паштоўкамі: афіцыйны, праз форум праекта, па крузе, канверт-падарожнік і іншыя. На пачатак 2013 года ў праекце было зарэгістравана больш чым 350 тысяч чалавек з 215 краін, а 31 снежня 2012 года была атрымана пятнаццацімільённая паштоўка. На сайце пасткросінгу вядзецца статыстыка, можна прачытаць цікавыя факты.
Пра такі незвычайны абмен паштоўкамі Насця даведалася ад Ані, студэнткі са сваёй групы па англійскай мове, калі яна расказвала падрыхтаваны тэкст пра сваё захапленне. Зацікавіўшыся, наша суразмоўца выйшла на сайт postkrossing.com, зарэгістравалася, узяла пяць адрасоў і адправіла ім паштоўкі. Паштоўкі былі не пустыя, а з тэкстамі для канкрэтных людзей. У кожнага ўдзельніка свая старонка на сайце, дзе ёсць даныя пра яго і просьбы, пра што яму было б цікава атрымліваць тэксты. “Такім чынам, пішаш канкрэтнаму чалавеку, ведаючы яго пажаданні. Гэта мяне вельмі вабіць. Цікава афармляць паштоўку так, каб канкрэтнаму чалавеку спадабалася”, — расказвае Настасся. Ёсць пажаданні на старонках пісаць пра свае дзіцячыя мары, планы на будучыню, як прайшоў дзень, дасылаць паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі, напрыклад, з упаковак ад прадуктаў. Насця ўсміхаецца: “Менавіта такую паштоўку нядаўна адпраўляла ў Германію, а зрабіла яе з каробкі ад цукерак”. Сама Насця хоча, каб ёй пісалі пра забаўныя факты з жыцця, планы на будучыню, дасылалі дробныя прадметы з жыцця. Дзяўчына з Фінляндыі даслала Насці білет у кіно і пачак чаю, прыклееныя ўсярэдзіне паштоўкі. З Тайваня прыйшоў самы цікавы факт: партнёрка па перапісцы баіцца, калі ў яе за спінай знаходзяцца фрукты, яна нават можа закрычаць! “Адну з самых цікавых для мяне паштовак, — працягвае наша госця, — даслаў Рудзігер з Германіі”. Яму каля сямідзесяці гадоў. У паштоўцы паведамляецца, што ён таксама камп’ютаршчык, памятае, як яны праграмавалі на вялікіх тады яшчэ ІВМ на “старых” нізкаўзроўневых камп’ютарных мовах assembler, fortran. Былі цудоўныя дзянькі! Пажадаў поспехаў.

— Вось гэтая цудоўная яркая паштоўка з робатам адкуль?
— З Амерыкі. Яе намалявала Мэй сама і раздрукавала на камп’ютары на спецыяльнай паперы. Мэй 20 гадоў, яна — будучы мастак-дызайнер.

— А паштоўка з кошкай на дарозе з якой краіны?
— З Кітая. Даслала Стэфані, якая ў будучыні марыць стаць перакладчыцай з кітайскай на англійскую, і, як і я, любіць катоў.

— Насця, раскажыце аб уражаннях пасля атрымання першых паштовак.
— Ніколі не забуду, як гэта ўсё пачалося! Першую паштоўку давялося чакаць доўга, амаль паўтара месяца. Затое яна прыйшла ў дзень майго нараджэння. Я адкрыла паштовую скрыню, і адтуль вывалілася паштоўка. Гэта быў адзін з лепшых падарункаў у той дзень! Яго даслала Петра з Нідэрландаў. Дарэчы, мая першая паштоўка — гэта і першая паштоўка Петры. Толькі я ўпершыню атрымала, а яна ўпершыню адаслала. Калі адчуваеш радасць, атрымаўшы паштоўку ад незнаёмкі ці незнаёмца з далёкай краіны, то немагчыма не працягваць гэтым займацца. Другая паштоўка прыйшла крыху пазней, таксама з Нідэрландаў. Кім адправіў яе ў мой дзень нараджэння і напісаў пра сваіх любімых музычных выканаўцаў. Я сваю першую паштоўку напісала ў амерыканскі штат Канектыкут для Кэці.

— Раскажыце, Насця, пра вашу асабістую статыстыку.
— Я адправіла 76 паштовак. Атрымала 66. Значыць, яшчэ атрымаю як мінімум 10 паштовак, але буду працягваць адсылаць паштоўкі на прапанаваныя сайтам адрасы і, безумоўна, атрымліваць ад іншых адрасантаў. Усе атрыманыя паштоўкі складаю ў прыгожую спецыяльна аформленую каробку. Часцей за ўсё прыходзяць пасланні з Германіі (13). У маёй калекцыі ёсць паштоўкі з Нідэрландаў, Фінляндыі, ЗША, Тайваня, Кітая, Афрыкі, Францыі, Украіны, Расіі, Беларусі. Дарэчы, на сайце ёсць цікавы факт пра тое, што Беларусь абагнала па рассылках паштовак у рамках пасткросінгу Кітай!
Дарэчы, на сайце пасткросінгу ёсць сістэма асабістага абмену паштоўкамі. Я дамовілася з дзяўчынай з Іарданіі пра паштоўку з яе краіны для сваёй мамы Вольгі. Атрымала паштоўку, падарыла маме. Такім чынам я яе таксама ўцягнула ў пасткросінг.
Займацца абменам паштоўкамі не проста цікава, захапляльна, але і карысна ў плане развіцця ўмення пісаць на англійскай мове. Важна проста тое, што дарога ад паштовай скрыні да кватэры стала нясумнай!

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.