Імунітэт ад зімовых бед

Прастудныя захворванні з’яўляюцца пастаянным спадарожнікам халоднага перыяду года. У гэты час арганізм перажывае пэўны стрэс ад недахопу сонечных прамянёў, недахопу вітаміну D, частых пераахаладжэнняў. Імунітэт уяўляе сабой ахоўную рэакцыю арганізма, яго здольнасць супрацьстаяць дзеянню пашкоджвальных агентаў. Менавіта дзякуючы наяўнасці імунітэту арганізм спраўляецца з захворваннем. Акрамя таго, дзякуючы выпрацаванаму імунітэту чалавек хварэе на некаторыя інфекцыйныя захворванні толькі раз у жыцці, пасля чаго становіцца неўспрымальным да іх, нават пры непасрэдным кантакце з хворымі. Да такіх хвароб належаць, напрыклад, адзёр, краснуха.

Імунная сістэма здольная распазнаваць і блакіраваць любы чужародны фактар у нашым арганізме, вось чаму так важна мець моцны імунітэт. У апошні час дактары ўсё часцей сталі накіроўваць сваіх пацыентаў на кансультацыю да ўрача-імунолага. Гэты спецыяліст праводзіць дыягностыку імунітэту, якая называецца імунаграмай.
Імунаграма ўяўляе сабой даследаванне галоўных паказчыкаў імуннай сістэмы чалавека. Яна дае магчымасць выявіць парушэнні ў рабоце імуннай сістэмы арганізма і своечасова прыняць неабходныя меры. Пры гэтым увага скіравана на клетачныя і гумаральныя (гэта значыць звязаныя з вадкасцямі арганізма — крывёю, лімфай, тканкавай вадкасцю) кампаненты імунітэту. Для правядзення гэтага аналізу бярэцца вянозная кроў.
Пасля правядзення дыягностыкі і пастаноўкі дыягназу доктар можа выпісаць спецыяльныя прэпараты, якія спрыяюць падняццю імунітэту. Без прызначэння доктара купляць іх не рэкамендуецца. Трэба памятаць, што ўмацаванне імунітэту — няпростая і вельмі важная справа.
Да першасных прыкмет зніжэння імунітэту адносяцца хранічная стомленасць, хуткая стамляльнасць, галаўныя болі, санлівасць ці бяссонніца, ламота ў мышцах і суставах.
На наступным этапе з’яўляюцца частыя прастудныя захворванні, якія доўжацца больш за 2 тыдні. Турбавацца трэба, калі дарослыя хварэюць імі часцей чым 5 разоў на год, а дзеці — часцей чым 6 разоў. Звярнуць увагу варта таксама на гнойныя захворванні поласці рота і насаглоткі, якія часта паўтараюцца. Аб зніжэнні імунітэту сведчыць таксама працяглая субфебрыльная тэмпература (37—38 °С), частыя абвастрэнні герпесу і непаладкі ў рабоце страўнікава-кішачнага тракту. У групе рызыкі знаходзяцца нованароджаныя дзеці і старыя.
Прычын зніжэння імунітэту шмат:
• дрэнныя экалагічныя ўмовы і радыяцыя;
• непаўнацэннае харчаванне;
• недахоп вітамінаў і мікраэлементаў;
• бескантрольны прыём антыбіётыкаў;
• стрэсы на працы і ў сям’і;
• фізічныя і разумовыя перагрузкі;
• вірусныя інфекцыі, мікробы, бактэрыі;
• хранічнае недасыпанне;
• наркотыкі, тытунь і алкаголь.
Для ўмацавання імунітэту неабходна рэгулярна ўжываць у ежу мяса або рыбу, гародніну, садавіну, ягады і зеляніну. Кісламалочныя прадукты ўзмацняюць выпрацоўку інтэрферону. Трэба старацца пазбягаць ужывання вялікай колькасці розных кансервантаў, фарбавальнікаў і стабілізатараў, фаст-фуду. Ешце больш прадуктаў-прабіётыкаў, якія павялічваюць рост карысных бактэрый у арганізме. У іх спіс уваходзіць рэпчатая цыбуля і цыбуля-парэй, часнок, артышокі і бананы.
Па рэкамендацыі доктара прымайце вітаміны A, B5, C, D, F, PP у комплексах, а таксама мінералы — селен, цынк, магній, кальцый, жалеза, ёд і марганец у харчовых дабаўках. Прыроднымі народнымі сродкамі для ўмацавання імунітэту з’яўляюцца эхінацыя, жэньшэнь, лакрычнік, элеўтэракок і лімоннік. Карысна піць травяныя настоі і адвары.
Карысным прафілактычным уздзеяннем валодаюць прадукты пчалярства. Натуральны мёд змяшчае велізарную колькасць мінералаў, вітамінаў і мікраэлементаў, важных для здароўя чалавека. Некалькі сталовых лыжак мёду ў суткі забяспечаць ваш арганізм неабходнай колькасцю вугляводаў, карысных вітамінаў і мінералаў. Таксама ў мёдзе змяшчаецца ў невялікіх колькасцях праполіс, які з’яўляецца прыродным антыбіётыкам.
Для ўмацавання імунітэту неабходна праводзіць на свежым паветры не менш за дзве гадзіны ў дзень, і лепш у актыўным руху. І не на загазаваных вуліцах, а ў чыстай зоне паркаў, прыватнага сектара і г.д. Карыстайцеся асабістым аўтамабілем або грамадскім транспартам толькі пры неабходнасці. Часцей хадзіце па лесвіцы і праветрывайце сваё жыллё.
Падлеткам і дарослым рэкамендаваны кантрасны душ (гэта пераносіцца крыху лягчэй, чым проста абліванне халоднай вадой), рэгулярна наведвайце лазню з парылкай. Інтэнсіўнае паценне выводзіць шлакі з арганізма, а абліванне прахалоднай вадой і перапад тэмператур трэніруюць і загартоўваюць арганізм. Галоўнае ў загартоўванні — паступовасць і рэгулярнасць.
Ганіце ад сябе дэпрэсію і невясёлыя думкі. Больш аптымізму і веры, што ўсё лепшае яшчэ наперадзе! І тады ніякія прастудныя інфекцыі вам не страшныя.

Юлія ВАРАНЕЦКАЯ,
загадчыца аддзялення сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ацэнкі рызыкі
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.