Каб не згарэць на рабоце…

З цягам часу на любой рабоце чалавек пачынае адчуваць фізічнае і нервова-псіхічнае напружанне. Для прафесіі настаўніка характэрна напружанасць, якая выклікаецца вялікай колькасцю сацыяльных кантактаў, павышанай адказнасцю і іншымі прычынамі.

За гады існавання нашай школы склалася пэўная сістэма работы па прафілактыцы прафесійнага выгарання настаўнікаў. Неабходна адзначыць, што асноўная частка педагогаў школы — гэта ўжо вопытныя настаўнікі, якія маюць за плячамі гады напружанай работы і вялікі педагагічны багаж. Аднак, як паказваюць сучасныя даследаванні, узроставая мяжа ўзнікнення прафесійнага выгарання пачынае зніжацца. Таму, арганізоўваючы работу па прафілактыцы выгарання, неабходна ўлічваць усе ўзроставыя катэгорыі настаўнікаў.
Сіндром прафесійнага выгарання — гэта негатыўная рэакцыя чалавека на стрэс, які ён атрымлівае на рабоце. Калі гавораць аб псіхалагічных цяжкасцях, то маюць на ўвазе перш за ўсё неабходнасць быць заўсёды ў форме, адсутнасць эмацыянальнай разрадкі, вялікую колькасць эмацыянальных кантактаў на працягу рабочага дня. Магчымымі праяўленнямі напружання будуць: павышаная раздражняльнасць, мышачнае напружанне, частае дыханне, павышаная стамляльнасць, павелічэнне колькасці скаргаў на здароўе, памяншэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне самаацэнкі.
Я як педагог-псіхолаг пры арганізацыі сваёй работы па прафілактыцы прафесійнага выгарання педагогаў павінна абапірацца на вырашэнне менавіта гэтых праблем. Д.Грынберг прыводзіць парады, якія дапамогуць настаўніку справіцца са станам апусташэння і вярнуцца да эфектыўных узаемаадносін з навакольнымі. Ён прапаноўвае зрабіць наступнае:
1. Складзіце спіс аб’ектыўных прычын, якія пабуджаюць вас да работы. Вызначце матывацыю, каштоўнасць і значэнне работы для вас.
2. Пералічыце тое, чым вам падабаецца займацца на рабоце. Успомніце, калі вы займаліся гэтымі справамі апошні раз.
3. Рэгулярна сустракайцеся з сябрамі і калегамі — гэта ваша група падтрымкі.
4. Пачніце клапаціцца пра сваё фізічнае здароўе: рабіце зарадку, правільна харчуйцеся, пазбаўцеся дрэнных звычак.
5. Пачніце клапаціцца пра псіхічнае здароўе: карыстайцеся трэнінгамі для рэлаксацыі.
6. Зрабіце хоць раз на дзень што-небудзь легкадумнае: пакатайцеся на арэлях, паскачыце праз скакалку, папускайце мыльныя бурбалкі.
Для прафілактыкі прафесійнага выгарання педагогаў можна арганізоўваць сумесныя выхады ў тэатр, музей, кафэ, на прыроду. Можна выкарыстаць маральнае стымуляванне: ганаровыя граматы, пераходзячы кубак, футболку лідара, узнагароду фірменным кубкам.
З мэтай прафілактыкі прафесійнага выгарання педагогаў нашай школы праводзяцца дні здароўя, кросы, спартыўныя спаборніцтвы, на якіх настаўнікі могуць зняць фізічнае і псіхічнае напружанне, пераключыць увагу з цяжкасцей і праблем на рабоце.
Праводзяцца разнастайныя трэнінгі, накіраваныя на зніжэнне эмацыянальнага напружання, падтрыманне адэкватнай самаацэнкі, пабудову пазітыўнай Я-канцэпцыі і самапрыняцця ў прафесіі, пабуджэнне да працэсу пастаяннага прафесійнага самаўдасканалення, падтрыманне добразычлівага псіхалагічнага клімату ў калектыве. У школе арганізаваны гасцёўні, на якіх настаўнікі могуць падзяліцца сваімі цяжкасцямі і парадавацца дасягненням калег.
У нашай школе добра арганізавана метадычная работа. На адным з пасяджэнняў метадычнага савета разглядалася пытанне “Да якасці адукацыі — праз творчасць педагогаў і ўдасканаленне прафесійнага майстэрства”. Вынікам гэтага пасяджэння стала распрацоўка рэкамендацый для прафілактыкі прафесійнага выгарання настаўнікаў нашай школы.
Работа па прафілактыцы прафесійнага выгарання настаўнікаў павінна быць прыярытэтным кірункам работы педагога-псіхолага з педагагічнымі кадрамі. Гэта дазволіць не толькі палепшыць якасць работы, але і зняць псіхалагічнае напружанне, тым самым палепшыць узаемаадносіны з навакольнымі, павысіць цягу да самапазнання і самаўдасканалення настаўніка як прафесіянала.

Ганна КАВАЛЬЧУК,
педагог-псіхолаг Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.