Галаўны боль цярпець небяспечна

Крывяносныя сасуды галаўнога мозга сучаснага чалавека адчуваюць пастаянныя перагрузкі. Работа за камп’ютарам, забруджванне паветранага асяроддзя плюс курэнне, канфлікты на рабоце і дома, іншыя фактары, з якімі сучасныя людзі сустракаюцца штодзень, правакуюць сасудзістыя захворванні. Больш за 60% гараджан перыядычна пакутуюць ад сімптомаў парушэння мазгавога кровазвароту, самы распаўсюджаны з якіх — галаўны боль.

Звычайна яго ўспрымаюць як вынік банальнага ператамлення або празмернай выпіўкі, але на справе ён часцей за ўсё сігналізуе пра парушэнні мазгавога кровазвароту. Адчуванне сціскання ў скронях, пульсуючы боль у патыліцы, галава расколваецца, слабасць і іншыя перыядычныя праявы галаўнога болю — гэта нагода, каб пачаць прафілактыку сасудзістых захворванняў. Трывожным званком павінны стаць таксама галавакружэнні, шум у вушах і іншыя недамаганні, якія могуць сведчыць пра пачатак развіцця хранічнай ішэміі мозга — цэрэбральнай паталогіі, што ўзнікае ў выніку парушэння кровазвароту і павольна прагрэсіруе. Гэта рэакцыя арганізма на лакальны кіслародны голад, абумоўлены недастатковасцю кровазабеспячэння мазгавой тканкі.


Дадатковымі сімптомамі з’яўляюцца хуткая стамляльнасць на рабоце, дрэнны сон, пагаршэнне памяці і іншыя падобныя прыметы. Наступствы гэтых парушэнняў самыя суровыя — ад склерозу мозга і ішэмічнага інсульту да старэчай прыдуркаватасці.

Найбольш частымі фактарамі ўзнікнення хранічнай ішэміі мозга з’яўляюцца атэрасклероз сасудаў мозга і парушэнні артэрыяльнага ціску (гіпертанія або гіпатанія), шырока распаўсюджаныя сёння сістэмныя і лакальныя паталогіі, якія сустракаюцца не толькі ў людзей старэйшага ўзросту, але і ў моладзі. Да іх прыводзяць не толькі шкодныя звычкі (курэнне і злоўжыванне алкаголем), але і адсутнасць рэгулярных фізічных нагрузак (гіпадынамія), сядзячы спосаб жыцця, які спрыяе з’яўленню астэахандрозу, і шэраг іншых фактараў, якія ў комплексе ствараюць аптымальныя ўмовы для ўзнікнення і развіцця парушэнняў у рабоце сасудаў галаўнога мозга.

Вельмі часта пры ўзнікненні галаўнога болю першым (а ў шэрагу выпадкаў і адзіным) спосабам барацьбы з ім становіцца прыём абязбольвальных прэпаратаў. Такое сімптаматычнае лячэнне, канечне, не ўстараняе прычыны болю. Больш за тое, абязбольвальныя часта змазваюць клінічную карціну, у выніку спецыялістам становіцца цяжэй дыягнаставаць захворванне. Кожнаму, у каго галаўныя болі носяць рэгулярны характар і хто адносіцца да групы рызыкі сасудзістых захворванняў, акрамя сімптаматычнага лячэння, неабходна рэгулярна назірацца ва ўрача-неўролага, а таксама праводзіць прафілактыку хранічнай ішэміі мозга.

Для прафілактыкі сасудзістых захворванняў галаўнога мозга важна прытрымлівацца адпаведнага рацыёну харчавання, які ўключае прадукты, багатыя на вітаміны групы В (шпінат, брокалі, зялёны гарошак, мясныя прадукты, яйкі, рыба і іншыя), таму што яны ўдзельнічаюць у прадукцыі энергіі, могуць палегчыць стан трывогі, паляпшаюць работу сасудаў і, адпаведна, зніжаюць верагоднасць іх захворванняў. Рэгулярныя фізічныя нагрузкі, заняткі спортам або прагулкі на свежым паветры таксама спрыяюць умацаванню сасудаў мозга.

Для прафілактыкі і лячэння галаўных боляў, выкліканых сасудзістымі парушэннямі, выкарыстоўваюцца прэпараты, якія нармалізуюць работу сасудаў і паляпшаюць абменныя працэсы ў мозгу. Яны перашкаджаюць развіццю хранічнай ішэміі мозга, а заадно павышаюць разумовую актыўнасць, паляпшаюць памяць і ўвагу, знімаюць псіхалагічную нагрузку. Іх можа прапісаць толькі ўрач. Не карыстайцеся парадамі хворых са стажам.

Калі галаўны боль доўжыцца некалькі дзён або праяўляецца рэгулярна, не варта рабіць абязбольвальныя прэпараты сваімі пастаяннымі спадарожнікамі — неабходна звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу да ўрача-неўролага. Калі ў вас бывае павышаны ці паніжаны артэрыяльны ціск або вам дыягнаставалі павышаны ўнутрычарапны ціск ці атэрасклероз сасудаў мозга, то гэта азначае, што вы ў групе рызыкі ўзнікнення хранічнай ішэміі мозга. Неабходна праводзіць рэгулярнае прафілактычнае лячэнне, накіраванае на нармалізацыю работы і ўмацаванне сасудаў галаўнога мозга. Пастарайцеся выключыць са свайго жыцця такія фактары, якія негатыўна ўплываюць на работу сасудаў, як курэнне, алкаголь, злоўжыванне тлустай ежай, стрэсы. Пры рабоце за камп’ютарам рабіце перапынак кожныя 15—30 мінут: давайце адпачынак вачам, удзяліце 5—10 мінут спецыяльным фізічным практыкаванням для офісных работнікаў. (Напрыклад, седзячы ў крэсле, выпрастайцеся, звядзіце лапаткі, напружце мышцы спіны і затрымайцеся ў такім стане на 5 секунд. Паўтарыце гэтае практыкаванне 5—6 разоў.) Старайцеся часцей бываць на свежым паветры, здзяйсняць пешыя прагулкі — хаця б па 15—30 мінут на дзень. Не пакідайце без увагі прадукты харчавання, багатыя на вітаміны групы В і вітамін С, бо яны спрыяюць умацаванню сасудаў і перашкаджаюць развіццю сасудзістых захворванняў і галаўнога болю.

Жанна АЛЯКСАНДРАВА,
валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.