Мастапатыя лічыцца самым распаўсюджаным захворваннем малочнай залозы. Мастапатыя — гэта дысплазія малочнай залозы, ці развіццё змяненняў тканкі малочнай залозы з ненармальнымі суадносінамі эпітэліяльнага і злучальнатканкавага кампанентаў. Па вызначэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта фіброзна-кістозная хвароба, якая характарызуецца шырокім спектрам змяненняў тканак малочнай залозы.
Мастапатыя можа развівацца ў любым узросце. У падлеткавым узросце гэтае захворванне называецца ювенільнай мастапатыяй.
Да пубертатнага перыяду малочныя залозы ў хлопчыкаў і дзяўчынак аднолькавыя. Развіццё малочнай залозы — гэта першая прымета пачатку палавога сталення ў дзяўчынак. Прыблізна за 6 месяцаў да менархе (першай менструацыі) назіраецца актывізацыя росту малочнай залозы. Павелічэнне малочнай залозы пачынаецца звычайна ў 11—12 гадоў, але можа адбыцца раней ці пазней (ад 9 да 13-14 гадоў), што таксама лічыцца нармальным. Але, тым не менш, праблемы з малочнай залозай сустракаюцца ўжо з першых дзён жыцця. Таму важна фарміраванне медыка-сацыяльных звычак, гігіенічных і эстэтычных норм паводзін дзяўчат.
Улічваючы “амаладжэнне” раку малочнай залозы і тое, што ў жанчын з мастапатыяй рак узнікае ў 3—5 разоў часцей, чым у здаровых, у пачатку палавога сталення малочныя залозы патрабуюць штогадовага кантролю. Мастапатыя можа не праяўляцца доўгія гады, але гэта не прычына, каб адмаўляцца ад візіту да ўрача.
Паняцце мастапатыі даволі размытае, аднак у большасці ўрачоў дыягназ не выклікае цяжкасцей. З клінічных пазіцый вылучаюць дзве асноўныя формы мастапатыі: дыфузную і вузлавую. Гэтыя паняцці чыста клінічныя, таму што за імі хаваюцца многія захворванні. Такое раздзяленне зручнае, таму што пры гэтых формах лячэнне хворых будзе розным.
Гарманальны дысбаланс
Галоўная прычына ўзнікнення фібраадэномы — парушэнне колькасці гармонаў і суадносін паміж імі. Да гэтага прыводзяць пухліны і запаленчыя захворванні яечнікаў, парушэнне работы наднырачнікаў, гіпофіза і гіпаталамуса. Фактарамі, якія спрыяюць гэтаму, могуць быць псіхалагічныя, сексуальныя, гінекалагічныя і іншыя захворванні, атлусценне, траўмы і спадчыннасць.
Да псіхалагічных фактараў адносяцца стрэсы, ператамленне, неспрыяльныя ўмовы ў сям’і і нават недахоп увагі з боку блізкіх. Асноўным сексуальным фактарам, які прыводзіць да ювенільнай мастапатыі, з’яўляецца ранняе палавое жыццё. Не да канца сфарміраваная рэпрадуктыўная сістэма дзяўчыны-падлетка не спраўляецца з гэтай нагрузкай, што, як правіла, узмацняецца далучэннем псіхалагічных фактараў. І, безумоўна, вельмі неспрыяльна на арганізм уплывае ранняя цяжарнасць, асабліва тая, што заканчваецца абортам.
Вельмі часта прычынай парушэння колькасці гармонаў могуць стаць гінекалагічныя захворванні. Так, яечнік з запаленнем можа перастаць выпрацоўваць эстрагены ці пачаць выпрацоўваць іх у залішняй колькасці.
Паколькі ўсё ў арганізме ўзаемазвязана, парушэнне ў залозах унутранай сакрэцыі, напрыклад, у шчытападобнай, можа прывесці да парушэння работы ўсёй гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы, паколькі гіпофіз і гіпаталамус кантралююць работу ўсіх без выключэння залоз. Так, недахоп ёду, які ўплывае на работу шчытападобнай залозы, з’яўляецца адначасова і фактарам рызыкі развіцця мастапатыі. Парушэнне работы печані, якая ачышчае кроў ад усіх лішніх рэчываў, у тым ліку і ад гармонаў, што адпрацавалі сваё, таксама можа прывесці да адначасовага развіцця мастапатыі.
Прычынным фактарам мастапатыі можа быць і атлусценне. У тлушчавай тканцы таксама адбываецца ўтварэнне гармонаў і, у прыватнасці, невялікай колькасці эстрагенаў. Атлусценне — гэта прычына парушэння абмену рэчываў, якое само па сабе можа прывесці да мастапатыі.
Грудзі — вельмі далікатная залоза, таму моцныя механічныя ўздзеянні (штуршкі, удары, моцныя і працяглыя сцісканні) могуць прывесці да развіцця мастапатыі. Захворванне можа праявіцца праз некалькі гадоў, а прычынай будзе выпадковы штуршок локцем.
У тым, што схільнасць да мастапатыі перадаецца па спадчыне, няма сумненняў. Аднак менавіта схільнасць, а не само захворванне.
І, нарэшце, шкодныя звычкі: курэнне і алкаголь. Яны ўплываюць як на колькасць і якасць гармонаў, якія выдзяляюцца, так і непасрэдна на малочную залозу.
Па структурных асаблівасцях мастапатыя раздзяляецца на жалезістую, кістозную, фіброзную, змешаную (у залежнасці ад перавагі таго ці іншага тканкавага кампанента). Для падлеткавага перыяду характэрна жалезістая форма.
Калі марудзіць нельга
Спачатку ўзнікае дыфузная форма мастапатыі, калі дробныя шарыкі пухлін раскіданы па ўсёй тканцы залозы. У гэты час дзяўчаты могуць адчуваць нязначныя прыметы, на якія звычайна не звяртаюць увагу. У першую чаргу гэта невялікая балючасць малочнай залозы, якая часцей узнікае незадоўга да месячных і знікае пасля іх пачатку. Іншы раз гэта балючасць можа суправаджацца з’яўленнем невялікіх шарыкаў (часцей у верхняй палове грудзей), якія таксама потым знікаюць.
Паступова боль становіцца больш інтэнсіўным і працяглым. У некаторых выпадках боль становіцца вельмі інтэнсіўным, распаўсюджваецца на плячо, падмышачную зону, лапатку, балючы нават лёгкі дотык да малочных залоз. Хворыя страчваюць сон, з’яўляецца пачуццё страху, думкі пра ракавае захворванне. Гэта тыповае праяўленне пачатковай стадыі дыфузнай мастапатыі, якое выдзяляецца ў асобную групу — мастальгія (мастадзінія, мазаплазія, балючыя грудзі).
Гэты час — самы лепшы для лячэння, калі не патрабуецца хірургічнае ўмяшанне, і своечасовы візіт да ўрача можа пазбавіць ад праблемы. Але, на жаль, жанчыны вельмі рэдка звяртаюць увагу на падобныя змены.
На наступных этапах развіцця хваробы боль слабее, аднак з’яўляюцца шчыльныя ўчасткі без дакладных межаў, у выглядзе цяжаў, дробнай зярністасці, грубых жалезістых долек. Балючыя ўшчыльненні ў малочных залозах і выдзяленні з саскоў узмацняюцца ў перадменструальным перыядзе і змяншаюцца з пачаткам менструацый. Поўнага размякчэння залоз пасля пачатку менструацый не наступае.
З часам, калі лячэння няма, развіваецца вузлавая форма мастапатыі. У гэтым выпадку ў залозе з’яўляюцца дастаткова буйныя ўтварэнні — вузлы, якія лёгка намацваюцца. Яны могуць дасягаць памераў грэцкага арэха. Болі ў грудзях ужо не знікаюць, яны становяцца больш моцнымі. З саскоў выдзяляецца крывяністая ці празрыстая вадкасць, а таксама вадкасць, якая нагадвае малако. У гэтым выпадку ўжо марудзіць нельга, паколькі хвароба становіцца больш сур’ёзнай. Мастапатыя — гэта не рак, але яна можа стаць прычынай яго развіцця, калі не звярнуцца да ўрача.
Традыцыйна лічыцца, што аснова дыягностыкі мастапатыі — самаабследаванне малочнай залозы. Аднак больш як палова паталагічных утварэнняў у малочнай залозе ў падлеткаў — гэта вынік фізіялагічных змен, а іх выяўленне пры самаабследаванні разам з балючасцю малочных залоз можа прывесці да моцных эмацыянальных стрэсаў і страху развіцця пухліны.
У групе дзяўчынак і дзяўчат 10 —18 гадоў неабходна праводзіць штогод агляд мамолага. Паталогія ў малочных залозах часта асімптаматычная, таму, улічваючы шчыльнасць жалезістай тканкі ў падлеткавым узросце, толькі агляд не заўсёды інфарматыўны і ў ідэале павінен спалучацца з УГД.
У падлеткавым узросце пры выяўленні ўтварэння, дабраякаснага па ўсіх прыкметах, неабходна дынамічнае назіранне на працягу 1—2 менструальных цыклаў для вырашэння пытання аб дыягнастычнай біяпсіі. Рызыка анкалагічнага захворвання ў гэтым узросце невялікая, а магчымасць спантаннага вылечвання неаднаразова апісана ў літаратуры.
Вітамінызамест кока-колы
Пры мастапатыі ў падлеткаў выкарыстоўваецца некалькі відаў лячэння, накіраваных на ліквідацыю прычын захворвання для таго, каб прадухіліць далейшае развіццё пухліны. Усе метады лячэння мастапатыі можна падзяліць на дзве групы. Кансерватыўныя метады — гэта любыя медыкаментозныя ўздзеянні, якія адносяцца як да традыцыйнай, так і да народнай медыцыны, а таксама масаж, акупунктура, фізіятэрапія. Гэта значыць, усё, акрамя аперацый, якія адносяцца да хірургічных метадаў.
З негарманальных прэпаратаў рэкамендуецца ўжыванне вітамінаў А, В1, С і Е, мікрадозы ёдыду калію, заспакаяльныя прэпараты (настойка валяр’яны, сардэчніку, півоні), прэпараты, якія павышаюць імунітэт, гепатапратэктары, ферментныя прэпараты. Травы таксама нядрэнна дапамагаюць пры мастапатыі. Галоўная іх вартасць у тым, што яны аказваюць больш мяккае дзеянне, паколькі лекавыя рэчывы ў іх змяшчаюцца ў невялікіх колькасцях. У апошнія гады пры мастапатыі з поспехам выкарыстоўваецца фітатэрапеўтычны прэпарат “Мастадзінон”.
Пацыенткам з мастапатыяй варта адмовіцца ад кавы і кафеіну (у тым ліку і напіткаў тыпу кока-колы), моцнага чаю, шакаладу. Трэба таксама абмежаваць ужыванне тлустай ежы, кансерваваных, салёных і вэнджаных прадуктаў. Курэнне і алкаголь трэба выключыць цалкам.
Дзяўчыне таксама варта правільна падабраць бюстгалтар, які падтрымлівае грудзі, не сцягваючы іх. Выкарыстоўваць увільгатняльныя крэмы для зоны дэкальтэ і малочнай залозы трэба пачынаць у маладым узросце. Штодзённы туалет дазволіць пазбегнуць расцяжак і зніжэння эластычнасці скуры, зарадка для грудных мышцаў — павялічыць аб’ём і прыпадняць малочную залозу. Трэба пазбягаць стрэсаў і шкодных звычак, своечасова змагацца з атлусценнем, весці здаровы лад жыцця.