Са Святланай Георгіеўнай Яфімавай мы сустрэліся ў гарачы для яе як настаўніка музыкі і кіраўніка факультатыву “Спадчына” гімназіі № 18 Мінска час. Заканчваецца навучальны год: справаздачныя канцэрты, лінейкі, дакументацыя. З размовы са Святланай становіцца зразумела, што напоўненай, канцэнтраванай, дынамічнай яе прафесійная і асабістая прастора з’яўляецца заўсёды. Святлана Яфімава ўсё робіць з душой, але самай-самай любімай справай лічыць выкананне фальклорных твораў у аўтэнтычнай, нават архаічнай манеры, якой здольны і навучаны спяваць нямногія.
Святлана Георгіеўна лічыць вельмі важным для кожнага чалавека любоў і адданасць фальклору ўласнага народа, што дапамагае дарослым і дзецям спасцігаць прывабнасць, багацце, духоўнасць беларускай фальклорнай культуры. У нашай госці ёсць і педагагічнае крэда: “Каб прыгожыя думккі мелі, каб прыгожыя песні пелі”.
Канечне, я не ўтрымалася і папрасіла Святлану Георгіеўну спець у гэтым асаблівым народным стылі, які яна любіць і цэніць, каб адразу адчуць і зразумець яркасць захаплення нашай гераіні. Моцны і прыгожы голас, натхнёны твар Святланы зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Пашчасціла пачуць дзве песні — “Кругом сонца ходзя” і “Ой рана на Йвана”.
— Як складвалася ваша творчае жыццё ў “Госціцы”?
— З калектывам выступалі на канцэртах па тэлебачанні, у Купалаўскім тэатры сталіцы спявалі ў спектаклі “Сны аб Беларусі”, прынялі ўдзел у здымках фільма рэжысёра Уладзіміра Шавялевіча “Сялянскага роду няма пераводу”, у здымках фільма Ларысы Кабернік “Някраса”. З Ларысай Іванаўнай Семаковіч у калектыве паставілі спектакль “Русалачын панядзелак”.
— Чаму менавіта так назвалі фальклорны спектакль? Незвычайная назва для народнага стылю!
— Так, вы правільна адчулі, што спектакль спалучаў у сабе архаіку і мадэрн.
— Каго вы ігралі ў гэтым незвычайным спектаклі?
— Русалку. Цікавая і прыемная роля. Спектакль “Русалачын панядзелак” філасофскі, пра сэнс жыцця. Песні і касцюмы там ашаламляльныя. Ільняное адзенне нам шыла Ірына Мазюк. Дарэчы, песні я вам сёння спявала менавіта з гэтага спектакля. “Госціцы” з 2003 года ўжо няма. Але па-ранейшаму супрацоўнічаю з Ларысай Семаковіч. Ларыса Іванаўна запрашае, а я заўсёды адгукаюся на просьбы вывучыць і выканаць яе новы кампазітарскі твор. Напрыклад, “Апокрыф”, “Сымон-музыка”.
— Зараз вы шмат працуеце з дзецьмі не толькі як настаўнік, але і як кіраўнік факультатыву з фальклорнай тэматыкай. Якімі падзеямі напоўнены гэты напрамак вашага жыцця?
— Цалкам натуральна, што хочацца дзяліцца тым, што сам вельмі любіш рабіць, набытым творчым вопытам, ведамі пра народную культуру беларускага народа. Лічу неабходным развіваць асобу дзіцяці ў гэтым напрамку. Бацькі дзяцей, якія захоплены музыкай і маюць да гэтага здольнасці, часцей хочуць, каб тыя станавіліся эстраднымі зоркамі, чым спявалі ў народнай манеры. Часам можна чуць такія просьбы: не псуйце спяванне нашага дзіцяці архаічнай манерай. Такія апасенні дарэмныя, бо новая для дзіцяці манера толькі ўзбагаціць яго, разаўе музычны кругагляд, чалавечнасць ад набліжэння да сваіх музычных каранёў, а не сапсуе.
У дзяцей ад дачынення да фальклорнага паэтычнага і музычнага матэрыялу паляпшаецца настрой, узбагачаецца жыццёвы вопыт, актыўны слоўнік. Дачыненне да мінулага, жыцця народа робіць дзетак мудрэйшымі, вучыць сапраўдным каштоўнасцям. Дзеці разумеюць, што ў сялян для кожнай пары года былі свае песні і свае справы, для кожнага свята або падзеі таксама сваё музычнае суправаджэнне, гульні і абрады. Яны ведаюць, што ў розных мясцовасцях спяваюць адны і тыя ж песні па-рознаму, што багацце музычна-паэтычнае перадаецца з вуснаў у вусны з дабаўленнямі кожнага, хто перадае, чагосьці ад сябе. Менавіта таму існуе такая шматварыянтнасць тэкстаў і мелодый. Я таксама стараюся прытрымлівацца спосабу перадачы з вуснаў у вусны. Тэксты і мелодыі дзеці запамінаюць з майго голасу. Так, як патрабуе традыцыя. Факультатыў “Спадчына” наведваюць вучні малодшых класаў, для іх такі спосаб абмежаваны яшчэ і па ўзросце. Пасля заняткаў дзеці і больш дружнымі становяцца. Цікавасць дзяцей да фальклору і бацькоў схіляе да гэтай тэмы. Мамы і таты ўдзельнічаюць у фальклорных святах разам з дзецьмі. Напрыклад, Масленіцу святкавалі ў гімназіі ў выхадны дзень. І дзецям, і дарослым запомнілася пудзіла Масленіцы, як прывязвалі да яго стужачкі са словамі: “Дай, Божа, што мне гожа, а што не гожа — забяры”, як хадзілі з пудзілам вакол гімназіі тры разы, потым елі ўсёй дзіцяча-дарослай камандай бліны са смятанай, ікрой, мёдам, грыбамі ў гімназічнай сталовай.
Перад тым як прыйсці ў гімназію № 18, я працавала ў сярэдняй школе № 3. Там 10 гадоў кіравала ансамблем “Гарлачыкі”. Мы сталі лаўрэатамі 1-й прэміі Рэспубліканскага конкурсу “Берагіня”, у Рэспубліканскім конкурсе-аглядзе “Веснавы танок” у “Зубраняці” занялі 3 месца. Прыемна, што фальклорны напрамак работы школа захавала і пасля майго пераходу ў гімназію № 18. За гэта вялікая ўдзячнасць Галіне Аляксееўне Надольскай.
— Ці знаходзіце падтрымку ў гімназіі сваёй справе па душы? Такія маштабныя мерапрыемствы, як Масленіца, напрыклад, аднаму цяжка правесці…
— Канечне, падтрымка з боку гімназіі ёсць. Я ўдзячна за яе дырэктару гімназіі Аксане Юр’еўне Мігас, намесніку дырэктара Святлане Сяргееўне Трубчанінавай, Але Аляксандраўне Венскай, Аксане Міхайлаўне Рашатняк. Гэтыя людзі трацяць свой час, душэўныя сілы на стварэнне ўмоў у нашай гімназіі для падтрымання цікавасці дзяцей і бацькоў да фальклору беларускага народа. Калі трэба, то дапамагаюць і з вырабам рэквізіту для абрадаў і гульняў, са стварэннем касцюмаў.
— Я зразумела, што архаічная манера гарлавога аўтэнтычнага неапрацаванага спявання складаная і спецыфічная. Як жа навучыць дзяцей таму, што можа аказацца цяжкім нават для дарослых?
— Вучымся памаленьку. Дапамагае цікавасць дзяцей, якую падтрымліваю пастаянна. Расказваю, што наша беларуская мова другая пасля італьянскай па мілагучнасці, што яна нават у гартані глыбей нараджаецца, чым руская мова. Вобразна тлумачу дзецям, што гартань — гэта каромысел і труба. Трэніруем мышцы гартані, практыкуем бурдонавыя спевы (цягнем доўга адзін гук як труба). Развіваць дзіцячую цікавасць да фальклору дапамагаюць гульні. Вельмі падабаецца маім дзецям веснавая гульня “Явар”, другая яе назва “Мост”. Два чалавекі, узяўшы за рукі адно аднаго, робяць мост, пад якім ланцужком праходзяць астатнія дзеці. Тыя, хто паказвае мост, гавораць наступныя словы:
Явар, яваровы, людзі, што вы тут рабілі?
Мы рабілі моста на пана староста.
Цешычкамі адпраўлялі, аднаго нам пакідалі.
Перша капуста, друга — распуста.
Перша — малявана, друга — затрымана.
Як толькі сказалі “затрымана”, так і рукі вядучыя апускаюць. Хто з ланцужку дзяцей у гэты час апынуўся пад мостам, той і злоўлены. Злоўленыя становяцца новымі “бярвенцамі” (цешачкамі) моста. Зноў гаворацца словы гульні — зноў ловяцца новыя цешачкі. Так мост расце і расце да апошніх дзяцей, якія засталіся незатрыманымі. Той, хто даўжэй за ўсіх пратрымаўся, не стаўшы мостам, і выйграў. У нас ёсць свае поспехі, нягледзячы на тое, што ўдзельнікі факультатыву — вучні пачатковай школы. Удзельнічаем ва ўсіх беларускіх конкурсах па нашай тэме. Трэцякласнік Аляксей Цавялюк перамог у конкурсе “Купаляняты”, які арганізаваў музей Я.Купалы. Лёша прадставіў сваю казку “Алесь-музыка”. З Аляксеем мы ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню”, дзе занялі 1 месца з тэмай “Роля традыцыйных інструментаў у беларускіх народных і аўтарскіх казках”.
— Вы як спецыяліст у галіне фальклору, якія маглі б рэкамендаваць пляцоўкі, дзе можна было б паслухаць і паглядзець народнае фальклорнае мастацтва?
— Я люблю сваю Радзіму: і песні, і ежу нашу, таму, што шмат у якіх краінах блізкага і далёкага замежжа пабывала. Канечне, хацела б гэтую любоў іншым перадаваць. Шлях праз беларускі фальклор надзейны і кароткі. Самае выдатнае — ехаць слухаць да носьбітаў народнай культуры — вясковых бабуль і дзядуляў, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць. Добра слухаць народную музыку ў выкананні гуртоў “Гуда”, “Ветах”, “Верас”, “Раме”. Глядзіце канал “Беларусь 3”. У фондах радыё ёсць запісы. З мэтай далучэння да фальклору і ў музеі можна паехаць: Строчыцы, Вязынку, Ракаў, музей беларускіх народных інструментаў “Заслаўе”.
— Традыцыйнае заключнае пытанне пра творчыя планы.
— Збіраюся вывучыць разам з дзецьмі абрад “Вялікдзень”, працягнуць прывіваць любоў да народнага мастацтва, сваёй краіны, фарміраваць каштоўнасныя жыццёвыя арыенціры. А зараз радуюся таму, што мае дзеці сталі паважлівей адносіцца да хлеба, сталі дружнейшымі, і да мяне на факультатыў конкурс большы, чым на факультатыў па англійскай мове.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.